Понедельник, 12 мая 2025

Храм Казанскай іконы Божай Маці ў аграгарадку Мурава адзначыў 25-гадовы юбілей

615

Раніцай 4 лістапада, у дзень памяці Казанскай іконы Божай Маці, над аграгарадком Мурава і наваколлем разносіўся перазвон: мясцовы храм у літаральным сэнсе гучна адзначаў свой дваццаціпяцігадовы юбілей. Сваіх прыхаджан і высокіх гасцей – з Брэсцкай епархіі і Пружанскага райвыканкама — ён сустракаў у поўным парадзе.

На зямлі — дывановая дарожка ад варот да самага храма, упрыгожаная стужкамі з хрызантэм. Пад небам – залатыя купалы, у якіх адлюстроўваліся сакавітая сінь абноўленага даху і на рэдкасць прыгожы ўсход сонца. А ў храме – людзі, якія прыйшлі ў духоўны прыстанак, каб перадаць Богу і яго Маці груз жыццёвых хваляванняў і нягод.

Такіх прыстанкаў за ўсю гісторыю існавання Муравы тут было некалькі. Першы мураўскі храм, пабудаваны каля 1800 года, згарэў ад удару маланкі. Другі, узведзены ў 1855 годзе і асвечаны ў гонар Святой Тройцы, разбураны ў гады хрушчоўскіх ганенняў, на яго месцы пабудавалі сельскі клуб.

А сучасная царква паўстала ў чыстым полі за вёскай у 1996 годзе. Будавалі яе, як кажуць вернікі, усім мірам на працягу шасці гадоў. Вялікія грашовыя ахвяраванні ў той складаны час паступілі ад Веры Радзівон, Юліі Бартасевіч, Івана Завіжэнца, Нестара Шукі, Аляксандра Карэткі, Пятра Лук’яновіча і іншых жыхароў і ўраджэнцаў Муравы. На працягу ўсяго перыяду будаўніцтва фінансава падтрымліваў і мясцовы калгас імя Калініна пад старшынствам Пятра Мікалаевіча Білецкага. Калгас закупіў амаль усе будаўнічыя матэрыялы, выдзяляў неабходную тэхніку.

Агульнымі намаганнямі вернікаў за год быў падрыхтаваны падмурак царквы, летам 1991 года ў яго закладзена капсула і нарэшце пачалося ўзвядзенне сцен храма. Адметна, што дзверы і вокны вырабіў сталяр з в.Ізбіцы Васіль Саўчук, крыжы — каваль Іосіф Пойвіч. Складаную дахавую канструкцыю зманціравалі Анатоль Юшчук і Уладзімір Кранцэвіч, за якасць дахавых работ адказвалі гродзенскія майстры. А іканастас з іконамі з‘явіўся, дзякуючы мастаку з Сухопаля Уладзіміру Бурнасу.

Нарэшце 21 ліпеня  1996 года вясёлы перазвон абвясціў мураўскім ваколіцам пра аднаўленне царкоўнага жыцця ў мясцовым прыходзе.

Чвэрць стагоддзя храм на радасць вернікам дынамічна развіваўся. Вядома, да 25-гадовага юбілею храм падышоў з шэрагам праблем, у прыватнасці, яму патрабаваўся пэўны рамонт. Але, як бы цяжка ні было настаяцелю і прыхаджанам, храм, дзякуючы іх уласным намаганням, падрыхтаваўся як след і ўразіў ганаровых гасцей як з вонкавага, так і з унутранага боку…

Уразіў і малітоўны настрой, які панаваў у храме на працягу ўсяго набажэнства. Боскую літургію ўзначаліў архіепіскап Брэсцкі і Кобрынскі Іаан (Хама), якому саслужылі ў тым ліку настаяцель Свята-Аляксандра-Неўскага сабору протаіерэй Міхаіл Носка, клірыкі пружанскіх храмаў — іерэі Аляксандр Мамановіч, Дыянісій Папоў і Георгій Буланькоў, а таксама настаяцель мураўскага храма Казанскай іконы Божай Маці іерэй Уладзімір Жэлянгоўскі.

Сапраўдным упрыгожваннем архірэйскага набажэнства стаў харавы спеў у выкананні гасцей — вакальнага ансамбля «Амафор» Навазасімавіцкага СДК (мастацкі кіраўнік – Наталля Данцова).

Адметна, што сярод прыхаджан прысутнічалі старшыня райвыканкама Юрый Бісун, старшыня раённага Савета дэпутатаў Мікалай Кудравец, а таксама начальнік аддзела культуры райвыканкама Канстанцін Панімаш.

Усе разам: і царкоўныя, і свецкія асобы – уважліва слухалі кранальныя малітоўныя прашэнні архіепіскапа Іаана аб спыненні пандэміі каранавіруса, а таксама аб дараванні міру беларускаму народу. Дарэчы, важным крокам да гэтага можа стаць Праграма супрацоўніцтва паміж райвыканкамам і Пружанскім благачыннем Брэсцкай епархіі Беларускай Праваслаўнай Царквы да 2025 года, якая прадугледжвае ўзаемадзеянне ў розных сферах жыцця нашага грамадства.

Пасля літургіі адбыўся традыцыйны хрэсны ход, па заканчэнні якога ўладыка Іаан акрапіў прысутных святой вадой.

Напрыканцы набажэнства архіепіскап адзначыў юбілейнымі граматамі і ўдзячнымі лістамі за карпатлівую працу ў справе добраўпарадкавання царквы шматлікіх прыхаджан і мецэнатаў. У прыватнасці, архіпастырскай узнагароды быў удастоены дырэктар ААТ «Мурава» Пётр Білецкі.

У слове ў адказ ад імя ўсіх вернікаў настаяцель храма іерэй Уладзімір Жэлянгоўскі дзякаваў уладыку за глыбокую малітоўную атмасферу набажэнства, пастырскую пропаведзь і падтрымку.

Наступнае набажэнства ў раёне з удзелам архіепіскапа Брэсцкага і Кобрынскага Іаана адбудзецца ў чацвер, 11 лістапада, у храме Святых мучаніц Веры, Надзеі, Любові і маці іх Сафіі, што ў в.Клятное Сухопальскага сельсавета. Сустрэча архіерэя — у 8.00 гадзін.

Алена Зялевіч. Фота аўтара і Уладзіслава Шпарлы

Больш здымкаў: https://ok.ru/budni/album/930415659656