Пятница, 23 мая 2025

Хвароба свіней — нагода для сельскага сходу!

1 423

Асабістую падсобную гаспадарку традыцыйна трымае большасць сельскіх жыхароў. І калі свойскіх кароў становіцца ў вёсках менш, то без свіней многія свае падворкі нават не ўяўляюць. Але, на жаль, і тут здараюцца свае праблемы. У сувязі з небяспекай хвароб свіней, напрыклад, забаронена трымаць гэтых жывёл у двухкіламетровай зоне вакол свінагадоўчых комплексаў.

5538e6701f0e2

Нядаўна сутыкнуліся  з перашкодамі і жыхары вёскі Стараволя. Справа ў тым, што ў гэтым населеным пункце на некалькіх падворках былі зарэгістраваны выпадкі гібелі свіней.

Вядома, гэта не магло не насцярожыць ветэрынарную службу і  кіраўніцтва раёна. Былі прыняты ўсе  меры, каб максімальна лакалізаваць ачаг захворвання. У прыватнасці, спецыялісты райветстанцыі сумесна з іншымі службовымі асобамі правялі па-дворныя абходы. Жыхарам рэкамендавалі правесці забой наяўнага дарослага пагалоўя свіней і выконваць прафілактычныя меры.

Цяпер сітуацыя ў Стараволі стабілізавалася і знаходзіцца, як кажуць, пад кантролем. Выпадкаў гібелі жывёлы больш не фіксуецца.

 На мінулым тыдні менавіта гэтаму пытанню быў прысвечаны сельскі сход, у якім прынялі ўдзел старшыня раённага Савета дэпутатаў М.В.Сцепанюк, начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама А.Х.Лапыка, галоўны ветэрынарны ўрач раёна А.С.Якімчук, старшыня Вялікасельскага сельвыканкама Т.М.Навіцкая.

Як адзначыў А.С.Якімчук, калі б ветэрынарнай службе не ўдалося знайсці паразумення з уладальнікамі жывёлы, то сітуацыя магла выйсці з-пад кантролю. У такім выпадку ў вёсцы давялося б уводзіць каранцін. А ён прадугледжвае  ліквідацыю ўсяго пагалоўя свіней, якое на працягу паўгода нельга было б адраджаць. Забарона накладвалася б на вываз і ўвоз з населенага пункта ўсёй жывёлагадоўчай прадукцыі.

 Выпадак у Стараволі — зусім не дробязь: у раёне знаходзяцца два буйныя свінагадоўчыя комплексы і рызыка занясення сюды небяспечных інфекцый існуе. Тым больш, што на тэрыторыі раёна адзначаюцца выпадкі гібелі дзікоў у прыродзе. Ачагі захворвання афрыканскай чумой свіней зафіксаваны ў нашых суседзяў: Польшчы, Украіне, Расіі.

Што датычыцца прычыны гібелі  старавольскіх свіней, то цяпер праводзіцца дакладная лабараторная дыягностыка, а гэта — справа некалькіх месяцаў.

Прадстаўнікі ўлады, якія выступалі на сходзе, яшчэ раз заклікалі прысутных выконваць меры перасцярогі, каб не дапусціць далейшага распаўсюджвання захворвання. У прыватнасці, вяскоўцам трэба ўстрымацца ад набыцця парасят да вясны, не ўтойваць выпадкаў гібелі свіней на падворках, не выкідваць тушы загінуўшых жывёлін у лес. Нагадалі, што  не варта карміць свіней кукурузай, сабранай на палетках, асцярожней быць з наведваннем лясоў і, наогул, заходзіць у свінарнік у спецыяльным  абутку.

Пытанняў у жыхароў Стараволі было нямала: напрыклад, куды  збыць бульбу, якая прызначалася для кармлення жывёлы. Таксама яны звярнуліся з просьбай дапамагчы правесці прафілактычную вакцынацыю свінога пагалоўя супраць хваробы Ташэна і класічнай чумы.

 Думаю, што дыялог паміж прадстаўнікамі ўлады і насельніцтвам Стараволі атрымаўся. Такое мерапрыемства пойдзе на карысць усім.

Мікола АРХУЦІК

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *