Пятница, 23 мая 2025

Храму в Лысково исполнилось 85 лет

931

“Вялікая сіла сыходзіць з месца, дзе вымаўляюцца Богу за ўсіх вас малітвы сапраўдных рабоў Божых”.
(Прападобны Варсанофій Вялікі, VІ ст.)
У кожнага праваслаўнага чалавека асаблівае месца ў жыцці займае вера ў хараство і заступніцтва Маці Божай. Кожны, хто прыпадае з гарачай малітвай да Багародзіцы, атрымлівае яе заступніцтва і дапамогу ва ўсякай добрай справе. У гонар Маці Божай будуюцца храмы.
8 кастрычніка Лыскаўскай царкве Ражства Прасвятой Багародзіцы споўнілася 85 гадоў. Святыня пабудавана ў 1933 годзе.
Імя першай праваслаўнай царквы ў Лыскаве схавана ад нас заслонай забыцця. Толькі дзе-нідзе мільгаюць звесткі, што царква была пабудавана ў пачатку ХVІ ст. Старажылы расказвалі, нібыта тут некалі жылі манахі-пустэльнікі, якія першыя і пабудавалі драўляную царкву. Дакументаў аб ёй не захавалася. У гады Першай сусветнай вайны ўсе метрычныя кнігі і каштоўныя царкоўныя рэчы былі вывезены для захавання ў Калужскі Лаўрэнцьеўскі манастыр. У 1920 годзе манастыр і манастырскі саборны храм былі пераўтвораны ў лагер прымусовых работ з турэмнымі камерамі для зняволеных. Усё, што было вывезена з Лыскаўскай царквы, знікла.
Згодна з дакументамі 1689 года, у Лыскаве існаваў жаночы Пакроўскі манастыр. П.М.Бацюшкаў у кнізе “Беларусь і Літва. Гістарычныя лёсы Паўночна-Заходняга краю”, выдадзенай у 1890 годзе, пісаў, што ў 1720 годзе манастыру ў Лыскаве кароль Аўгуст ІІ па патрабаванні Пятра І, расійскага імператара, выдаў даравальную грамату як аднаму з нямногіх, што засталіся ў праваслаўі. Да гэтага манастыра адносіўся і Пакроўскі храм, пабудаваны на месцы старой царквы ў 1725 годзе. З прычыны старасці царква не працавала ўжо ў 1866 годзе, а пазней была разабрана, і на яе месцы “знаходзіцца толькі крыж і каменная ўмяшчальня для святой вады”. З рэшткаў Пакроўскай царквы на могілках была пабудавана капліца (1894 г.), а для патрэб праваслаўных вернікаў у 1886 годзе быў адрамантаваны будынак былога каталіцкага касцёла (пасля пажару 1880 года тут засталіся толькі сцены і дах).
У 1921 годзе гэты будынак у выніку рэвіндыкацыі зноў перайшоў да каталікоў. Праваслаўныя прыхаджане, якім давялося здзяйсняць богаслужэнні ў цеснай капліцы на могілках, звярнуліся ў сейм з просьбай аб дазволе пабудаваць новую драўляную царкву на месцы старой. З паведамлення падароскага благачыннага ад 23 снежня 1924 года праваслаўныя даведаліся аб дадзеным ім дазволе. Паслушэнства будаўніцтва новага храма было ўскладзена на святара Пятра Радкевіча.
Адразу пабудаваць царкву было не па сілах, аднак ахвяраванні на гэтую справу пачалі паступаць адразу. Прыхаджанка Ганна Ціхановіч, напрыклад, ахвяравала хутар Хараўшчызну з усімі пабудовамі, землеўладальніца з Зельзіна Марыя Іванова — 200 злотых і 30 м сасновага лесу, свае ахвяраванні ўнёс і ўладальнік фальварка ў Магілёўцах каталік Альбін Дзяконскі. Да таго ж у Лыскаве разыгрывалася латарэя (у якасці прыза быў сярэбраны дамскі партсігар), у ёй удзельнічалі багатыя людзі, не толькі праваслаўныя, але і каталікі, і іўдзеі.
Праект царквы рабіў архітэктар Беластоцкага ваяводства Піятроўскі.
22 чэрвеня 1930 года адбылася ўрачыстая закладка храма, якая прайшла з малітоўным натхненнем. Усяго сабралася не менш за 1800 чалавек. Пасля чына асвячэння новага храма дзятлаўскі святар Сокал-Кутылоўскі сказаў простымі сардэчнымі словамі пропаведзь аб значэнні святых храмаў і зак-лікаў лыскаўскіх прыхаджан і настаяцеля давесці пачатае да канца, што зусім не цяжка пры Божай дапамозе. Заклікаў да сумеснай работы і настаяцель храма. А ўладальнік памесця Адамкава Леан Быхавец (каталік) звярнуўся да лыскаўскіх прыха-джан з суцяшальнымі словамі — будаваць смела свой храм, таму што больш чым два стагоддзі таму гэтае месца належала асобе з роду Быхаўцаў праваслаўнага веравызнання.
У 1931 годзе была пачата будоўля сцен новай царквы і зроблены гонтавы дах, які мае многа зломаў, узведзены два купалы: адзін — вялікі над сярэдняй часткай храма, другі — над званіцай. Званіцы былі пакрыты ацынкаванай бляхай. У 1932 годзе ў царкве былі ўстаўлены востраканцовыя вокны, якія нагадвалі гатычны стыль. Новая царква мела форму крыжа. Агульная даўжыня храма ўмяшчальнасцю больш за 1000 чалавек склала 21 м, шырыня —12 м, вышыня — 22 м.
8 кастрычніка 1933 года новая царква была ўрачыста асвечана Яго Высока-праасвяшчэнствам Алексіем, архіепіскапам Гро-дзенскім і Навагрудскім. Архіпастыру саслужыла 12 протаіерэяў і святароў пры трох дыяканах. Акрамя мноства прыхаджан, на богаслужэнні прысутнічалі намеснік ваўкавыскага старасты Стажка, уладальнік памесця Адамкава Быхавец, а таксама мясцовыя грамадскія дзеячы.
Падчас літургіі Яго Высокапраасвяшчэнства за працу на будоўлі храма ўсклаў на настаяцеля Пятра Радкевіча залаты нагрудны крыж.
У царкве, дарэчы, яшчэ не ўсё было зроблена належным чынам, таму ў наступныя гады яна добра-ўпарадкоўвалася. 13 верасня 1935 года прыход наведаў кіраўнік Гродзенска-Навагрудскай епархіі Праасвяшчэнны Антоній, які застаўся вельмі задаволены знешнім і ўнутраным выглядам новапабудаванага храма.
У цяперашні час праваслаўная царква ў Лыскаве, як і ў даўнія часы, выхоўвае прыхаджан сваіх у традыцыях старажытнай набожнасці. Цэркаўка паміж соснаў і бяроз падобна на кавалачак чыстага і светлага неба.
На тэрыторыі Брэсцкай абласной псіхіятрычнай бальніцы ў Магілёўцах з блаславення епіскапа Брэсцкага і Кобрынскага Іаана быў пабудаваны храм-капліца ў гонар свяшчэннапакутніка Харлампія. Ён узведзены намаганнямі Лыскаўскага прыхода і яго настаяцеля айца Аляксандра за сродкі царквы і грамадскасці, пры дапамозе галоўнага ўрача В.В. Бычака. 21 лістапада плануецца правесці яго асвячэнне.
Да слова, сёлета споўнілася 40 гадоў пастырскага служэння айца Аляксандра Багдановіча. 35 з іх ён з‘яўляецца настаяцелем Лыскаўскай царквы. Бацюшка аддана служыць Богу і людзям, адгукаецца на любую просьбу прыха-джан. Айцец Аляксандр вядомы як яркі прапаведнік, здзіўляе энергіяй, з якой працуе на ніве рэлігійна-духоўнай асветы.
Мы беражліва захоўваем у памяці светлыя вобразы былых служыцеляў Лыскаўскай царквы: Пятра Радкевіча, Антонія Юшко, Лявонція Канькоўскага. Пагружаючыся ў малітву стомленай душой, раптоўна адчуваеш: тут яны, з намі — цені светлыя тых, хто да царквы нябеснай ад царквы зямной ішоў шляхамі евангельскай веры.
Вера Церахава.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *