Воскресенье, 6 октября 2024

Хлебаробы ААТ «Жураўлінае» прымалі віншаванні і словы падзякі падчас «Дажынак» (+многа фота)

299

На мінулым тыдні, у пятніцу, прайшлі «Дажынкі» ў ААТ «Жураўлінае». На свяце славілі хлебаробаў гаспадаркі і ўсіх тых, хто стараўся як мага хутчэй і якасней сабраць ураджай. Сімвал працягу жыцця — каравай з сёлетняй мукі — на пачатку ўрачыстасці быў уручаны дырэктару ААТ «Жураўлінае» Аляксандру Пішчу.

Кіраўнік сельгаставарыства адзначыў, што сёлетняя ўборка ў чарговы раз паказала: нашы людзі працавітыя і адказныя, яны ведаюць цану кожнай лустачцы хлеба.

— На сёння мы атрымалі 22447 тон зерня пры ўраджайнасці 57,6 ц/га, якой яшчэ не было ў гісторыі сельгаставарыства. І ўсё дзякуючы нястомнай працы нашых работнікаў, якія не кідаюцца гучнымі словамі, а на справе даказваюць сваю працавітасць і адданасць роднай зямлі, — зазначыў Аляксандр Іванавіч. — На дадзены момант ААТ «Жураўлінае» займае трэцяе месца сярод гаспадарак раёна, што таксама заслуга ўсяго калектыву таварыства. У чарговы раз мы даказалі, што нават непрадказальнае надвор’е не зможа перашкодзіць дасягненню выніку, калі ты сам на гэта настроены, не хочаш здавацца, а праяўляеш настойлівасць і нязломнасць духу.

На сёлетнім жніве, да слова, працавала 16 камбайнавых экіпажаў, кожны з якіх намалаціў тысячу і больш тон зерня. Нагрузка на камбайн складала больш за 300 га. Трынаццаць вадзіцеляў былі задзейнічаны на адвозцы, і задачу сваю выканалі выдатна.

— Жадаю ўсім удзельнікам жніва добрых паказчыкаў у рабоце, моцнага здароўя. Беражыце сябе і помніце, што вы патрэбны і роднай гаспадарцы, і краіне ў цэлым, — звярнуўся да калег Аляксандр Пішч.

Шмат цёплых слоў хлебаробам адрасавалі намеснік дырэктара па раслінаводстве Павел Чэчка і галоўны інжынер Антон Рыбачок. Было адзначана, што сённяшні ўраджай — гэта не мяжа. З такімі працаўнікамі можна смела глядзець у будучыню і разлічваць на яшчэ больш важкі каравай.

І вось ён, самы прыемны момант — ушанаванне працаўнікоў жніва. Першымі на сцэну падымаліся экіпажы камбайнаў, людзі, якія разам з усёй краінай шчыравалі на палетках. Вялікую падзяку выказвалі і вадзіцелям, якія аператыўна адвозілі зерне.

Намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце Зінаіда Усік, выказаўшы падзяку за цяжкую, але такую важную адвечную працу хлебаробаў, уручыла падарункі старшаму камбайнеру Юрыю Неміровічу і камбайнеру Кацярыне Бусько, якія ў апошнія мінуты жніва адолелі двухтысячны рубеж па намалотах, вадзіцелю Мікалаю Тарасевічу, які даставіў па месцы прызначэння тыя ж 2000 тон зярнят.

Дзякавалі за дапамогу і падтрымку жанчынам, якія працавалі на ўборцы: камбайнерамі акрамя Кацярыны Бусько працавалі Анастасія Чопка і Вольга Палішчук.

Нельга было абмінуць і машыністаў ЗСК, якія пазменна на працягу сутак даводзілі да кандыцыі зерне, каб яно добра захоўвалася і ў будучым дало шчодры ўраджай. Адзначылі і тых працаўнікоў сельгаставарыства, якія былі задзейнічаны на прасаванні і вывазцы саломы з палеткаў, спрыяючы тым самым падрыхтоўцы ўжо да азімай сяўбы.

Агульны збожжавы набытак сельгаставарыства напрамую залежаў і ад вагаўшчыкоў, якія падлічылі кожнае зярнятка: нельга ж згубіць ніводнага грама ўраджаю! Аператыўная запраўка тэхнікі на палетках, дзяжурства пажарнага — і гэтая работа ў «Жураўліным» была арганізавана належным чынам. Неацэнны ўклад у ход уборачнай унеслі работнікі сталовай і вадзіцелі, якія своечасова забяспечвалі хлебаробаў гарачым харчаваннем.

Вынік такой зладжанай сумеснай работы не прымусіў сябе чакаць. У знак падзякі за шчырую працу работнікі гаспадаркі прымалі вельмі прыгожыя караваі, букеты кветак і грашовыя прэміі. А ўжо якія былі ў падарунак песні і танцы! Падаецца, усе ўдзельнікі жніва і госці мерапрыемства засталіся задаволенымі святам «Дажынкі», якое наладзіла ААТ «Жураўлінае».

Дзякуй усім працаўнікам вёскі за самаахвярнасць і высокую адказнасць, праяўленую падчас жніва. Мы ж упэўнены, што адданасць земляробчым традыцыям і ў далейшым будзе садзейнічаць росту дабрабыту нашага народа. Дзякуй вам, хлебаробы!

Вадзім Раўнейка. Фота Кацярыны Масік

Фотаальбомы з «Дажынак»: https://vk.com/album-23306785_295941159 і https://ok.ru/budni/album/966879509384