Среда, 13 ноября 2024

Хто з’еў мой тапак? Ветэрынарны ўрач Алена Астудзіна расказала пра шкодныя звычкі нашых гадаванцаў і тое, як з імі змагацца

328

Хатнія гадаванцы, як і людзі: кожны валодае сваім характарам, а на працягу жыцця браты нашы меншыя набываюць пэўныя звычкі. Некаторыя з іх бываюць, скажам так, не зусім даспадобы ўладальнікам жывёл, ды і самому гадаванцу могуць нанесці шкоду.

Чаму жывёлы пачынаюць «паказваць характар» і як з гэтым змагацца, расказвае пастаянны кансультант нашай старонкі ветэрынарны ўрач Пружанскай раённай ветстанцыі Алена Астудзіна.

— Алена Міраславаўна, спачатку пагаворым пра катоў. Што рабіць, калі пухнаты гадаванец праяўляе агрэсію ў адносінах да навакольных і нават да гаспадара?

— А нічога. Проста не чапаць. Каты — драпежнікі, іх немагчыма адвучыць ад праяў агрэсіі. Яны з лёгкасцю могуць затаіць крыўду і помсціць з-за вугла. Трэба проста навучыцца жыць з катамі, не правакуючы гэтую агрэсію.

Існуе прапісная ісціна: калі адносіцца да жывёлы з жорсткасцю, то яна абавязкова адкажа тым жа. Узровень інтэлектуальнага развіцця катоў знаходзіцца на ўзроўні пяцігадовага дзіцяці. Яны запамінаюць многія рэчы, асабліва інтанацыі чалавека. Ужо па іх жывёліна разумее, што зараз можа атрымаць венікам. Хтосьці імгненна «робіць ногі», а ёсць асобіны, якія пачынаюць абараняцца. Вось мы і атрымліваем агрэсію ў адказ.

Запомніце: агрэсія — гэта непрадуктыўны метад зносін з жывёлай.

— А як змагацца з жаданнем жывёлы падрапаць мэблю, шпалеры, зрабіць свае справы міма латка?

— Каты драпаюць прадметы мэблі ці шпалеры не проста так. Такім спосабам яны мецяць тэрыторыю.

Наколькі развіта пачуццё тэрытарыяльнасці ў канкрэтнай жывёліны, залежыць ад яе характару: некаторыя нават не паглядзяць у бок канапы, а іншыя не проста будуць драпаць, а яшчэ і ўпарта ігнараваць латок. Тут ужо трэба шукаць прычыну. Часцяком такім чынам гадаванец сігналізуе гаспадару пра свае праблемы.

Існуе тры прычыны, калі каты напаўняюць жыллё сваімі меткамі:

  • тэрытарыяльна побач знаходзіцца яшчэ адна жывёліна,
  • псіхалагічныя моманты,
  • хвароба.

Прывяду прыклад з маёй практыкі. Кот выдатна ведаў, што такое латок, але раптам пачаў хадзіць «міма». Гаспадары сцвярджалі, што нічога не памянялася. Але потым аказалася, што крэсла, на якім спаў кот, пераставілі з аднаго кута ў іншы. Вярнулі крэсла на месца — і кот пачаў зноў хадзіць у латок. Вось так бывае.

— А як выратаваць пакаёвыя расліны, якія жывёліна пачала актыўна аб’ядаць?

— Паўтаруся, што кот — гэта драпежнік, а ў драпежнікаў павышаная кіслотнасць страўнікавага соку, таму ім патрэбна «шчотачка» для стрававальнай сістэмы. Калі гадаванец пачынае жаваць пакаёвыя расліны, то ведайце, гэта не жаданне нашкодзіць, а неабходнасць. Яму проста неабходна пачысціць свой страўнік.

Калі ваш кот не мае доступу на вуліцу, то трэба высейваць для яго зялёную траўку, асабліва калі яго харчаванне — натуральны корм. Што да сухіх кармоў, то ў іх звычайна вытрымліваецца баланс клятчаткі і бялку.

— Алена Міраславаўна, а як справіцца з жывёлінай, калі яна ператварылася ў папрашайку і спрабуе актыўна ўдзельнічаць у трапезе гаспадароў?

— Кот робіць так таму, што яму гэта некалі дазволілі. Калі ён ведае, што, у прынцыпе, падобнае магчыма, ён і будзе прасіць. Жывёлы ўсё разумеюць і цудоўна гэтым карыстаюцца. Яны вельмі добрыя маніпулятары і маментальна прасякаюць, што ім можна, а што нельга.

— У сабак праблемы паводзін, напэўна, іншыя? Што рабіць, калі сабака, застаўшыся адзін дома, брэша, стварае беспарадак?

— Часцей за ўсё так паводзяць сябе не сацыялізаваныя сабакі, не падрыхтаваныя з пачатку жыцця заставацца дома ў адзіноце. Напрыклад, падабраныя на вуліцы: іх маці не навучыла патрэбным паводзінам. Такія жывёлы, калі трапляюць у нязвыклае для сябе асяроддзе, пачынаюць палохацца.

Прывучаць трэба паступова. Для сабакі дастаткова ў кватэры свайго кутка: правільна падабранай па памеры клеткі. Карыстацца клеткай — гэта нармальна. Але яна павінна выклікаць толькі станоўчыя эмоцыі. Там павінна быць ляжанка, цацкі, можна карміць у клетцы, каб шчанюк разумеў, што гэта — яго хатка. Сабаку не замыкаюць у клетцы, калі гаспадары дома, а толькі тады, калі гадаванец застанецца ў адзіноце.

Дастаткова часта бывае, што карыстаюцца клеткай і для пакарання, тады ў сабакі адбываецца дысананс, ён будзе брахаць або выць і ў клетцы, і без яе. Калі ж правільна прывучыць, то праблем не ўзнікае.

Яшчэ адна прычына, чаму сабака «разносіць кватэру», гэта тое, што ў яго шмат энергіі, яму сумна. Таму трэба ўлічваць асаблівасці пароды, якую вы бераце ў кватэру. Напрыклад, хаскі. Ім генетычна трэба шмат фізічнай актыўнасці. Не варта заводзіць хаскі, калі не зможаце надаваць гадаванцу дастаткова часу.

Наогул, сабака без фізічнай нагрузкі пачынае дурнець. Ёсць добры выраз у сабачнікаў: праклён любой пароды — гэта добра зняты фільм пра яе. Менавіта пасля фільмаў набывалі папулярнасць аўчаркі, сенбернары, акітаіну. Даведвацца пра пароду варта не з фільмаў або на форумах: звярніцеся да прафесіяналаў — заводчыкаў і ветэрынараў.

— Як выратаваць абутак ад маленькіх зубак шчанюка?

— Шчанюкі грызуць абутак таму, што ім сумна. Для іх гэта проста цацка, якую зручна грызці. Сабачку, як дзіцяці, трэба даць іншую цацку і зацікавіць ёй. А ў мэтах захавання абутку проста хаваць яго, каб спакусы не было, а потым гадаванцы перарастуць гэтую звычку.

— Алена Міраславаўна, як справіцца з сабакам, калі падчас прагулкі ён пачынае бегчы за веласіпедыстамі, брахаць на машыны?

— Падобнае паказвае нявыхаванасць гадаванца. Значыць, чалавек не займаўся са шчанюком. На жаль, такія сабакі часцей за ўсё трапляюць у бяду. Задача гаспадара — сацыялізаваць жывёлу: яна павінна спакойна ставіцца да навакольных, не праяўляць агрэсію, не баяцца. Сабака не павінен у прынцыпе хадзіць па вуліцы без павадка. Машына, веласіпедыст, бягун — ваш гадаванец не павінен рэагаваць на іх, максімум — праводзіць позіркам.

Гутарыла Вольга Вадзяновіч. Фота Кацярыны Масік і з архіва рэдакцыі