Пятница, 14 февраля 2025

Хтосьці чакае лета, каб адпачыць. Але толькі не яны! Байцы студатрадаў ідуць… працаваць!

734

Хтосьці чакае лета, каб адпачыць. Але толькі не яны! Для байцоў студатрадаў самы цёплы сезон года – магчымасць удасканаліць прафесійныя веды, набыць новых сяброў, зарэкамендаваць сябе ў працоўных калектывах. Словам, правесці час з карысцю.

На здымку: гатовы адрамантаваць любы трактар навучэнцы каледжа Уладзіслаў Власко, Ягор Барташ, Дзяніс Касцюк, Максім Вадзяніцкі.

На тэрыторыі нашага раёна зараз працуе 7 студэнцкіх атрадаў. Як расказаў першы сакратар раённай арганізацыі БРСМ А.М.Бабігорац, у іх задзейнічана 72 чалавекі. Асноўны профіль студатраў у нашым раёне — сельскагаспадарчы.

Напрыканцы мая студатрад імя Л.М.Даватара пачаў работу ў ААТ «Жураўлінае». Шасцёра навучэнцаў аграрна-тэхнічнага каледжа дапамагаюць трактарыстам і вадзіцелям. Трэцякурснікі спецыяльнасці «Тэхнічнае забеспячэнне працэсаў сельскагаспадарчай вытворчасці» сумяшчаюць работу ў студатрадзе з праходжаннем вытворчай практыкі.У студэнцкім атрадзе ўсё як мае быць. Ёсць свой камандзір — Мікіта Янушэўскі. А вось камісарам працуе Максім Ва-дзяніцкі.

— Наша змена пачынаецца ў сем гадзін раніцы, а заканчваецца ў 17.00, — расказвае Максім. – Пад наглядам прафесіяналаў рамантуем тэхніку, а таксама працуем на адвозцы арганікі і кармоў. Тут жа, у гаспадарцы, нас кормяць. Прапанавалі і жыллё на час працы ў студатрадзе. Матывуе тое, што тут я даведваюся шмат новага па сваёй спецыяльнасці. Ну і, вядома, па заканчэнні работы атрымаю грошы.

Далучаецца да размовы памочнік дырэктара А.А. Ашмянка. «Летась у нашай гаспадарцы, акрамя навучэнцаў каледжа, працавалі школьнікі. Усім, хто прыязджае, мы гатовы прапанаваць месца жыхарства. Жывуць у інтэрнаце ў Клепачах і некаторыя з сёлетніх байцоў студатрада. Лічу, што для моладзі студэнцкі атрад — выдатны занятак. Добра гэта і для патэнцыяльных працадаўцаў. Калі студэнт ці навучэнец таленавіты, чаму б у будучыні не ўзяць яго на работу?» — разважае Аляксандр Аляксандравіч.

Працаваць у «Жураўліным» студатрадаўцы будуць да сярэдзіны ліпеня.

Влад Шпарла, фота Кацярыны Масік