1 снежня 2022 года на 17-й сесіі Міжурадавага камітэта па ахове нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА было прынята рашэнне пра ўключэнне намінацыі «Саломапляценне Беларусі: мастацтва, рамяство, уменні» ў спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны чалавецтва. Дарэчы, гэта ўжо наш пяты нацыянальны элемент у спісах ЮНЕСКА. Першыя чатыры — абрад «Калядныя цары» ў в. Семежава, урачыстасць у гонар ушанавання іконы Маці Божай Будслаўскай, веснавы абрад «Юр‘еўскі карагод» у в. Пагост і культура ляснога бортніцтва на прыкладзе Лельчыцкага раёна.
Салома заўсёды «суправаджала» жыццё беларусаў. Людзі заўважылі, што залацістыя сцяблы, якія заставаліся пасля ўборкі традыцыйных збожжавых культур, вельмі патрэбны ў хатнім ужытку. Саломай накрывалі дахі, з яе рабілі трывалыя і лёгкія калыскі для немаўлят, плялі капелюшы, ёмістасці для захоўвання збожжа і круп і многае іншае.
Пляценню з саломы ў старажытныя часы надавалі сакральны сэнс: напрыклад, саламяныя «павукі» падвешвалі да столі перад Калядамі, лялькі і іншыя фігуркі дарылі на вяселлі і розныя святы. З прыгожага і трывалага матэрыялу рабілі нават убранне для цэркваў: у беларускіх музеях захоўваюцца нават унікальныя плеценыя царскія вароты, у тым ліку зробленыя на тэрыторыі цяперашняй Пружаншчыны.
У сярэдзіне ХХ стагоддзя традыцыйнае рамяство літаральна набыло новае жыццё, стала масавым відам мастацкай творчасці. Знайшло развіццё яно і на Пружаншчыне. Нейкім чынам гэтаму паспрыяла і тое, што ў 1983 годзе ў Новых Засімавічах адкрыўся філіял Брэсцкай фабрыкі мастацкіх вырабаў, дзе стваралі вырабы з саломкі. Многія з жанчын, якія атрымалі тут кваліфікацыю пляцельшчыка мастацкіх вырабаў, не закінулі занятак і пасля закрыцця філіяла. На «Кірмашах майстроў», што ладзяцца падчас розных фэстаў і святаў на Пружаншчыне, можна ўбачыць і набыць нямала прыгожых сувеніраў і прадметаў побыту, зробленых мясцовымі майстрыхамі.
Залацістыя кветкі «цвілі» на сталах умельцаў і падчас святочных пасядзелак пад назвай «Ад мінулага да сучаснага», што прайшлі ў Пружанскім Палацы культуры. І не толькі кветкі: вазачкі і пано, дэкаратыўны посуд і капелюшы, лялькі і каралі, зробленыя як сталымі майстрамі, так і тымі, хто толькі нядаўна захапіўся гэтым відам творчасці. Удзельнікі пасядзелак разам стварылі вялізнага прыгожага «павука» (лічылася, што ён забірае ўсю негатыўную энергетыку і ўвесь год ахоўвае хату ад зла і хвароб), наладзілі майстар-класы. Пра сваю творчасць расказала народны майстар Беларусі Марыя Кулецкая, у лік захапленняў якой уваходзіць і саломапляценне.
Метадыст па захаванні гісторыка-культурнай спадчыны Пружанскай клубнай сістэмы Вольга Зінкевіч павіншавала прысутных з тым, што нарэшце беларуская саломка заняла сваё пачэснае месца на культурным п‘едэстале. Вольга Уладзіславаўна ўручыла падзячныя пісьмы за захаванне, перадачу традыцыйных мастацкіх рамёстваў, вялікі ўнёсак у культурнае, маральнае і эстэтычнае выхаванне падрастаючага пакалення Валянціне Ляўчук, Раісе Баюры, Марыі Кулецкай, Святлане Тагіевай, Іне Макарэвіч, Анастасіі Граза, Надзеі Дзенісевіч, Галіне Дучынскай, Вользе Ляўчук, Анастасіі Кадука. Падчас мерапрыемства запальвалі цудоўнымі песнямі ўдзельнікі народнага аматарскага аб‘яднання Навасёлкаўскага СДК «Смаляначка», пад прыпеўкі самай малодшай яго ўдзельніцы Соф‘і Яроцкай ногі самі пускаліся ў скокі. Аўтэнтычныя народныя песні прадставіў фальклорны гурт Белавусаўшчынскага СКБ.
Песні дапелі, «павука» даплялі, а што далей? Перад майстрамі стаіць яшчэ больш важная задача: і далей развіваць традыцыі саломапляцення, прыахвочваць да гэтага прыгожага рамяства наступныя пакаленні.
Ірына Сядова. Фота аўтара
Больш фотаздымкаў: https://ok.ru/budni/album/954307881096