IV Усебеларускі хрэсны ход «Царква і армія» пад такім дэвізам прымеркаваны да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Яго мэта — узгадаць і малітоўна ўшанаваць абаронцаў нашай Радзімы, якія загінулі ў бітвах Вялікай Айчыннай вайны. Сімвалам хрэснага ходу з‘яўляецца спецыяльная капсула, у якую збіраецца зямля з усіх воінскіх пахаванняў нашай краіны і месцаў вайсковага подзвігу.
У чацвер хрэсны ход сустрэла Пружаншчына: яго шлях ішоў з Камянца праз Перароў у Шарашэва. У гарадскім пасёлку ўдзельнікі мерапрыемства зрабілі прыпынак каля брацкай магілы савецкіх воінаў і партызан і помніка загінулым у гады Вялікай Айчыннай вайны землякам. Малебен у памяць іх адслужыў настаяцель Свята-Мікалаеўскага храма протаіерэй Мікалай Пашкевіч.
Адсюль хрэсны ход рушыў у Пружаны, дзе спыніўся на гарадскіх праваслаўных могілках. На брацкай магіле загінулых у гады Вялікай Айчыннай вайны вызваліцеляў Пружан ліцію адслужылі настаяцель храма Праабражэння Гасподняга протаіерэй Ігар Мрыхін і іерэй Георгій Буланькоў.
Работнікі Пружанскага райаддзела па надзвычайных сітуацыях паклалі ў капсулу жменю зямлі з пахавання, пасля чаго капсула была перададзена настаяцелю храма святых апосталаў Пятра і Паўла ў Ружанах протаіерэю Аляксандру Сеню.
На наступны дзень памятныя мерапрыемствы ў рамках хрэснага ходу «Царква і армія» прайшлі каля брацкай магілы ў цэнтры Ружан, а таксама Кургана Славы, што непадалёк ад гарадскога пасёлка. З Пружанскага благачыння хрэсны ход накіраваўся ў Слонім.
Як адзначыў ваенны камісар раёна Кірыл Шаўчэнка, для вайскоўцаў і супрацоўнікаў сілавых структур удзел у падобных мерапрыемствах — вялікі гонар і вялікая адказнасць.
— Мэта гэтага высакароднага праекта — увекавечыць памяць тых, хто аддаў свае жыцці дзеля таго, каб наступныя пакаленні маглі жыць у вольнай краіне, пад мірным небам, дзеля таго, каб мы з вамі з‘явіліся на свет. І цяперашнія вайскоўцы таксама заўсёды гатовы абараняць мір і спакой у нашай краіне.
Айцец Ігар Мрыхін падкрэсліў, што Праваслаўная Царква заўсёды імкнецца малітвай, словам і справай падтрымаць патрыятычныя акцыі.
— Усебеларускі хрэсны ход адбываецца па блаславенні Мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі Веніяміна. Звяртаючыся да ўдзельнікаў Усебеларускага хрэснага ходу, ён прывёў словы першага Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі Мітрапаліта Мінскага і Слуцкага Філарэта: «Хрэсны ход, кажучы армейскай мовай, — гэта вайсковы маршкідок па ўсіх абласцях Беларусі, па ўсіх епархіях зямлі Беларускай Праваслаўнай Царквы, які ажыццяўляецца намі ўсімі са зброяй хрысціянскай веры, — са святым Крыжам». Таксама ў звароце адзначана: «Сёння, у няпросты для ўсіх нас і краіны ў цэлым час, мы не перастаём чуць рэха той вайны — шматгалоснае, якое павучае і папярэджвае. Здзяйсняючы наш хрэсны ход, мы не толькі аддаём загінулым у гады Вялікай Айчыннай вайны вайскоўцам і мірным жыхарам воінскую і хрысціянскую пашану, але і нагадваем аб неабходнасці малітоўнай абароны нашай краіны, пра тое, што патрыятызм — гэта высокі стан духа… Разам з тым мы ўдзельнічаем у барацьбе з бяспамяцтвам і хлуснёй».
— Гэтыя словы як нельга лепш вызначаюць значнасць мерапрыемства, — сказаў святар.
Нагадаем, што хрэсны ход «Царква і армія» пачаўся 9 мая сёлетняга года і працягнецца да 27 чэрвеня. Ён рухаецца па двух маршрутах. Першы працягласцю больш за 2000 кіламетраў уключае 38 гарадоў і вёсак, другі мае працягласць каля 1650 км і пралягае праз 33 населеныя пункты. Ініцыятарамі малітоўнага шэсця, што праводзіцца раз у пяць гадоў, сталі Беларуская праваслаўная царква, сілавыя Міністэрствы — абароны, унутраных спраў, па надзвычайных сітуацыях — Дзяржаўны пагранічны камітэт, унутраныя войскі і ДТСААФ. Натхняльнікам першага хрэснага ходу ў 2005 годзе стаў Мітрапаліт Філарэт.
Ірына Сядова. Фота Кацярыны МАСІК