Воскресенье, 20 апреля 2025

Халодны лёд і гарачыя мары фігурысткі Міланы Рамашовай

2 539

Колькі хлопцаў і дзяўчат займалася фігурным катаннем у Лядовым палацы Пружан з моманту яго адкрыцця, сказаць не бяруцца нават трэнеры. Зразумела адно: хтосьці прыходзіў сюды і, не вытрымліваў нагрузак, ламаўся. А хтосьці падымаўся і праз цяжкасці і боль ішоў далей. Крочыў да мары і перамагаў.

Сярод тых, хто не прывык здавацца, — Мілана Рамашова. Сёння імя фігурысткі добра вядома ў спартыўным асяроддзі краіны. Яно і не дзіўна: спартсменка — член нацыянальнай зборнай, паспяхова выступае на турнірах міжнароднага ўзроўню. Паведамленні пра яе перамогі можна прачытаць не толькі на старонках нашай газеты , але і ў рэспубліканскіх СМІ.

Пачыналася ўсё 11 гадоў таму ў суседнім райцэнтры. Чатырохгадовую беразаўчанку паставілі на лёд у тым ліку для таго, каб яна загартавалася і стала радзей хварэць. Ідэя спрацавала, але праз два гады стала зразумела, што фігурнае катанне для дзяўчынкі — гэта нешта большае, чым проста захапленне. Бацькі вырашылі рызыкнуць і аддалі дачку ў ДЮСШ №2 г. Пружаны.

Зараз Мілана ўспамінае, што хвалявання з-за змены месца трэніроўкі не было зусім.

— Праз пэўны час я стала займацца з Вольгай Анатольеўнай Уважанай. З ёй мы столькі ўсяго прайшлі: спаборніцтвы, шматгадзінныя трэніроўкі… Магу сказаць адно: трэнер яна строгі, але вельмі справядлівы, стаўлюся да яе, як да другой мамы, — дзеліцца Мілана.

А яшчэ прызнаецца: калі б не прыклад трэнера, велізарная матывацыя і падтрымка бацькоў, сёння яна наўрад ці стала б шматразовай прызёркай чэмпіянатаў і першынстваў краіны. Уласна, як і не пераехала б у Сочы, дзе сям’я жыве ўжо тры гады, а фігурыстка займаецца пад кіраўніцтвам майстра спорту Расіі, алімпійскага чэмпіёна Аляксея Урманава. Пры гэтым на спаборніцтвах усіх узроўняў Мілана заўсёды прадстаўляе родную Беларусь.

Арыентуецца на праслаўленых спартсменаў. Кажа, што раней яе кумірам была расіянка Аліна Загітава. Калі ж спартсменка завяршыла кар’еру, фігурыстка пільна сочыць за Ганнай Шчарбаковай.
Выступленні вядомых фігурыстаў служаць для Міланы падказкай, які элемент трэба развучыць, чаму надаць асаблівую ўвагу.

Дзяўчына расказвае, што, бадай, самым простым са скачкоў у фігурным катанні з’яўляецца тулуп. Зараз Мілане лёгка даецца элемент пад назвай більман, калі фігурыст паварочваецца на адной назе, другую падымае ўверх і трымаецца за канёк. У планах — развучыць чацвяртны скачок, спробы для гэтага ўжо былі. Што ў марах? Зразумела, паездка на Алімпійскія гульні і іх медаль.

Відаць па ўсім, што Мілана паступова ідзе да сваёй мэты. Летась была на этапах Гран-пры, заняла 12-е месца на юніёрскім чэмпіянаце свету. З апошніх перамог 2021-га — восьмае месца на этапе юніёрскай серыі Гран-пры ў Гданьску і шостае — на спаборніцтвах серыі «Чэленджар» у аўстрыйскім Грацы.

Дарэчы, пра іншыя мары. Фігурыстка вельмі хацела завесці маленькага сабачку. Нядаўна бацькі падарылі дзяўчынцы крэмавага шпіца. Мілана назвала пухнатую сяброўку Монікай не проста так: у гэтым імені хаваецца іншае — Ніка, што абазначае «перамога».

Далейшае жыццё Мілана Рамашова бачыць толькі ў спорце – спачатку ў прафесійных выступленнях, а затым, магчыма, у трэнерскай рабоце і ўдзеле ў розных шоу. Не палохаюць яе траўмы, якія даводзілася атрымліваць ужо не раз. І хоць зараз дзяўчына жыве ў Расіі, прыкладам для яе з’яўляецца «Лепшы трэнер» Вольга Уважаная, а роднай яна лічыць пружанскую школу фігурнага катання.


Тое, што гэты тэрмін «Лепшы трэнер» можна ўжываць смела, пацвердзілі вынікі мінулага сезона: Вольга Уважаная перамагла ў намінацыі «Лепшы трэнер» прэміі «Спартсмен года», якую традыцыйна праводзіць Беларускі саюз канькабежцаў, а яе калега Таццяна Хадаровіч прызнана лепшым харэографам.

Вольга Анатольеўна адзначае, што зараз пад яе кіраўніцтвам займаецца 15 чалавек. Уважаная бярэ да сябе ў каманду тых, у каго ёсць пэўны патэнцыял. Цікава, што сёння ў яе камандзе — дзеці і моладзь з Бярозы, Брэста, Гомеля і Пружан. Але ж апошніх вельмі мала: фігурнае катанне – даволі дарагі від спорту. Тым не менш, магчымасці ў нашым горадзе выдатныя.

Таму хтосьці з падапечных Вольгі Анатольеўны ездзіць у Пружаны штодзень, а кагосьці, перавялі ў СШ №4. Дарэчы, ёсць задума зрабіць на базе гэтай школы інтэрнат для спартсменаў, каб як мага больш будучых спартыўных зорачак магло прыехаць у райцэнтр і трэніравацца тут.

— Самае галоўнае, што нашы дзеці – не канкурэнты, а сябры. Яны ведаюць, што змагацца трэба не з кімсьці, а, у першую чаргу, з самімі сабой. Хочацца верыць, што ва ўсіх іх усё абавязкова
атрымаецца, — кажа Вольга Уважаная на развітанне.

Уладзіслаў Шпарла.Фота Кацярыны Масік