У Брэсцкім абласным краязнаўчым музеі адбылося адкрыццё выставы «Яны дарылі жыццё ў баі…», прымеркаванай да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Выстава прысвечана мужнасці і самаадданасці медыцынскіх работнікаў, якія ў гады Вялікай Айчыннай вайны ратавалі людзей, рызыкуючы ўласнымі жыццямі.
У стварэнні выставы прынялі ўдзел шэраг дзяржаўных музеяў і арганізацый: Брэсцкі абласны краязнаўчы музей, мемарыяльны комплекс «Брэсцкая крэпасць-герой», РУП «Белфармацыя» і Брэсцкае РУП «Фармацыя», Дзяржаўны архіў Брэсцкай вобласці, краязнаўцы, даследчыкі. Не застаўся ўбаку і музей-сядзіба «Пружанскі палацык».
На выставе паімкнуліся прадставіць сапраўдныя матэрыялы, якія характарызуюць стан медыцыны і фармацэўтыкі ў рэгіёне ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Экспазіцыя расказвае пра подзвіг урачоў Брэсцкага ваеннага шпіталя, які размяшчаўся ў Брэсцкай крэпасці ў пачатковы перыяд вайны, гераізм медыцынскіх работнікаў і фармацэўтаў, што знаходзіліся ў партызанскіх атрадах, працавалі ва ўмовах гітлераўскай акупацыі.
Называліся канкрэтныя імёны. У тым ліку і пружанскага хірурга Уладзіміра Каробкі, які дапамагаў партызанам і мірным жыхарам у перыяд Вялікай Айчыннай вайны.
Уладзімір Ігнатавіч Каробка нарадзіўся ў 1912 годзе ў вёсцы Вялікія Якавічы (тады Пружанскага павета Гродзенскай губерні Расійскай імперыі). У 1934 годзе выдатна скончыў пружанскую гімназію імя А. Міцкевіча, адразу быў прызваны ў польскае войска, праслужыў год і вярнуўся дадому ў званні паручніка, а ў верасні 1935 года паступіў у Віленскі ўніверсітэт.
У 1939 годзе Заходняя Беларусь далучылася да БССР, а Вільня перайшла да Літвы, у выніку чацвёртакурснік Каробка быў пераведзены ў Львоўскі інстытут. Там атрымаў дыплом па спецыяльнасці «ўрач-хірург». Аднак, як і ў шматлікіх іншых выпускнікоў злавеснага 1941-га, выпускны баль не адбыўся. Гітлераўцы акупавалі Львоў у першыя дні вайны, і Валодзя вырашыў вярнуцца на радзіму. Дабраўся да Пружан толькі праз тры тыдні. А дома атрымаў ад нямецкіх акупацыйных уладаў накірунак на работу ў гарадскую бальніцу. У хуткім часе Уладзіміра Ігнатавіча прызначаюць галоўным яе ўрачом.
Нягледзячы на вялікую рызыку, ён лячыў не толькі немцаў: і простых жыхароў горада і наваколля, і цяжкапараненых партызан, якіх атрымлівалася пад чужымі прозвішчамі змясціць у бальніцу. Перадаваў у партызанскія атрады лекі, якія ўдавалася падманным шляхам выпісваць з Германіі.
17 ліпеня 1944 года часці Чырвонай арміі ўвайшлі ў Пружаны. У вызваленых дамах па вуліцы Школьнай (цяпер — Камсамольская) быў арганізаваны шпіталь. Уладзімір Ігнатавіч працаваў і днём, і ўначы, ратуючы жыцці цяжка параненых савецкіх байцоў.
На жаль, стаўленне да тых, хто вымушаны быў заставацца ў акупацыі, пэўны час пасля вайны было негатыўным. У хуткім часе Каробку арыштавалі, але намаганнямі былых партызан у красавіку 1946 го-да ён быў вызвалены і адразу эміграваў за мяжу.
Да апошняга дня Уладзімір Ігнатавіч працаваў у бальніцы ў горадзе Лешна (Заходняя Польшча), дзе заваяваў павагу палякаў як лепшы хірург у акрузе. Памёр у 1977 годзе.
«Пружанскі палацык» змог прадставіць наш рэгіён у дадзеным абласным праекце дзякуючы неабыякавым грамадзянам, сваякам Уладзіміра Ігнатавіча Каробкі. Яны захавалі памяць пра доктара, які нават пад страхам смерці застаўся верным клятве Гіпакрата. Асабістыя рэчы, дзённікі, падручнікі, медыцынскія прылады шмат гадоў захоўваліся ў Галіны Дзмітрыеўны Завіжэнец і яе брата Вячаслава Дзмітрыевіча Літвінчука і былі перададзены ў музей.
У свой час наш зямляк Мікалай Рыгоравіч Сахарук, — гісторык, краязнаўца, актыўна вывучаў тэму медыцыны падчас Вялікай Айчыннай вайны. Напрацоўкі пасля яго смерці сям‘я таксама перадала ў музей.
Выстава ў Брэсце будзе працаваць да 14 ліпеня, а наш музей і далей працягне работу па захаванні гістарычнай памяці пра гераічнае мінулае беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны.
Ангеліна Маруфенка, дырэктар музея-сядзібы «Пружанскі палацык»