Іван Калбышэўскі, сын ганчара з вуліцы Польнай – цяперашняй Фрунзе. Мясцовы хлопец, які не паспеў у сваім жыцці закахацца, ажаніцца, нарадзіць дзяцей, папрацаваць дзеля дабрабыту сям‘і і роднага горада. Яму ішоў шаснаццаты год, калі пачалася вайна, дзевятнаццаты – калі Пружаны вызвалілі ад фашысцкіх захопнікаў. Адразу адчыніў свае дзверы ваенкамат, пачаўся прызыў.
У ліпені 1944-га разам з іншымі землякамі, сябрамі, суседзямі апрануў салдацкую гімнасцёрку і Іван. І паляцелі дадому трохкутнічкі – кароткія запіскі-паведамленні. Уласна кажучы, нічога асабліва цікавага ў радках, напісаных алоўкам, няма. Малады салдат паведамляў бацькам Мікалаю Якаўлевічу і Веры Ільінічне, што 10 жніўня прыбылі ў Маскву на перасыльны пункт, адтуль накіраваліся ў часць, размешчаную ў Кастраме. “15.VIII.1944 года. Добры дзень, бацькі. Я жывы-здаровы, чаго і вам жадаю. Даехаў ужо на сваё месца. Яно знаходзіцца за Масквой у 300 км. Там стаіць наша часць, 1-я кулямётная рота. Пакуль усё, заставайцеся жывымі-здаровымі. Хутка давайце адказ па адрасе, які стаіць на адваротным баку. Пісаў Пеця Войцех: Ваня на заняткі пайшоў”.
Вы таксама ўсміхнуліся наіўнаму пісьму? Дарэчы, чаму гэты Пеця так упэўнена звяртаўся да бацькоў Івана? Таму што добра іх ведаў.
Зыходзячы са спісаў салдат, якія былі складзены на перасыльным пункце пры адпраўцы навабранцаў у 348-ю стралковую дывізію (іх можна знайсці на сайце “Памяць народа”), трапіў у адну часць з Іванам Калбышэўскім не толькі сябар і аднагодак Пётр Войцех з вуліцы Патапаўкі.
Тут знайшлося нямала іншых знаёмых прозвішчаў: Мікалай Талакнянік, Міхаіл Нічыпаровіч, Фёдар Нічыпаровіч, Вячаслаў Шаблоўскі, Іван Капаровіч, Яўген Бурачэўскі, Дзмітрый Кандратовіч, Віталь Лайкевіч… І гэта толькі самы пачатак спіса на многіх старонках.
Па-рознаму склаліся лёсы салдат. Фёдар Лаўрэнцьевіч Нічыпаровіч, напрыклад, годна прайшоў усю вайну, вярнуўся дадому, шмат гадоў жыў і працаваў у Пружанах.
Аднагодак Івана Калбышэўскага і Пятра Войцеха Вячаслаў Антонавіч Шаблоўскі за праяўленыя мужнасць і адвагу атрымаў ордэн Чырвонай Зоркі. Як сведчыць узнагародны ліст: “У баі 24.04.1945 года ў раёне вёскі Ной-Цітаў разлік, у які ён уваходзіў, знішчыў агнявую кропку праціўніка – кулямёт і двух снайпераў. Гэтым самым садзейнічаў наступаючай пяхоце ісці наперад”.
Наступнай узнагародай сяржанта стаў медаль “За ўзяцце Берліна”. Пасля вайны ён таксама вярнуўся ў родны горад, на вуліцу Савецкую. Дарэчы, з такімі ж узнагародамі вярнуўся з вайны і яго старэйшы брат — Валянцін Антонавіч. Ён хаця і ваяваў у іншай часці, але таксама завершыў вайну ў Берліне. Пра гэта распавяла жыхарка Брэста Тамара Барысаўна Жарніцкая, траюрадная пляменніца ветэранаў.
У баях за горад Вартэнбург 24 студзеня 1945 года загінуў яшчэ адзін хлопец з Патапаўкі — Віталь Мікалаевіч Лайкевіч. А сябар Івана Калбышэўскага Пеця – Пётр Ільіч Войцех — загінуў 15 сакавіка 1945 года ва Усходняй Прусіі, пахаваны каля вёскі Шонліндэ.
Што тычыцца самога Івана, то вайсковае жыццё яго было яшчэ больш кароткім. 20.10.1944 года чырвонаармеец прыбыў да месца службы і загінуў, як бачна, у першым жа баі, 22 кастрычніка.
Але пахаванка па нейкіх прычынах так і не прыйшла на вуліцу Польную. Мікалай Якаўлевіч пытаўся ў аднапалчан сына, накіроўваў запыты ў розныя інстанцыі. Але толькі ў студзені 1954 года ў адказ на пісьмо, накіраванае на імя маршала Савецкага Саюза Мікалая Булганіна, Калбышэўскія атрымалі паведамленне: “Ваш сын… загінуў у баі за сацыялістычную радзіму 22 кастрычніка 1944 года, пахаваны ва Усходняй Прусіі”…
Ірына Сядова.