Канечне, зімой для працаўнікоў сельгаставарыстваў наступае некаторая палёгка, але гэта не значыць, што людзі могуць цалкам адпачываць. Хто ж будзе карміць жывёлу, прыбіраць на фермах, вывозіць гной на палеткі?
А кожны дбайны гаспадар ведае, што гной — каштоўнае арганічнае ўгнаенне, якое мае ўнікальны састаў і мноства каштоўных уласцівасцей. Арганіка не толькі сілкуе расліны, але і паляпшае структуру глебы, утрымлівае вільгаць у ёй.
Таму і стараюцца гаспадаркі нашага раёна кожны зімовы дзень выкарыстаць з карысцю, як мага больш вывезці гною, каб потым аператыўна яго ўнесці пад сяўбу яравых культур. Хоць актыўна і выкарыстоўваюцца мінеральныя ўгнаенні, але арганічныя ніяк не памяшаюць, а толькі нададуць росту і здароўя раслінам. Што ў сукупнасці дасць спадзяванне на добры ўраджай, як падзяку хлебаробам за іх шчырую і самаадданую працу. У гэтым упэўнены у тым ліку і працаўнікі ААТ «Ружаны-Агра».
Калі ўзяць крыху лічбаў, то аграрыям Пружаншчыны патрэбна нарыхтаваць 926 тыс. тон арганічных угнаенняў пад яравую сяўбу. Ужо на дзень сённяшни, пятніцу, гэтая работа набліжаецца да заканчэння — па факце 855 тыс. тон (92 %).
Што да ўнясення, то восенню здолелі ўнесці 386,8 тыс. тон, што менш запланаванага, таму вясной давядзецца паскорыцца.

У ААТ «Ружаны-Агра» на вывазцы арганічных угнаенняў задзейнічана адно звяно — пагрузчык «Амкадор» і 6-7 адзінак тэхнікі дастаўляюць гной на палеткі. Дарэчы, нарыхтавалі 152 тыс. тон, што складае 88% (план — 172 тыс. тон). І ведаеце, на свае вочы бачылі, як зладжана працуюць на ферме «Бярэзніца», дзе вывозяць арганіку пад яравую сяўбу кукурузы. Кожны ведае сваю справу і, што вельмі важна, не дзеліць работу на важную і другасную. Ды і ў сельскай гаспадарцы ўсё ўзаемазвязана, прапусціш адно звяно ланцужка — і можаш застацца без прыбытку, сам сабе нашкодзіш.
Але тут людзі падабраліся сумленныя, з запалам у вачах і спартыўным інтарэсам быць не апошнімі ў любой справе, імкнуцца толькі наперад. Змаглі вывезці на 02.02.2024 года 143 тыс. тон — 83%. За дзень жа дружнай кампаніяй перавозяць прыблізна 1500 тон. Канечне, тут улічваем і адлегласць дастаўкі, і, зразумела, надвор‘е: з прыродай не паспрачаешся.
Па восені ў ААТ «Ружаны-Агра» паспелі ўнесці 69,2 тыс. тон арганічных угнаенняў пры плане 103 тыс. тон. Нехта можа заўважыць, што да канчатковай планкі не дацягнулі, але трэба ж помніць, што восеньскі перыяд — гэта і ўборка ўраджаю. А ўсяго запланавана ўзбагаціць глебу 172 тыс. тон гною.
Ну, нарыхтавалі, вывезлі і ўнеслі. Што далей? А далей, шаноўныя, нашых працавітых аграрыяў чакаюць усё тыя ж нялёгкія будні, калі зноў і ў каторы раз яны пакажуць усяму свету: толькі мірная і стваральная праца і ёсць заклад спакойнага і шчаслівага жыцця.
Вадзім Раўнейка
Фота Алега Сідарэнкі
