1949 г. З публікацый да 10-годдзя ўз’яднання беларускага народа на старонках газеты “Красное знамя”
Выпуск прадукцыі прадпрыемствамі мясцовай прамысловасці ўзрос за першую “мірную” пяцігодку на 232 працэнты, а колькасць саміх прадпрыемстваў павялічылася на 390 працэнтаў.
У раёне арганізавана 65 калгасаў, якія аб’ядналі больш за 4000 сялянскіх гаспадарак. Працуе 67 пачатковых, 16 сямігадовых і 4 сярэднія школы. Маецца педвучылішча і сельскагаспадарчая школа.
Заявы пра жаданне аб’яднацца ў калгас «Маладая гвардыя» падалі 45 сялянскіх гаспадарак з 52.
37 гаспадарак аднаасобнікаў вёскі Лукомер, якія аб’ядналіся ў калгас імя Панфілава, пасеялі першыя 10 гектараў жыта.
Узмацняецца жаданне аб‘яднацца ў калгасы сярод сялян Малецкага сельсавета. У арцель імя Карла Маркса ўлілося 100 асобных гаспадарак.
Калгас “17 Верасня” атрымаў дзяржаўны акт на вечнае карыстанне зямлёй. А гэта больш за 342 гектары угоддзяў.
Дзяржаве здадзена хлеба на 16 тысяч пудоў больш, чым у 1948 годзе. Кожная сям’я атрымала на выпрацаваныя працадні не менш чым па 25 пудоў жыта.
Юныя мічурынцы рускай сярэдняй школы г.Пружаны першымі ў раёне ўзяліся за развядзенне галінастай пшаніцы. На пяці квадратных метрах атрымана 1500 каласоў, што на адным гектары адпавядала б 70 цэнтнерам.
Шэсць шматдзетных маці ўдастоены ганаровага звання «Маці-гераіня». 717 жанчын узнагароджаны ордэнам «Мацярынская слава» і медалём «Мацярынства». За пяцігодку выдадзена дапамог у суме больш за 5 мільёнаў рублёў.
Газеты, часопісы і кіно трывала ўвайшлі ў побыт людзей. Пры кожным сельсавеце працуюць лекторыі.
1959 г. Па старонках газеты “Чырвоны сцяг” за 17 верасня 1959 г.
Райпрамкамбінат адгрузіў два вагоны шафаў, кухонных сталоў, канапаў у гарады Брэст і Слонім. З пачатку года ў Баранавічы, Кобрын, Пінск, Лунінец і іншыя гарады ўжо адгружана звыш 40 вагонаў бытавой мэблі на 850 тысяч рублёў.
Калгаснікі сельгасарцелі “Перамога” абавязаліся вырасціць на кожным гектары па 166 цэнтнераў цукровых буракоў. І атрымалі багаты ўраджай. Так у брыгадзе, якой кіруе Мікалай Мелеш, з 4,5 гектара накапана 76 тон, па 170 з лішнім цэнтнераў з гектара. А ў брыгадзе Аляксея Папко гектар дае больш за 200 цэнтнераў караняплодаў. Убраныя буракі пяццю машынамі няспынна адпраўляюцца на Кобрынскі нарыхтоўчы пункт. Здадзена дзяржаве 170 тон.
Завяршылі і ўборку кукурузы. З кожнага гектара сабралі па 550 цэнтнераў зялёнай масы. Летась, у 1958 г., ураджай склаў толькі 100 цэнтнераў.
Справа не толькі ў добрым угнаенні, але і ў доглядзе пасеваў. Калгаснікі да самай уборкі сачылі за палеткамі, пастаянна трымалі глебу ў рыхлым стане.
У гонар свята на спартыўнай пляцоўцы тэхнікума механізацыі сельскай гаспадаркі адбылася сяброўская сустрэча па баскетболе паміж гаспадарамі поля і камандай в.Засімавічы. Студэнты дамагліся перамогі з лікам 50:40.
Расце кніжны фонд раённай бібліятэкі. Штогод ён папаўняецца сотнямі новых кніг. Сёлета ўжо набыта 1354 экзэмпляры рознай літаратуры. А ўсяго ў распараджэнні чытачоў больш за 14 тысяч тамоў мастацкай, палітычнай і спецыяльнай літаратуры.
1979 г. Што пісала газета «Зара камунізму»
40 гадоў таму назад у жыцці беларускага народа адбылася вялікая гістарычная падзея. Дзякуючы брацкай дапамозе народаў Савецкага Саюза, усе беларускія землі былі ўз’яднаны ў адзінай Беларускай савецкай дзяржаве.
Сёння на былых заходнебеларускіх землях, дзе прамысловасць была прадстаўлена дробнымі рамеснымі прадпрыемствамі, выпускаюцца сельскагаспадарчыя машыны і гандлёвае абсталяванне, газавыя пліты і аўтамабільныя агрэгаты, станкі і электрарухавікі. За гады савецкай улады заходнія вобласці Беларусі пераўтварыліся ў індустрыяльна развітыя.
Буйнымі індустрыяльнымі цэнтрамі сталі Брэст, Гродна, Пінск, Баранавічы, Ліда, Ваўкавыск, Слонім і іншыя гарады. У высокаразвітую галіну эканомікі пераўтварылася і сельскагаспадарчая вытворчасць.
Велізарныя поспехі дасягнуты ў развіцці культуры. У мінулым навучальным годзе ў школах Брэсцкай і Гродзенскай абласцей навучалася 450 тысяч вучняў, у пяці ВНУ – больш як 18 тысяч студэнтаў.
Працаўнікі раёна ніколі не забудуць, што ўсё гэта ім прынесла вызваленне з-пад прыгнёту капіталістаў і памешчыкаў. Вось чаму кожны рабочы і калгаснік імкнецца працаваць яшчэ лепш, каб яшчэ больш квітнеючай і магутнай была наша сацыялістычная Радзіма.
1999 г., «Раённыя будні».
Якім вы бачыце пасёлак у ХХІ стагоддзі?
Такое пытанне 22 гады назад, напярэдадні 60-годдзя ўз’яднання Усходняй і Заходняй Беларусі, журналісты “раёнкі” задалі прахожым у г.п.Ружаны. І вось што тады яны пачулі:
Жанчына пенсіённага ўзросту:
— У магазінах тавараў будзе ўдосталь. І мяса, і каўбас. І не трэба будзе ездзіць па ўсё гэта ў Ваўкавыск, Слонім.
Сяргей Буткевіч, 15 гадоў:
— З вялікім паркам для адпачынку.
Марыя Андрэеўна:
— Каб людзі больш зараблялі. І ўвогуле каб быў больш высокі ўзровень жыцця людзей.
Уладзімір, 27 гадоў:
— Не ведаю. Мне і цяпер усяго хапае. Пасёлак у апошні час так абнавіўся. Прыгожа, утульна. Так і павінна быць.
Аляксандра Міхайлаўна Жукава, 81 год:
— Для пасёлка я хачу, каб людзям лягчэй жылося. Каб чалавек да чалавека быў дабрэйшым…
Аляксандр Васільевіч Зубеня:
— Мукі няма. Няма чым карміць парасят. Вось вам і праблема.
Генадзь Міхайлавіч Котаў, працуючы пенсіянер:
— Пенсія ў людзей будзе такая, што хопіць на ўвесь месяц і яшчэ застанецца.
Юлія Мурына, дзесяцікласніца:
— З новым прыгожым і прасторным Домам культуры.
Ганна Іванаўна:
— Нарэшце адрамантуюць славуты Ружанскі замак. І ён стане сапраўдным упрыгожаннем нашага пасёлка.
Васіль Пілюцік, майстар ЖЭУ:
— Безумоўна, пасёлак наш будзе прыгожым і квітнеючым, яшчэ лепшым, чым цяпер. І людзі будуць жыць лепш.
Мікалаевіч:
— Прыгожа будзе. І ў магазінах не будзе пустых паліц. А што яшчэ трэба для жыцця?
Галя, бібліятэкар:
— Ружанам я жадаю самага найлепшага. І каб тратуары былі раўнейшымі, і каб людзі прыветнымі…
Людміла Астапчык, намеснік начальніка аддзялення сувязі:
— Усяго хочацца самага найлепшага: і каб людзі мелі магчымасць нармальна адпачываць, і каб быў дастатак ва ўсіх магазінах, а не толькі ў камерцыйным…
Вова, 16 гадоў:
— У пасёлку павінен быць вялікі Палац спорту. З крытым басейнам, валейбольнай і іншымі заламі. А ў двары – вялікае футбольнае поле. Здароўе – гэта галоўнае.
Як бачым, жыццё не стаіць на месцы. Мары паступова здзяйсняюцца. Пра пустыя паліцы ў магазінах мы ўжо даўно забыліся. Тратуары, сапраўды, сталі раўнейшымі, а сам пасёлак прыгажэйшым. Рэканструявана значная частка палацавага комплексу роду Сапегаў, створаны музей, але работы яшчэ працягваюцца. Дом культуры такі прасторны, што рэха ідзе… Вось толькі басейна ў Ружанах не пабудавалі. Дык якая праблема? У райцэнтры Водны палац такі шыкоўны, што нават брэстаўчане зайздросцяць – толькі прыязджай і купайся. Ну, а пра прыветных людзей… Ці не ад нас саміх па-ранейшаму гэта залежыць?
Падрыхтавалі да друку Алена Зялевіч і Галіна Каляда