Вторник, 18 февраля 2025

Хвалюючыя пытанні і актуальныя праблемы ўзнімаліся на сустрэчы кіраўніцтва Пружанскага раёна з ветэранамі вайны ў Афганістане

367

Напярэдадні Дня памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў адбылася сустрэча кіраўніцтва раёна з ветэранамі вайны ў Афганістане.

Удзел у сустрэчы прынялі старшыня райвыканкама Міхаіл Грышкевіч, намеснік старшыні Руслан Супрыновіч, ваенны камісар Пружанскага раёна Кірыл Шаўчэнка, іншыя адказныя асобы.

Як паведаміў ва ўступным слове старшыня савета раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання «Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане» Валерый Гарахавіцкі, на сустрэчу прыйшлі 30 чалавек воінаў-інтэрнацыяналістаў. Валерый Мікалаевіч падзякаваў старшыні райвыканкама за вырашэнне амаль усіх праблем, якія ўздымаліся на мінулай сустрэчы ў 2023 годзе.

— Дакладна ўсё вырашана? — перапытаў Міхаіл Міхайлавіч. — Ці ёсць пытанні, якія патрабуюць паўторнай увагі?

— Самыя хвалюючыя вырашаны, — адказаў Валерый Гарахавіцкі. — Але ўзніклі новыя, зараз мы іх і агучым.

Большасць пытанняў было накіравана медыкам. Казалі пра агульныя чэргі на прыём да ўрачоў (асабліва гэта тычылася праходжання абавязковай медыцынскай камісіі), інфармаванне аб тым, што прышоў час праходзіць медкамісію, магчымасць трапіць на аздараўленне ў санаторыі, рэабілітацыйныя цэнтры…

Дарэчы, у нашым раёне ёсць выдатнейшая здраўніца — санаторый «Ружанскі», які аказвае вялікую колькасць рэабілітацыйных і аздараўленчых паслуг. У мінулым годзе ў веснавы перыяд зніжка для ветэранаў-інтэрнацыяналістаў складала 19%, а гэта не так і многа. Кіраўнік раёна ўзяў заўвагу на кантроль і дадаў, што ў «Ружанскім» ёсць неабходны пакет медыцынскіх паслуг і даступныя па кошце нумары. З тэрмінамі заезду і зніжкамі паабяцаў разабрацца. Было б добра, каб магчымасць аздаравіцца ў санаторыі была на працягу года.

Калі гутарка ідзе пра аздараўленне наогул, то можна і трэба звяртацца да галоўнага спецыяліста прадстаўніцтва Брэсцкага абласнога ўпраўлення Рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва Ірыны Несцярчук (прадстаўніцтва знаходзіцца ў будынку райвыканкама, кабінет № 423, тэл. 4-10-20). Што тычыцца чэргаў і абвестак пра неабходнасць прайсці камісію, то было дадзена даручэнне ўзяць вырашэнне гэтых пытанняў пад асабісты кантроль загадчыцы паліклінікі Вользе Барысюк.

Узнімаліся пытанні наконт якасці дарог на некаторых вуліцах горада, работы шлюза на рацэ Муха і інш. На шэраг іх ветэраны вайны ў Афганістане атрымалі адказы, некаторыя патрабуюць дэталёвага разбіральніцтва.

Міхаіл Грышкевіч расказаў прысутным аб тым, што зроблена ў раёне за апошні час, што намечана зрабіць (а гэта і стварэнне новых працоўных месцаў, і мадэрнізацыя вытворчасці, будаўніцтва аб’ектаў, стварэнне месцаў адпачынку). Спыніўся і на мерапрыемствах, якія запланаваны сёлета, адно з іх — правядзенне напачатку чэрвеня рэспубліканскага фестываля «Вытокі. Крок да Алімпу», які арганізуе Нацыянальны алімпійскі камітэт. Як адзначыў Міхаіл Міхайлавіч, на гэтае маштабнае і значнае мерапрыемства чакаецца шмат гасцей, таму падрыхтавацца да фестывалю трэба дастойна. Ужо хутка, дакладней — 25 лютага, пройдзе Адзіны дзень галасавання. Кіраўнік раёна заклікаў прыняць актыўны ўдзел у электаральнай кампаніі, аддаць свае галасы за дастойных кандыдатаў у дэпутаты.

Міхаіл Грышкевіч падзякаваў усім за ўдзел у сустрэчы, пажадаў моцнага здароўя і мірнага неба над галавой.

Віктар Ільюшчанка.

Фота Кацярыны Масік

Фотаальбомы з сустрэчы: https://vk.com/album-23306785_301320005 і https://ok.ru/budni/album/974576211592