Понедельник, 2 октября 2023

Яўгенія Матуліс з Лінова прымала віншаванні са 100-гадовым юбілеем! (+многа фота)

201

Чалавек, які жыве побач з чыгуначнай станцыяй, напэўна, у многім падпарадкоўваецца рытмам чыгункі. Амаль кругласутачны грукат вагонных колаў па рэйках, свісткі цягнікоў, пастаянная гамонка пасажыраў… За шмат гадоў Яўгенія Аляксандраўна Матуліс з аграгарадка Лінова не проста прывыкла да падобнага руху: яе дом стаіць зусім побач са станцыяй Аранчыцы. Жанчына заўсёды сама была ўпэўнена, што рух — гэта і ёсць жыццё.

Яна нарадзілася ў 1923 годзе ў простай сялянскай сям‘і, дзе было сямёра дзяцей. Вельмі рана памерла маці, і дзецям даводзілася дапамагаць бацьку. Працавітасць з самага маленства і лягла ў аснову характару Яўгеніі Аляксандраўны. Яна шчыравала ў прадзільным цэху раённага камбіната бытавога абслугоўвання, разам з мужам гадавала трох дзяцей, як кожная вясковая жанчына, трымала ўласную гаспадарку… Працавала дзеля дабрабыту ўласнай сям’і, роднага Лінова, нашай дзяржавы. «Мама яшчэ зусім нядаўна дапамагала мне займацца агародам: зусім не ўмее без працы сядзець», — кажа дачка Святлана.

Незаўважна вылецелі з-пад бацькоўскага крыла дзеці, такія ж працавітыя і адказныя, пяць унукаў падраслі, гадуюцца васьмёра праўнукаў. На жаль, у 2010-м пайшоў з жыцця муж, з якім пражылі ў павазе і згодзе 63 гады. А час усё ляцеў наперад, як цягнік па рэйках, пакуль незаўважна не выйшаў на круглую дату — 100 гадоў.

Павіншаваць Яўгенію Матуліс з гэтай значнай падзеяй на мінулым тыдні прыехала нямала народу, нават картэж машын сабраўся каля веснічак яе дома. Як падкрэсліла старшыня Ліноўскага сельвыканкама Таццяна Мардань, нядаўна аграгарадок адзначыў сваё 555-годдзе. Атрымліваецца, што амаль пятую частку гэтага часу пражыла тут Яўгенія Аляксандраўна! А старшыня раённага савета ветэранаў Уладзімір Яцкевіч адзначыў, што старасць, на жаль, даецца не кожнаму чалавеку, сама па сабе яна — Божая міласць. А ўжо такі значны юбілей наогул становіцца падарункам лёсу. Дарэчы, на Пружаншчыне гэта трэцяя жыхарка, якая сёлета святкавала сваё 100-годдзе.

Цёплыя словы ў адрас доўгажыхаркі прагучалі ад старшыні раённай арганізацыі ГА «Беларускі саюз жанчын» Наталлі Чарэшка, піянераў Ліноўскай СШ, прадстаўнікоў тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Юбілярцы зычылі моцнага здароўя і бадзёрасці, добрага настрою. Ёй былі ўручаны падарункі ад сельвыканкама і раённых арганізацый грамадскіх аб‘яднанняў «Беларускі саюз жанчын», «Беларускі фонд міру».

Артысты Ліноўскага СДК падарылі свае музычныя віншаванні. А выконваючы абавязкі начальніка аддзела па грамадзянстве і міграцыі Пружанскага РАУС Вячаслаў Міхайлаў падкрэсліў, што жыццё юбіляркі цяпер працягнецца з наступнай кропкі адліку, і ўручыў Яўгеніі Аляксандраўне новы пашпарт.

Ірына Сядова. Фота Кацярыны Масік

Фотаальбом глядзіце тут: https://ok.ru/budni/album/966206179976