Воскресенье, 20 апреля 2025

Хотите красивую улыбку? Следите за питанием

1 010

Здаровыя зубы і беласнежная ўсмешка заўсёды ў модзе. Урач-стаматолаг Павел Крачко расказаў усё, што вы хацелі ведаць пра стаматалагічнае здароўе.
Стаматалагічнае самаадчуванне знаходзіцца ў прамой залежнасці ад харчавання: лагічна, што ўсё, што трапляе ў поласць рота, аказвае непасрэдны ўплыў на яго здароўе.
— Сёння існуюць навукова-абгрунтаваныя дадзеныя пра ўплыў шэрага фактараў харчавання на стаматалагічнае здароўе, — расказвае Павел Пятровіч. — Да фактараў, якія прадстаўляюць рызыку, можна аднесці незбалансаванае ўжыванне асноўных прадуктаў: недастатковае паступленне бялкоў, тлушчаў, вугляводаў, вітамінаў і мінералаў, неабходных для здароўя чалавека ў цэлым, у тым ліку дэфіцыт паступлення фтарыдаў.
Напрыклад, пры недахопе вітаміну С і кальцыю нельга разлічваць на здаровыя зубы і дзясны, а празмерная колькасць кіслаты будзе разбураць эмаль. Таму раіцца ўстрымлівацца ад частага ўжывання вельмі кіслых і салодкіх напояў. Больш за тое, фруктовыя сокі стаматолагі раяць піць праз саломінку, каб абмежаваць кантакт вадкасці з зубамі. А вось вегетарыянцы падвяргаюцца рызыцы дэфіцыту вітамінаў D, B2 і B12. Пры недахопе пэўных спажыўных рэчываў у рацыёне тканкам поласці рота становіцца больш цяжка супрацьстаяць інфекцыям, здольным выклікаць развіццё парадантыту. Да слова, даследаванні паказваюць, што парадантыт прагрэсуе намнога хутчэй і прымае больш цяжкія формы ў людзей з незбалансаваным рацыёнам харчавання.
— А вось ужыванне салодкіх газаваных напояў, падсалоджаных сокаў і фастфудаў стварае сур’ёзную рызыку развіцця не толькі дыябету, але і карыесу.
Індывідуальная гігіена поласці рота
— Цалкам прадухіліць утварэнне зубнога налёту немагчыма, паколькі мікраарганізмы прысутнічаюць у ротавай поласці ў кожнага чалавека і з’яўляюцца часткай яго нармальнай мікрафлоры. Ужо праз дзве гадзіны пасля чысткі зубоў зноў пачынаецца фарміраванне зубнога налёту. Такім чынам, найлепшы метад пазбегнуць негатыўнага ўплыву бактэрый — штодзённы гігіенічны догляд.
Агульнапрынятая частата чысткі зубоў — два разы на дзень: раніцай пасля сняданку і вечарам перад сном. Рэкамендуецца чысціць зубы не менш за тры хвіліны такім чынам, каб ні адзін зуб не быў прапушчаны. Важна надаваць увагу і ачыстцы языка, паверхня якога чысціцца мяккімі скрабучымі рухамі зубной шчоткі (можна выкарыстоўваць спецыяльныя шчоткі або скрабкі).
І, вядома, не забывайце рэгулярна, не радзей 1 разу на год, наведваць стаматолага.

… і прафесійная
З часам зубны налёт мінералізуецца і ператвараецца ў цвёрды кальцыфіцыраваны слой — зубны камень, якому таксама адводзіцца пэўная роля ў развіцці запаленчых захворванняў перыядонту. Калі своечасова не выдаляць зубны камень, ён будзе траўмаваць тканкі перыядонту. А галоўнае — камень спрыяе назапашванню зубнога налёту, з’яўляючыся добрым рэтэнцыённым пунктам.
Прафесійная гігіена мае на ўвазе выдаленне зубнога налёту і каменя стаматолагам з дапамогай спецыяльных ручных інструментаў або ультрагуку, а таксама паліроўку зубоў з дапамогай спецыяльных шчотачак і гумак з пастамі, якія змяшчаюць абразівы. Гэтая працэдура рэкамендуецца ўсім пацыентам не радзей аднаго разу ў шэсць месяцаў, а ў некаторых выпадках і часцей.
Падрыхтавала Марына Вакульская.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *