Воскресенье, 20 апреля 2025

Калонка галоўнага рэдактара. Хто ж падпісваўся пад «ПіС»?

178

Крыху больш за месяц прайшло з дня парламенцкіх выбараў у Польшчы. Большасць галасоў — 35,38% — набрала кіруючая партыя «Права і справядлівасць», якую ўзначальвае Яраслаў Качыньскі.

Што цікава, нягледзячы на ўмоўную перамогу, правячая партыя, якая ў руля дзяржавы вось ужо восем гадоў, зойме ў Сейме краіны меншасць дэпутацкіх месцаў — 194 з 460. Большую колькасць парламенцкіх крэслаў займае парламенцкая кааліцыя, у якую ўваходзяць партыя «Грамадзянская кааліцыя» на чале з экс-прэм’ерам і былым кіраўніком Еўракамісіі Дональдам Тускам — 30,70% галасоў і 157 мандатаў; аб’яднанне «Трэці шлях» — 14,40% і 65 мандатаў; партыя «Левыя» — 8,61% і 26 мандатаў. Сукупнасць вынікаў гэтых трох апазіцыйных сіл дазваляе ім атрымаць большасць у Сейме з 248 мандатамі.

У Сенаце партыя Качыньскага атрымала крыху больш за трэцюю частку галасоў — 35%, што не дае ёй магчымасці аказваць вырашальны ўплыў на прымаемыя верхняй палатай рашэнні. Апазіцыю там будуць прадстаўляць 66 кандыдатаў (са 100 сенатараў).

Таксама ў Нацыянальны сход (парламент складаецца з Сената і Сейма) праходзіць нацыяналістычная партыя «Канфедэрацыя» з вынікам 7,16% і 18 мандатамі. Лідары гэтай партыі ўжо заявілі, што не плануюць уступаць у якія-небудзь кааліцыі. Вось такі расклад.

Здавалася б, у лідара парламенцкай кааліцыі Дональда Туска крэсла Прэм’ер-міністра ўжо ў кішэні. Яно так і павінна было стаць, бо яго кандыдатуру кааліцыйная большасць вылучыла на гэты дзяржаўны пост. Але не тут тое было. Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда адмовіўся прымаць кандыдатуру Туска на пост старшыні ўрада. Даручыў фарміраваць урад былому прэм’еру краіны Матэвушу Маравецкаму. Нагадаю, што і Дуда, і Маравецкі з’яўляюцца членамі партыі «Права і справядлівасць», узначальваемую Качыньскім. Як бачна, рука руку мые. Навошта ж Дудзе нейкі Туск, тым больш, што кропак сутыкнення ў іх няма ніводнай?

За восем гадоў народ Польшчы так добра «наеўся» кіраваннем «ПіС», што ўжо не ўспрымае гэты ўрад ад слова «ніяк». Нягледзячы на гэта, Маравецкі спрабуе сфарміраваць урад, запрашае да сустрэчы так званых левакоў, якія прайшлі ў парламент, але тыя адмаўляюцца ісці на дыялог з «кульгавай вуткай», як называюць былога старшыню ўрада. Прапановы прызначанага Прэзідэнтам Прэм’ер-міністра дэпутаты называюць цыркам.

Пакуль Маравецкі вотум даверу ад парламентарыяў не атрымаў. Наўрад ці і атрымае. Калі на працягу некалькіх разоў не будзе сфарміраваны ўрад, то Прэзідэнт Дуда будзе вымушаны яго распусціць і прызначыць новую дату парламенцкіх выбараў. Калі такое адбудзецца, то не факт, што «ПіС» зноў набярэ большасць галасоў.

Пакуль жа ў самой Польшчы неспакойна. Перавозчыкі працягваюць блакаваць граніцу з Украінай. Да іх абяцаюць далучыцца фермеры.

Віктар Ільюшчанка