Среда, 15 января 2025

Хмелевая пара, або як «Магнум-хмель» працуе на вынік

758

Наш раён — адзін з нямногіх на Брэстчыне, дзе, акрамя асноўных відаў сельгаскультур, добра расце хмель. Менавіта гэты рэгіён заснавальнікі фермерскай гаспадаркі «Магнум-хмель» — сям’я Антановічаў з Маларыты — выбралі для пашырэння сваёй асноўнай вытворчасці — вырошчвання хмелю. Як расказвае Андрэй Валер’евіч, адбылося гэта ў 2002 годзе.

Кантроль за ўпакоўваннем прадукцыі, якую робіць К.В.Гурыч, вядзе брыгадзір Г.С.Храпаль

— У той час разам з бацькам шукалі падыходзячыя ўчасткі, вывучалі розныя варыянты, але больш за ўсё пераваг было менавіта ў Пружанскага раёна, бо тут некалі была пабудавана спецыяльная пляцоўка і патрабавалася менш капітала-ўкладанняў для старту,— тлумачыць свой выбар фермер.— І амаль адразу пераканаліся, што зрабілі правільны выбар.

Першасную апрацоўку праводзяць І.В.Тарасюк, С.А.Паўлюковіч і І.І.Шынкарук.

З таго часу мінула амаль 20 гадоў. Сёння структурнае падраздзяленне «Магнум-хмель» на Пружаншчыне па плошчы займае восем гектараў пад хмелевыя палеткі, узведзены вытворчыя аб’екты, набыты абсталяванне, тэхніка, склаўся трывалы калектыў. Дарэчы, у «Магнум-хмелі» пераважна вырошчваюць гатунак уласнай распрацоўкі з аднайменнай назвай.

Як паведамляе брыгадзір Г.С.Храпаль, першая палова восені — самы гарачы перыяд у вырошчванні хмелю. Менавіта ў гэтыя дні ідзе ўборка ўраджаю, а ён у бягучым годзе даволі вялікі. Гэта культура вельмі любіць дажджлівае і цёплае надвор’е: ёй патрэбна нямала сонца і вільгаці для таго, каб узняцца на вышыню 6-7 метраў. І сёлета летнія цёплыя навальніцы вельмі парадавалі пружанскіх хмеляводаў.
— Калі не ўлічваць маладых пасадак, якія яшчэ толькі ўваходзяць у моц, то мы атрымалі ўраджайнасць каля дзвюх тон з гектара,— расказвае Генадзь Сямёнавіч.— А гэта — вельмі добры паказчык.

У агульным аб’ёме чакаецца атрыманне не менш як 10 тон шышак хмелю, якія на месцы праходзяць першасную апрацоўку. Далей ураджай адпраўляецца на асноўную базу ў Маларыту, дзе і размяркоўваецца па пастаянных пакупніках. У асноўным пружанскі хмель ідзе на экспарт у Расійскую Федэрацыю.

Каб своечасова і без страт сабраць атрыманы ўраджай, неабходна дакладна захоўваць агратэхнічныя тэрміны. Пры добрым надвор’і варта затраціць на ўборку не больш за пару тыдняў. Дазваляецца расцягнуць гэты час на яшчэ адзін тыдзень пры дажджах бо моцным ветры.

Так вядзецца ўборка хмелю

Каб паскорыць уборку, у фермерскай гаспадарцы мэтанакіравана механізуюць і аўтаматызуюць увесь працэс. Напрыклад, абрэзку сцёблаў з шышкамі выконвае трактар, абсталяваны спецыяльным механізмам. Потым сыравіна адвозіцца на перапрацоўчы пункт, дзе вядзецца абмалот і падсушванне шышак з далейшым упакоўваннем прадукцыі. Абслугоўваннем гэтага канвеера займаецца сем чалавек разам з брыгадзірам.

Аднак не трэба думаць, што работа тут толькі сезонная. Як зазначае Г.С.Храпаль, занятак ёсць у любы перыяд года. Канец восені, зіму і пачатак вясны займаюць падрыхтоўчыя мерапрыемствы, пачынаючы ад апрацоўкі глебы і заканчваючы вырабам спецыяльных слупоў і іншых прылад.

Хмель — культура дастаткова непатрабавальная, якой неабходны ў асноўным толькі сонца і вільгаць, тым не менш, пасадка — дастаткова працаёмкі працэс. Неабходны і догляд у выглядзе абароны ад захворванняў і шкодных насякомых. Усе гэтыя намаганні ў комплексе працуюць на вынік, які напрыканцы сезона паказвае, наколькі адказна хмеляводы ставяцца да сваіх абавязкаў.

Алег СІДАРЭНКА, Кацярына МАСІК (фота)