Суббота, 14 декабря 2024

Хто лепшы кіраўнік?

765

Адказ на гэтае пытанне прагучаў падчас цырымоніі ўзнагароджання лідараў сельгасвытворчасці. Яна прайшла на мінулым тыдні, калі былі падведзены вынікі абласнога конкурсу ў галіне аграпрамысловасці «Лепшы кіраўнік» і вызначаны пераможцы, якія дасягнулі высокіх паказчыкаў эфектыўнасці сельгасвытворчасці, перапрацоўцы сельгас-прадукцыі і ў сферы абслугоўвання арганізацый АПК.

Урачыстае мерапрыемства арганізатары вырашылі правесці на Пружаншчыне, выбраўшы базай турыстычны комплекс «Мікалаеўскі» ў в. Мокрае ААТ «Жураўлінае». Але да пачатку афіцыйнай часткі гасцям была прапанавана разнастайная праграма візіту ў наш раён. І першым удзельнікаў урачыстасці прымала ААТ «Пружанскі малочны камбінат». Наведвальнікі азнаёміліся з вытворчасцю, прадукцыяй нашага прадпрыемства, даведаліся пра планы далейшага развіцця і сучасныя ўмовы працы калектыву пружанскай «малочкі». Пасля гэтага ў рамках святкавання Дня Перамогі госці паўдзельнічалі ў кароткім мітынгу каля помніка «Спаленым вёскам», дзе ўсклалі кветкі і вянкі. А потым культурную праграму ім прапанаваў музей-сядзіба «Пружанскі палацык».

Ушанаванне пераможцаў праводзілі член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь восьмага склікання, дырэктар ААТ «Жураўлінае» Аляксандр Пішч, кіраўнік спраў Брэсцкага аблвыканкама Дзмітрый Власік, старшыня Пружанскага райвыканкама Міхаіл Грышкевіч, яго першы намеснік Сяргей Глушко, а таксама старшыня абласнога камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў АПК Аляксандр Саланевіч, старшыня абласнога агра-прамысловага саюза Міхаіл Страпко і выканаўчы дырэктар гэтай арганізацыі Сяргей Ашмянцаў.

Усе яны павіншавалі ўдзельнікаў з заслужанымі перамогамі і пажадалі новых дасягненняў. У дадатак Міхаіл Грышкевіч зазначыў, што званне лепшага кіраўніка зараз можна заслужыць толькі ў тых выпадках, калі пашчасціла кіраваць лепшым калектывам. А той, у сваю чаргу, не ствараецца самастойна, а патрабуе нямала кіраўніцкіх намаганняў для таго, каб ператварыўся ў зладжаную каманду, якая ніколі не спыняецца на дасягнутым.

Выбіраліся лідары ў шасці намінацыях, кожная з якіх патрабавала ад кандыдатаў найвышэйшай адзнакі па многіх параметрах, у тым ліку з прыярытэтам паказчыкаў як вытворчасці, так і сацыяльнага развіцця. У кожнай групе вызначалася трое прызёраў з размеркаваннем паміж імі 1-га, 2-га і 3-га месца. І ў намінацыі «Перапрацоўчыя прадпрыемствы і харчовая прамысловасць» безумоўным лідарам быў прызнаны дырэктар ААТ «Пружанскі малочны камбінат» Аляксандр Лось, якому быў уручаны адпаведны Ганаровы дыплом і памятны знак пераможцы (на здымку).

Сам Аляксандр Эдмунтавіч кажа:

— Калі наша прадпрыемства адзначылі такім чынам, то, відавочна, што мы гэта заслужылі. Я кажу «мы», таму, што не ўспрымаю гэту ўзнагароду як асабістую. Усе работнікі Пружанскага малочнага камбіната, як адзіная каманда, шчыра працуюць, выконваюць пастаўленыя вытворчыя задачы і вырашаюць сумесна ўзнікаючыя пытанні. Таму і да дыплома, і да памятнага знака дачыненне мае кожны з нашай «малочкі».

Варта дадаць, што афіцыйная цырымонія ўзнагароджання прайшла ў прыемнай атмасферы, святочны настрой удзельнікам мерапрыемства ўзнялі спявачкі вядомага на Пружаншчыне, а цяпер і за яе межамі вакальнага гурта «Родники». За што ў канцы ўдзячныя гледачы літаральна засыпалі дзяўчат кветкамі.

Алег Сідарэнка. Фота Кацярыны Масік

Яшчэ больш фота — глядзіце ў альбомах у нашых групах «УКантакце» і на «Аднакласніках».