Воскресенье, 3 ноября 2024

Хто рыхтуе судовых экспертаў-крыміналістаў?

1 470

Мой сын вучыцца ў 11-м класе і марыць аб прафесіі судмедэксперта. Дзе навучаюць па такой спецыяльнасці? Ці можна атрымаць нейкае накіраванне?

Ірына, г.Пружаны

Па адказ мы звярнуліся ў Пружанскі міжраённы аддзел Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз.

Як паведамілі тут, каб стаць супрацоўнікам экспертнага ведамства, неабходна прайсці навучанне ў акадэміі Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь. Падрыхтоўкай судовых экспертаў-крыміналістаў займаецца следча-экспертны факультэт.

Залічэнне ажыццяўляецца на дзённую форму навучання за кошт сродкаў бюджэту на конкурснай аснове (сёлета прахадны бал складаў 260). Пры гэтым патэнцыяльным кандыдатам неабходна прайсці гутарку з начальнікам Пружанскага міжраённага аддзела і з даведкай-рэкамендацыяй да 15 красавіка 2022 года звярнуцца з заявай у аддзел унутраных спраў раённага выканаўчага камітэта па месцы жыхарства.

Прыгоднасць абітурыента па стане здароўя для паступлення ў Акадэмію МУС, вызначае ваенна-ўрачэбная камісія, якая праводзіцца двойчы (першы раз — па месцы жыхарства, другі — у акадэміі МУС перад залічэннем).

Інфармацыю, у тым ліку аб праве на льготы пры паступленні, можна знайсці на сайце УА «Акадэмія Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь» (www.amia.by) або атрымаць па тэлефонах у Мінску: (8-017) 289-23 -42, 289-22-72, 289-23-56, 289-21-31 (прыёмная камісія).

Свае пытанні можна задаць і кіраўніцтву Пружанскага міжраённага аддзела Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз Рэспублікі Беларусь па адрасе: г. Пружаны, вул. Савецкая, 36 (каб. 213) або па тэлефонах 9-49-44, 2-00-23.

Падрыхтавала Алена Зялевіч

Фота з сайта www.amia.by