Вторник, 22 апреля 2025

Хозяйка девяти котов: «Мы никого не искали специально»

903

Ля брамкі нас сустракае велізарная нямецкая аўчарка па мянушцы Туман. Пакуль гаспадыня не адводзіць Тумана, на двор заходзіць боязна. А вось кот Рыжык некалі не пабаяўся. Дакладней, у маленькага кацяняткі не было іншага выйсця: з апошніх сіл ён дапоўз да міскі Тумана і нарэшце наеўся, а пасля знайшоў дапамогу і выратаванне ў сям’і, дзе ўжо “гадавалася” некалькі катоў.


— Нікога з дзевяці маіх катоў я не шукала спецыяльна, — тлумачыць Вольга. – Усе яны самі траплялі мне на вочы, і ўсе яны на момант нашага “знаёмства” былі ў вельмі дрэнным стане. Амаль кожнага ратавалі з дапамогай ветэрынараў і выходжвалі тыднямі, а то і месяцамі.
Вольга сама сабе здзіўляецца: маўляў, раней ніколі не трымала шмат хатніх жывёл адразу, і смяецца, што сентыментальнасць з’яўляецца з узростам. У сям’і выдатна разумеюць, што дзевяць катоў – перабор, але ні з адным сваім гадаванцам развітацца не гатовы. Вельмі хвалююцца, што на вочы трапіцца чарговая няшчасная істота, якой не змогуць адмовіць у даху над галавой…


Некалькі катоў, напрыклад, цяпер ужо велізарных Сенцябра і Дымка, прынесла дачка Анастасія. За апошнім, дарэчы, давялося лезці на дуб, на якім ён доўгі час сядзеў і енчыў. Галава сям’і Мікалай, як і належыць мужчыне, не такі сентыментальны і пасля кожнага новага жыхара ўсур’ёз заяўляў: наступны – толькі “праз мой труп”.

Таму Аганька давялося хаваць. Вольга і Насця шчыра спадзяваліся, што тата не заўважыць лішняга хваста. Зразумела, заўважыў, засмуціўся, паспрабаваў правесці чарговую выхаваўчую размову… А праз некаторы час сам прынёс маленькую кошачку, якую ў яго на вачах выкінуў дарослы мужчына, а калі яна пабегла за сваім былым гаспадаром, той адкінуў жывёлу яшчэ далей і паскорыў крокі…
Дарэчы, гэты выпадак і стаў падставай для нашай сустрэчы. Вольга адразу расставіла прыярытэты: пісаць пра сям’ю, якая “ўсынаўляе” кінутых катоў, не трэба, тым больш, ставіць іншым у прыклад. Размову варта весці пра адказнасць і безадказнасць.


— Разумееце, калі б людзі адказна ставіліся да сваіх хатніх гадаванцаў, то мне і не трэба было б нікога даглядаць.
У мяне пакуль не хапае сродкаў на ўсіх, але кошкі, як толькі падгадуюцца, адразу будуць стэрылізаваныя.
Калі ж вы не дагледзелі і кошка прынесла кацянят, як жа можна падгадаваць іх, а пасля выкідаць? Гэта, мабыць, рытарычныя пытанні, і я ніколі не зразумею, што робіцца ў галовах такіх гаспадароў…


— Вольга, утрыманне дзевяці катоў, пэўна, не можа не адбіцца на сямейным бюджэце?
— Я стараюся пра гэта не думаць, пакуль спраўляемся. Да далікатэсаў мы іх не прывучаем. А што тычыцца лекаў, то я ўжо ў курсе ўсіх цэн, ведаю, што чым можна замяніць.
На гэтым аспекце таксама хочацца спыніцца асобна. Калі вы бераце кацяня з вуліцы – абавязкова нясіце яго да ветэрынара. Я і сама не ведала, што ў звычайнага ката можа быць такая колькасць захворванняў, частка з якіх небяспечна і для чалавека. Але некаторыя мае гадаванцы “дапамаглі”, яны проста былі даведнікамі па ветэрынарыі – столькі хвароб “назбіралі” за час сваіх ба-дзянняў.
Мабыць, каты даюць нешта большае, чым матэрыяльнае, таму яшчэ ні разу не пашкадавала, што ў мяне іх столькі. Напрыклад, той жа Дымок – выдатны псіхатэрапеўт, ён заўсёды ведае, у каго быў дрэнны дзень, і абавязкова “выслухоўвае”.


— А як вам удаецца падтрымліваць чысціню пры такой колькасці “дзяцей”?
— На самай справе, я — педант. І раней я падтрым-лівала сапраўды ідэальны парадак. Цяпер для гэтага даводзіцца выдаткоўваць у два разы больш сіл і часу: штодзённая вільготная ўборка, дадатковае мыццё бялізны, посуду і г.д. Але ж калі гэтага не рабіць, то ўмовы жыцця стануць невыноснымі не толькі для людзей, але і для катоў. А гэта нас вяртае да пытання пра адказнасць…
Кацярына Пашкевіч. Фота Сяргея Талашкевіча.