Вторник, 18 марта 2025

Хлеб с ароматом рая. Бабушка Софья поделилась секретом приготовления просфоры

888

Калі бываю ў храме, заўсёды з задавальненнем назіраю, як дзеці, атрымаўшы пасля прычасця па кавалачку просвіркі — а каму пашанцуе, то і па цэлай! — аплятаюць яе з такім апетытам, нібы нічога смачнейшага ў жыцці не елі.
Хто, як і для чаго пячэ гэтыя духмяныя і неверагодна смачныя — з уласнага досведу ведаю! — круглыя літургічныя хлябцы, я даведалася ў адной жанчыны з Бакуноў Велікасельскага сельсавета.
Вось ужо некалькі гадоў жыхарка вёскі Соф’я Кірылаўна Рабая выконвае паслушэнства просвірніцы ў мураўскай царкве ў гонар Казанскай іконы Божай Маці і ў храме святых пакутніц Веры, Надзеі, Любові і маці іх Сафіі ў в.Клятное. Пяць гадоў таму яна прыехала з мужам у Беларусь з Украіны, калі там пачаліся баявыя дзеянні.


— Там — вайна, а тут — дзеці, унукі, мір і спакой, — распавядае просвірніца з прозвішчам, як сама жартуе, “рабы Гасподняй”. — Так, я з веруючай сям’і. З роду хрысціянскага. З маленькіх гадоў хадзіла ў Свята-Міхайлаўскую царкву ў сваім сяле Кусанава (Вінніцкая вобласць). Тата загінуў на фронце ў Чэхаславакіі ў 1945 годзе, маме давялося самой гадаваць трох дзяцей і прывіваць ім веру ў Госпада… Памятаю, як пасля Вадохрышча доўгімі зімовымі вечарамі мама прала і распавядала нам пра Хрыста. Усё ў памяці засталося. Так “парасткі” хрысціянскія ад мамы і пайшлі…
Соф’я вырасла і аднойчы ад настаяцеля храма атрымала бласлаўленне пячы просвіры.
— Ну, і напякла, як умела. Круглых, пухленькіх, з “капялюшыкамі” набакір. “Сафійка, што ты напякла? Булак?” — ажно разгубіўся бацюшка, гледзячы на мае першыя просвіркі-“кулічы”, — з цёплай усмешкай успамінае Соф’я Кірылаўна першую партыю сваіх літургічных хлябцоў.
З гадамі, шляхам выпакутаваных спроб і памылак, жанчына спазнала сакрэты царкоўнага пякарскага майстэрства… Спачатку пякла ў газавай духоўцы, а потым па падказцы больш вопытнай просвірніцы “перайшла” да печы.
— Толькі ў ёй, роднай, і “селі” на месца мае “капялюшыкі”… Слава Богу за ўсё! Што б мы ні рабілі, заўсёды трэба маліцца і прасіць Бога аб дапамозе, інакш нічога не атрымаецца… Ну, пагаварылі, а зараз надышла пара сустракаць мае просвіры! – гаспадыня выслала белай сурвэткай паднос, адкрыла печ – і на маіх вачах на свет з’явілася некалькі дзясяткаў кругленькіх хлябцоў, неверагодны, “райскі” водар якіх разнёсся па ўсім доме. Пакуль я атрымлівала асалоду ад яго і наводзіла фотаапарат, Соф’я Кірылаўна працягвала дзяліцца са мной сакрэтамі “хлебнага” цуду.
Аказваецца, круглая форма просвірак азначае вечнасць, для якой і быў створаны чалавек, а дзве часткі просвіры (аснова і “капялюшык”) сімвалізуюць нябачны падзел існасці чалавека на плоць (мука, соль) і душу (дрожджы і святая вада). Пры гэтым святая вада яшчэ азначае Боскую ласку, а дрожджы — жыва-творную сілу Духа Святога, якая дае жыццё ўсякаму стварэнню.
— Мука, соль, дрожджы і вада? І ніякага цукру? Але пахне ж нейкім ванілінам і ладанам! — не супакойваюся я.
— Гэта мілажаль Гасподняя дапамагае і… працаў-ніцы пчолкі. Так-так. Перш чым выкладваць просвіры на бляху, я змазваю яе васковай свечкай. Дзякуючы ёй просвіркі набываюць непаўторны водар. А яшчэ перад замесам адну дзясятую частку мукі для цеста заварваю кіпенем, з-за чаго яна становіцца салодкай. Пасля таго, як запараная маса астыне, дадаю соль, святую вадзіцу і трохі дрожджаў — з грэцкі арэх на тры літры вады. Усім Гасподзь кіруе, — распавядае жанчына, якая, дарэчы, у дзень выпечкі просвірак, нібы перад літургіяй, нічога не есць, пакуль не дастане іх з печы.
— Ведаеце, просвірка і вадзіца вадохрышчанская — гэта лепшыя лекі ад усіх хвароб. Мяне калісьці турбаваў страўнік, не магла нават ягадкі есці. А стала раніцу пачынаць з кавалачка просвіркі, запіваць вадохрышчанскай вадзіцай — і наладзілася страваванне. Мне 76 гадоў, а я адчуваю сябе здаровай… Аб гаючай сіле вадохрышчанскай вады і просвіркі ведаюць і мае дзеці, і ўнукі. Ды што там казаць! Нават праўнукі імкнуцца ў храм па нядзелях, таму што там, як яны кажуць, даюць “райскі хлебушак”. Дай Бог, каб яго водар яны адчувалі ўсё жыццё…
Алена Зялевіч, фота аўтара.