Понедельник, 7 сентября 2026

Я мужык-беларус

759

Верш Янкі Купалы, які, напэўна, ведае кожны з нас. Хацелася б паразважаць над тым, які сэнс у гэты выраз укладаў паэт і што змянілася з таго часу, як быў напісаны лірычны твор.

Зараз часта гаворыцца аб тым, што галоўным багаццем Беларусі з’яўляецца чалавек, са сваімі патрэбамі, характарам, запытамі да жыцця. І галоўнае тое, што няма раздзялення паміж вёскай і горадам, усе роўныя, карыстаюцца ў поўнай меры ўсімі выгодамі, адным словам, людзьмі завуцца. І гэта самае галоўнае, бо ты адчуваеш сябе абароненым, патрэбным, табе дапамогуць у складанай сітуацыі. Дзяржава для чалавека, а не наадварот. Але ў разрэзе саміх людзей не ўсё так гладка, бо неаднойчы даводзілася сустракацца з нейкай пагардай да сельскіх працаўнікоў, якіх называлі і «сялом», і «балотам», і «мужыкамі». А яшчэ трэба падумаць, ці так ужо дрэнна быць тым самым мужыком, ці, можа, звацца так — за гонар?

Калі звернемся зноў да ўзгаданага верша (напісаны ў 1925 годзе), то бачым, як цяжка жылося простаму беларусу ў дарэвалюцыйны час, як яму хацелася быць чалавекам, каб з ім лічыліся, удыхнуць свежага паветра свабоды. А на самай справе, і тады, і на сённяшні дзень хлеб мы ядзім, дзякуючы старанням гэтага ж самага мужыка, яго натруджаным рукам, якія не маюць спакою ні зімой, ні летам. Але ж то былі гады прыгнёту, калі людзі ў большасці сваёй лічыліся за быдла, якое слова свайго не мела, не павінна галаву падымаць ад зямлі, быць удзячным, што існуе на гэтым свеце.

На дадзены момант сітуацыя, канечне, памянялася карэнным чынам. Дзяржава клапоціцца пра кожнага і ўсіх. Жыві, мужык, і радуйся кожнаму дню, цёпламу сонейку, дружным усходам на палетках. І ўсё роўна ж некаму хочацца правесці дзяленне паміж людзьмі. Ну, хто ты такі? Капаешся там у зямлі, як чарвяк, а то рукі ў мазуце, рабочае адзенне не першай свежасці, пра што з табой можна пагаварыць?

Ніколі не трэба меркаваць пра чалавека па знешнасці. У большасці на вёсцы жывуць людзі вельмі гасцінныя, з адкрытай душой, а галоўнае — вельмі працавітыя, проста злыя да любой работы, часам аж жылы выцягваюць, каб усім нам жылося добра, мелі што паесці і чым запіць.

Трэба кожны дзень гаварыць мужыку «дзякуй», што ад раніцы да вечара шчыруе ў полі, на ферме, круціць гайкі, матае кіламетры дарог. Так, ён не ходзіць кожны дзень у белай кашулі, затое душа ў яго чыстая. А ўявіць, што не стала мужыка на свеце? Што рабіць будзем? Чым парадуюць нас прылаўкі магазінаў? І гэта ж не пустыя словы, хаця ніколькі не хочацца пакрыўдзіць астатніх шчырых працаўнікоў нашай краіны, хто таксама робіць усё дзеля дабрабыту сваіх суайчыннікаў.

Што яшчэ дадаць? У большасці выпадкаў коса глядзяць у бок вёскі, губляюць прытомнасць ад пахаў на малочнатаварных комплексах, баючыся запэцкаць свае наваксаваныя боты, тыя, хто проста не лічыць патрэбным цаніць працу іншых. Толькі чэрствы і бяздушны чалавек будзе ставіць сябе вышэй за астатніх і патрабаваць сабе ўсё самае лепшае для жыцця. А ты нарадзіўся на сяле, то і сядзі там, носа не паказвай!

Як адказ такім снобам — наш мужык не дурны, а кемлівы, адукаваны чалавек, які з’яўляецца сапраўдным прыкладам адданасці сваёй краіне, жадання гарой стаяць за яе інтарэсы, веры ў людзей, з якімі разам з гонарам завецца беларусам. Ён ніколі не падвядзе, гэта як сцяна, за якой спакойна ўсім і праз якую злу не прабіцца. І ўжо зусім не здзіўляе, што пры неабходнасці і вялікім жаданні сельскі працаўнік адолее любую навуку, зможа займаць нават кіруючыя пасады і ад пяцідзённага рабочага тыдня не адмовіцца. А наадварот? Ой, бярэ вялікае сумненне, што такое магчыма, калі ты людзей за людзей не лічыш, нос адварочваеш ад сельскага працаўніка, бачыш у ім цягла, якое павінна клапаціцца аб тваім дабрабыце. А на зямлі трэба ж працаваць да сёмага поту, а не языком мянташыць, ад таго хлеб не вырасце і булкі не спякуцца.

І яшчэ адно… Усё нядобрае, зробленае другому, пагарда да бліжняга абавязкова па жыцці вяртаецца бумерангам. Гэта няпісаны закон такі, які карае, паказваючы астатнім, што кожны ў гэты свет прыходзіць роўным і мае права на гонар і годнасць, што і прапісана ў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. А гэта ўжо Закон для ўсіх!

Для чаго ўсё напісанае? Каб стала зразумела, што нам, беларусам, трэба жыць дружна, як казаў у мультфільме кот Леапольд, у кожным бачыць чалавека, а не істоту. Імкнуцца да таго, каб сумленне было чыстае. Інакш нельга, бо згубіш чалавечае аблічча. І кім будзеш пасля гэтага? Думаем, на тое і галава на плячах.

Вадзім Раўнейка