Среда, 21 февраля 2024

Хор ветэранаў «Чырвоны гваздзік» адзначыў 40-годдзе: гісторыя калектыву і дзень сённяшні

422

Усе выступоўцы падчас ушаноўвання ўдзельнікаў народнага хору ветэранаў «Чырвоны гваздзік», што дзейнічае пры Пружанскім Палацы культуры, імкнуліся пазбегнуць слова «сталыя». Гучалі словы «мудрыя», «вопытныя», «таленавітыя», «маладыя душою», «апантаныя творчасцю», «шчырыя», «адкрытыя сэрцам»…

Сапраўды, узрост не заўсёды вызначаецца датамі нараджэння. Ды і, фактычна, адзначалі ж толькі 40 гадоў. Ці ж гэта можа быць сталасцю?

Так, менавіта ў 1982-м прыйшла задумка стварыць творчае аб‘яднанне ветэранаў вайны і працы. На той час паміж гэтымі дзвюма катэгорыямі часта ставіўся знак роўнасці: тыя, хто абараніў нашу краіну ў кровапралітнай вайне, знялі салдацкія гімнасцёркі і аддана працавалі ў розных галінах народнай гаспадаркі. Да пачатку 80-х значная большасць гэтых людзей ужо выйшла на пенсію.

Першы кіраўнік хору Таццяна Мікалаеўна Міса асабіста наведала ўсіх ветэранаў, якія жылі ў Пружанах і наваколлі, запрасіла прыняць удзел у рабоце новага калектыву. На першую рэпетыцыю сабралася 11 чалавек, на другую — 15… На святкаванні 40-годдзя Вялікай Перамогі, 9 мая 1985 года, выступіў калектыў, які складаўся з больш як 30 удзельнікаў. Затым яго колькасць павялічылася да 44 чалавек. Канцэртмайстрам тады была Ганна Іванаўна Траянава. Першы састаў выходзіў на сцэну з баявымі ўзнагародамі на грудзях. І рэпертуар быў у хору адпаведны жыццёваму шляху кожнага з яго ўдзельнікаў: песні пра Радзіму, пра зямлю, пра стваральную працу…

У жніўні 1988 года новым кіраўніком хору «Чырвоны гваздзік» стала Валянціна Антонаўна Каробка. У гэты час калектыў вёў актыўную канцэртную дзейнасць, як узгадвалі былыя яго ўдзельнікі, яны пабывалі літаральна ў кожным куточку Пружаншчыны.

Знакавым стаў для хора 1992-гі: калектыў атрымаў званне «народны». У гэты час ён не проста гастраляваў па раёне і за яго межамі, але і ўдзельнічаў у шматлікіх конкурсах. І перамагаў. Шмат разоў, напрыклад, станавіўся лаўрэатам і пераможцам фестывалю «Неспакойныя сэрцы», нават выступаў на сцэне Дзяржаўнай філармоніі.

У 2009-2020 гадах хорам ветэранаў кіравала Святлана Машкала. На жаль, у XXI стагоддзі паступова сыходзіла са сцэны пакаленне ветэранаў вайны, састаў хору значна абнавіўся, але ранейшым заставалася адданасць творчасці, імкненне даносіць слухачам ідэалы сваіх папярэднікаў.

З 2020-га кіруе хорам Юлія Пропер, якая арыентавана на ўдасканаленне выканаўчага майстэрства, пашырэнне рэпертуару. Змяніўся стыль выступленняў. Сёння хор аб‘ядноўвае творчых людзей «залатога ўзросту», актыўных і няўрымслівых, любячых жыццё, якія імкнуцца перадаць гэтую любоў наступным пакаленням. Аптымізм і прага да жыцця — крэда калектыву.

— Вы, як вясёлка, напаўняеце сэрцы радасцю, пачуццём прыгожага, — звярталася да ўдзельнікаў хору вядучая Ганна Жук.

Нямала віншаванняў гучала ў гэты цудоўны вечар. Намеснік старшыні Пружанскага райвыканкама Руслан Супрыновіч уручыў «Чырвонаму гваздзіку» Грамату раённага выканаўчага камітэта і адзначыў:

— Хор ветэранаў стаў брэндавым для нашага раёна. Я разважаў, чаму людзі з задавальненнем прыходзяць на мерапрыемствы, у якіх вы ўдзельнічаеце, слухаюць вашы песні? Сакрэт просты: у кожную песню вы ўкладваеце часцінку душы, пачуцці, свае перажыванні. Упэўнены, што яшчэ доўгія гады ваш калектыў будзе радаваць не толькі нас, але і жыхароў суседніх рэгіёнаў, суседніх дзяржаў. Даўгалецця хору, даўгалецця кожнаму з вас!

Старшыня савета ветэранаў Уладзімір Яцкевіч узгадаў, што творчы юбілей супаў з дзяржаўным святам, Днём Кастрычніцкай рэвалюцыі.

— Усе мы выхадцы з Кастрычніцкай рэвалюцыі, гэта наша база, — сказаў Уладзімір Аляксандравіч. — Захапляе ваша вернасць выбранаму шляху. Вы збіраецеся не толькі дзеля ўласнага баўлення часу, пасядзелак у цудоўнай кампаніі, але і для іншых — несяце гледачам радасць творчасці. А творчасць павінна быць вечнай!

З двайным святам віншавала хор і дырэктар тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Нэлі Педчанка, якая ўручыла падзяку ад цэнтра. А кіраўнік народнага ансамбля танца «Спадчына» Валянціна Іскаліева прачытала цудоўны верш, прысвечаны пружанскаму хору, які завяршаўся радкамі: «Ведь сердцем бабушки поют. Они — народные певицы». У якасці падарунка ўдзельнікам мерапрыемства і гледачам юныя танцоры «Спадчыны» выканалі «Паланэз».

А на экране змяняліся фотаздымкі розных гадоў, гучалі ўспаміны ўдзельнікаў хору і ўнікальныя запісы — аповеды тых людзей, каго ўжо няма на гэтай зямлі. Слёзы наварочваліся на вочы: здавалася зусім нядаўна тут, на гэтай сцэне стаялі Соф‘я Карпей, Марыя Казловіч, гучаў баян кіраўніка хору «Вербніца» Івана Гвоздзіка… Але такое жыццё. Толькі ведаючы, што такое страты, можна так шчымліва спяваць «Край запаветны, край дарагі, вечна цябе я вітаю!»…

А 40 гадоў для некага гэта сапраўды цэлае жыццё. Пра гэта казала дырэктар Палаца культуры Аксана Кавалевіч.

— Першае мерапрыемства, якое мне даручыў тагачасны дырэктар Васіль Іванавіч Курачынскі, калі я прыйшла на працу, была падрыхтоўка творчага вечара, прысвечанага салістцы хора Марыі Іосіфаўне Казловіч.Так што я ўжо тады акунулася ў гісторыю калектыву, рэпертуар. І сёння за кулісамі ў першай частцы вашага выступлення я плакала. Вы спяваеце душой.

Аксана Вячаславаўна не толькі не пашкадавала добрых слоў, але і ўручыла Дыплом III ступені 16-га рэспубліканскага фестывалю народнай творчасці ветэранскіх калектываў «Не старэюць душой ветэраны». Удзельнікі хору, а таксама акампаніятар Ірына Гарустовіч і кіраўнік Юлія Пропер, атрымалі падзячныя пісьмы ўстановы культуры — за творчасць і актыўную жыццёвую пазіцыю, прапаганду харавых спеваў, патрыятычнае і маральнае выхаванне моладзі.

А напрыканцы прагучала пажаданне, каб зорны час хору працягваўся:

— Вы — як зоркі, а значыць, павінны ззяць і азараць усё навокал!

Ірына Сядова. Фота аўтара

Фотаальбом з ушаноўвання ўдзельнікаў народнага хору ветэранаў «Чырвоны гваздзік»: https://ok.ru/budni/album/950016337032