Напярэдадні Дня маці мы звярнуліся ў сацыяльна-педагагічны цэнтр і прапанавалі дзецям напісаць пасланні сваім мамам. З дванаццаці выхаванцаў нашу ідэю падтрымалі шэсць дзетак. Тое, што ў іх атрымалася, кранае да глыбіні душы… Дзеці не ставілі перад сабой мэты расчуліць чытача, яны проста пісалі сваім мамам лісты. Прапануем вам вытрымкі з іх.

Мацвей М.:
«Прывітанне, мама! Мне вельмі шкада, што мы з табой не бачыліся ўжо цэлыя два гады. Я не ведаю, успамінаеш ты мяне ці не. У любым выпадку я ўдзячны табе за тое, што ты падарыла мне жыццё. Жадаю табе здароўя, шчасця. Вельмі хачу, каб ты ўспомніла, што ў цябе ёсць сын».
Лера Г.:
«Вітаю, мая дарагая мамачка! Я цябе так моцна люблю! Вельмі сумую па табе і чакаю, калі ты мне пазваніш. Я не хачу, каб ты піла… Будзь заўсёды здаровай і хутчэй мяне забяры. Твая дачка».
Каця М.:
«Прывітанне, дарагая матуля! Пішу табе з прытулка. Мне вельмі хочацца хутчэй вярнуцца дамоў, зноў раніцай пачуць ласкавы голас, які будзіць у школу. Твой голас, мама. Прабач, калі прымусіла расчаравацца ўва мне. Прабач за слёзы, якія ты пралівала ў тыя бяссонныя ночы. Я люблю цябе, сумую…»
Маша К.:
«Мая мілая мамачка! Я вырашыла напісаць табе пісьмо, таму што я цябе вельмі моцна люблю і ты мне даражэйшая за ўсіх на свеце. Сёння я ўзгадала шчаслівыя моманты майго дзяцінства. Ты вучыла мяне размаўляць, дапамагала рабіць першыя няўпэўненыя крокі, тлумачыла літары і лічбы… Я жадаю табе, мая мілая мамачка, хутчэй справіцца з усімі праблемамі і забраць нас дадому. Віншую цябе з цудоўным святам — Днём маці. Жадаю табе моцнага здароўя і цярпення, заставайся такой жа прыгожай і ласкавай мамай. Твая дачушка».
Коля Ш.:
«Мама — гэта добры, смелы і адказны чалавек, які любіць і ахоўвае сваё дзіця, а яшчэ ніколі не дасць яго ў крыўду. Жадаю, каб усе мамы былі моцнымі».
Каця К.:
«Добры дзень, дарагая мамуля. Я ў прытулку, і тут вельмі добра, але мне хочацца дамоў… Я віншую цябе са святам маці. Ты ў мяне лепшая на свеце, ты мяне нарадзіла, ты мяне выхоўваеш. Я памятаю, як ты расказвала, што калі была цяжарная і насіла мяне пад сэрцам, то табе часта хацелася кавы. І вось у свае адзінаццаць гадоў я таксама вельмі люблю каву, хаця і рэдка яе п’ю. Я ведаю, што ты любіш, калі мы звяртаемся да цябе па дапамогу ў выкананні хатніх заданняў. А яшчэ я рада, што ў цябе такія залатыя рукі! Твая дачка».
Дзіцячыя пісьмы чытала Юлія Янушка. Фота аўтара