Воскресенье, 8 декабря 2024

Хрыстос Уваскрэс! З Вялікаднем!

572

У чым сэнс Вялікадня?
Уваскрэсенне Іісуса Хрыста — гэта цэнтральная падзея ўсёй Свяшчэннай гісторыі. Хрыстос быў укрыжаваны і памёр на Крыжы за грахі ўсіх людзей, якія жылі калісьці ад стварэння свету, і тых, хто яшчэ будзе жыць на Зямлі. Уваскрэсенне Госпада стала залогам вечнага жыцця чалавецтва і яго вызвалення ад смерці. Без Вялікадня вера наша страціла б усялякі сэнс.

Як правесці Вялікдзень?
Вялікдзень — дзень асаблівы. Вернікі імкнуцца сустрэць яго ў храме. А пасля набажэнства, звычайна ў асяроддзі родных і блізкіх людзей, святкуюць найвялікшую падзею хрысціянскай гісторыі. Сёлета, зразумела, некаторым давядзецца скарэкціраваць свае планы наконт наведвання царквы, але, тым не менш, у гэты дзень трэба з асаблівым імкненнем тварыць дабро, радавацца і прыносіць радасць іншым. Варта таксама прымірыцца з крыўдзіцелямі, ворагамі.

Ці можна працаваць на Вялікдзень?
Наш Гасподзь — Бог радасці і любові. Таму безумоўна трэба рабіць на Вялікдзень тыя справы, без якіх людзям не абысціся. Напрыклад, калі ўрач ратуе жыццё, яго богаўгодная справа не павінна спыняцца. Часта бывае так, што чалавек па графіку работы вымушаны працаваць на Вялікдзень. У гэтым таксама няма нічога страшнага. Паслушэнства ёсць паслушэнства, рабіце сваю працу ў гэты дзень з асаблівай шчырасцю і добрасумленнем.
Але не варта прысвячаць святочны дзень хатнім справам, якія можна адкласці на іншы час.

Ці можна прычашчацца на Вялікдзень?
Прычашчацца на Вялікдзень не толькі можна, але і трэба. Чалавек, які ўвесь час жыве па царкоўных канонах, ведае, што споведзь і прычасце — неад’емная частка вялікага хрысціянскага свята.

Ці можна браць шлюб на Вялікдзень?
На Светлым тыдні ўся ўвага царкоўнага жыцця засяроджана на Вялікадні. Таму традыцыйна Таінства шлюбу ў гэтыя дні не здзяйсняецца.

Ці можна фарбаваць яйкі на Вялікдзень?
Да Вялікадня прынята рыхтавацца загадзя. Кулічы, тварожныя паскі і яйкі звычайна асвячаюцца у Вялікую суботу, непасрэдна перад святам. Але паколькі сітуацыі ў жыцці бываюць розныя, вы можаце асвяціць свае святочныя дары і ў сам дзень Уваскрэсення Хрыстова, гэта не будзе лічыцца чымсьці ненатуральным. Раней, дарэчы, кулічы і яйкі асвячалі як раз пасля Усяночнай, перад тым, як разгаўляцца.

Навошта асвячаць ежу на Вялікдзень?
Асвячэнне кулічоў, пасак, яек, хлеба і іншых страў у храме — гэта старажытная традыцыя. Асвячаючы ежу, мы, такім чынам, заклікаем на яе і на сябе Божае блаславенне.

Калі можна разгаўляцца на Вялікдзень?
Разгаўляцца трэба не ў Вялікую суботу, а на сам Вялікдзень, пасля Боскай літургіі. Калі вы не сустракаеце свята ў царкве, пачынаць разгаўляцца можна прыкладна ў той час, калі ў храмах канчаецца святочнае богаслужэнне (прыкладна пасля 4.00 гадзін). Галоўнае, пасля працяглага посту да ежы падыходзіць з пачуццём меры, каб не справакаваць ўскладненне ў функцыянаванні стрававальнай сістэмы.

Што прынята дарыць на Вялікдзень?
На Вялікдзень можна дарыць любыя падарункі. І будзе добра, калі да любога сувеніра вы дадасце велікоднае яйка, як сімвал новага жыцця — Уваскрэсення Хрыстова.
Фарбаваныя яйкі — гэта памяць аб паданні, паводле якога Марыя Магдаліна падарыла імператару Ціберыю звычайнае белае яйка, і яно на вачах у таго стала чырвоным, як кроў Хрыстова.

Што рабіць са шкарлупінай ад асвечаных яек?
Шкарлупіна ад велікоднага яйка, вядома, не з’яўляецца такой святыняй, як, напрыклад, вадохрышчанская вада. Але набожная традыцыя сведчыць, каб мы не выкідалі разам са смеццем тое, што асвечана ў храме. Усё гэта можна спаліць, напрыклад, на прысядзібным участку, або закапаць глыбока ў зямлю там, дзе людзі і жывёлы не будуць таптаць яго нагамі. Сапсаваны куліч можна замачыць у вадзе і аддаць птушкам.

Ці можна хадзіць на могілкі на Вялікдзень?
Традыцыі наведваць могілкі на Вялікдзень у царкве не было ніколі. Яна нарадзілася ў свецкім грамадстве ў атэістычны перыяд, калі чалавек быў пазбаўлены духоўных зносін і адхілены ад Царквы. Ездзіць да родных на магілкі ніхто ж не мог забараніць. Але цяпер, калі храмы адчынены, і мы можам спакойна пайсці на набажэнства, лепш з’ездзіць на могілкі ў спецыяльны дзень, калі па традыцыі Царква памінае памерлых, — на Радаўніцу.

Што значыць, калі чалавек памёр на Вялікдзень?
Калі ў велікодныя дні памірае чалавек няверуючы, то гэта дакладна нічога не значыць, бо і пры жыцці Уваскрэсенне Хрыстова не было для яго знакам збаўлення ад смерці.
Калі ў Светлыя дні памірае веруючы чалавек, “народнае багаслоўе” лічыць гэта прыкметай міласці Божай і абсалютнага прабачэння грахоў. Не будзем спрачацца. Адзначым толькі, што паводле царкоўнага вучэння кожны чалавек, незалежна ад дня смерці, усё ж будзе даваць адказ за свае грахі перад Богам.
Падрыхтавала Алена ЗЯЛЕВІЧ.