Напрыканцы красавіка ў дысказале Палаца культуры прайшоў вясновы інтэлектуальны турнір «Мазгабойня». Удзел узялі шэсць каманд: «6 звілін», «Бліцкрыг», «Вясёлыя юніёры», «Саніны дзеці», «Грэмліны» і «Моцныя арэшкі». Яны прадстаўлялі ўсе школы горада і Цэнтр творчасці дзяцей і моладзі.
«Гэты турнір не толькі дапаможа добра правесці дзецям час, але і дасць магчымасць у нейкай ступені не расслабіцца, а наадварот напружыцца і прадэманстраваць свае веды», — адзначыла вядучая і арганізатар мерапрыемства Анастасія Ціхановіч, кіраўнік маладзёжнага клуба «Teens-фармат».
Гульня складалася з шасці тураў, у якіх былі прадстаўлены пытанні на абсалютна розную тэматыку. Барацьба, вядома, за прызавыя месцы была неабыякай. Некалькі каманд адставалі адна ад адной літаральна на паўбала. Вынік гульні такі: 1-е месца ў каманды «Вясёлыя юніёры» з гімназіі г. Пружаны, другое месца дасталася камандзе “Моцныя арэшкі» сярэдняй школы № 1, а 3 месца з невялікім адрывам заняла каманда «Грэмліны» сярэдняй школы № 3.
“Мы спадзяемся, што гэты турнір не стане апошнім. Плануем у далейшым правесці серыю восеньскіх гульняў”, — падзялілася Анастасія Ціхановіч.
Вольга Вадзяновіч, фота аўтара