Воскресенье, 12 января 2025

Хор Крыжаўзвіжанскага храма в. Аранчыцы прывёз Гран-пры з фестываля праваслаўных духоўных спеваў

1 208

На XIX епархіяльным фестывалі праваслаўных духоўных спеваў “Спявайце Богу нашаму, спявайце!”, які адбыўся ў Драгічыне, дыплом Гран-пры заваяваў хор Крыжаўзвіжанскага храма в.Аранчыцы.

Кіраўнік калектыву Кацярына Ідрысава падабрала творы такім чынам, што спевакі змаглі прадэманстраваць свае лепшыя вакальныя дадзеныя.

У выкананні аранчыцкага калектыву прагучалі вядомыя духоўныя спевы “Плоццю заснуў” і “Хто большы за Бога”, народны кант “Як па Божай гары”, а таксама песня “Беражыце любоў”, якія былі вельмі цёпла сустрэты не толькі гасцямі фестывалю, але і членамі журы.

— Вядома, прыемна атрымаць прызнанне публікі і прафесіяналаў, — кажа Кацярына Іванаўна, — але мы ехалі на конкурс не дзеля нейкіх дыпломаў і званняў. Бога трэба славіць проста так! На выступленне нас блаславіў пружанскі благачынны айцец Міхаіл Носка – і па яго малітвах з Божай дапамогай атрымаўся такі поспех.

Усяго ў конкурсе прыняло ўдзел 14 пеўчых калектываў вобласці.

Алена Зялевіч