— Хачу здаць маладой сям’і кватэру. Раскажыце, які ў 2023 годзе памер падаходнага падатку і тэрмін яго выплаты?

На пытанне адказала галоўны дзяржаўны падатковы інспектар упраўлення падаткаабкладання фізічных асоб інспекцыі МПЗ Рэспублікі Беларусь па Пружанскім раёне Алена Сакалоўская.
Які кошт?
З 2023 года вызначаны наступныя памеры ставак падаходнага падатку ў фіксаваных сумах з даходаў, якія атрымліваюць фізічныя асобы ад здачы ўнаём памяшканняў у г. Пружаны, г.п. Ружаны і г. п. Шарашэва (у дужках указаны памеры ставак у іншых населеных пунктах раёна):
—за жылыя памяшканні (за кожны пакой, што здаецца ўнаём), садовыя домікі, дачы — 19,80 руб. (у іншых населеных пунктах — 14,20 руб);
—за здачу металічнага або драўлянага гаража, машына-месца — 5,60 руб. (у іншых населеных пунктах — 4,30 руб.) ;
—за жалезабетонны або цагляны гараж — 7,20 руб. (у іншых населеных пунктах — 5,90 руб.);
— за іншыя нежылыя памяшканні (за 1 кв. метр плошчы) — 4,30 руб. (у іншых населеных пунктах — 2,90 руб.)
А што з тэрмінамі выплаты?
Тэрміны выплаты падаходнага падатку ў фіксаваных сумах і спосабы выплаты сёлета не змяніліся: выплата праводзіцца штомесяц не пазней за 1-е чысло месяца, за які ажыццяўляецца выплата падаходнага падатку.
Калі дагавор заключаецца ўпершыню
Пры заключэнні дагавора арэнды жылых або нежылых памяшканняў, а таксама машына-месцаў упершыню выплата падаходнага падатку ў фіксаваных сумах праводзіцца не пазней за працоўны дзень, наступны за ўказаным у дагаворы тэрмінам фактычнага прадастаўлення ў арэнду памяшкання.

Якім чынам выплачваць падатак?
Выплаціць падаходны падатак у фіксаваных сумах можна праз банкаўскія і паштовыя аддзяленні, указаўшы пры выплаце ўліковы нумар плацельшчыка (УНП).
Яшчэ адзін варыянт — аплаціць падатак праз інтэрнэт-банкінг. Для гэтага ў раздзеле плацяжы АРІП перайдзіце па ўкладцы: падаткі — Брэсцкая вобласць — Пружанскі раён — Пружанскі РВК, фінаддзел — падаходны падатак (квартздача), код плацяжу ў бюджэт 00107 — увядзіце Ваш УНП.
За падрабязнай інфармацыяй звяртайцеся ў інспекцыю МПЗ Рэспублікі Беларусь па Пружанскім раёне (225133, г. Пружаны, вул. Р.Шырмы, 17, каб. № 207, 206) або па тэлефонах: 4-01-07, 4-01-17.
Фота Кацярыны Масік, носіць ілюстрацыйны характар