Напрыканцы мінулага тыдня ў інтэрнэт-прасторы з’явілася інфармацыя, што хакейная каманда Пружан, якая складаецца з хлопцаў 2009-2010 гадоў нараджэння, здымаецца з першынства Рэспублікі Беларусь па хакеі з шайбай сярод юнакоў, а спартсменаў, якія не здалі кантрольна-пераводныя нарматывы, адлічваюць са школы. У сувязі з гэтым у розных сацыяльных сетках з’явіліся відэаролікі і розныя матэрыялы, дзе хакеісты і іх бацькі прасілі вярнуць дзяцей у гульню з шайбай і ўключыць спартсменаў у склад удзельнікаў юнацкай лігі сезона 2024/2025.
Каб дасканала разабрацца ва ўсіх абставінах дадзеннай сітуацыі, увечары 26 жніўня быў праведзены экстранны сход кіраўніцтва раёна, СДЮШАР № 2 і ХК «Брэст» з бацькамі дзяцей, якія ўваходзяць у склад каманды. У мерапрыемстве прынялі ўдзел старшыня Пружанскага райвыканкама Міхаіл Грышкевіч, яго намеснік Руслан Супрыновіч, галоўны спецыяліст райвыканкама Вольга Клімук, дырэктар СДЮШАР № 2 Аляксандр Шаманаў, намеснік дырэктара па асноўнай рабоце ХК «Брэст», дырэктар СДЮШАР Аляксандр Запольскі і трэнер ХК «Пружаны-2009» Ілья Ільяшэвіч.
Падчас гадзіннай сустрэчы былі абмеркаваны адразу некалькі пытанняў. Усе прысутныя былі нацэлены на канструктыўную размову, вынікам якой павінен быў стаць здавальняючы зыход для абодвух бакоў.
Першае пытанне, якое хвалявала бацькоў, — гэта нядаўняя інфармацыя аб адлічэнні рабят са спартыўнай школы. Звесткі аказалася памылковымі, пра што гаварылася і ў новым паведамленні ад Федэрацыі хакея Беларусі, у якім было сказана, што ўсе вучні школы, якія атрымалі неабходны медыцынскі дазвол, працягнуць праходзіць спартыўную падрыхтоўку.
У сваю чаргу намеснік дырэктара па асноўнай рабоце ХК «Брэст», дырэктар СДЮШАР Аляксандр Запольскі выступіў з прапановай, што ў выпадку незаяўлення каманды на гэты сезон хлопцы змогуць удзельнічаць у юнацкай лізе за іншыя калектывы.
Аднак бацькі хакеістаў былі рашуча настроены захаваць сваю каманду і зрабіць усё магчымае, каб іх дзеці выступалі ў новым сезоне менавіта за яе. Таму пытанне аб выключэнні ХК «Пружаны-2009» са складу ўдзельнікаў першынства Рэспублікі Беларусь па хакеі з шайбай сярод юнакоў з’яўлялася асабліва важным і цікавіла прысутных больш за ўсё. Па інфармацыі з інтэрнэт-рэсурсаў, асноўнай прычынай, па якой каманду знялі з удзелу, была адсутнасць у заяўцы неабходнай колькасці гульцоў, якіх павінна быць 17, а ў спісе — толькі восем. Але бацькі абверглі гэта паведамленне і сказалі, што склад дружыны дапоўнены гульцамі, узятымі ў арэнду з іншых спартыўных школ, якія таксама маюць усе неабходныя дакументы для ўдзелу ў спаборніцтвах. Вынік гутаркі падвёў старшыня Пружанскага райвыканкама Міхаіл Грышкевіч: «Дзеці павінны займацца хакеем, тым больш у Пружанах створаны для гэтага ўсе ўмовы». У сувязі з тым, што ўсе неабходныя дакументы былі сабраны, а кіраўніцтва школы сумесна з бацькамі дало абяцанне, што да вечара аўторка ў заяўцы будзе больш за 17 чалавек з неабходным пакетам дакументаў, Міхаіл Міхайлавіч прапанаваў накіраваць дадзеныя ў Федэрацыю хакея Беларусі.
У выніку ўжо ў сераду з раніцы на сайце Федэрацыі хакея Беларусі з’явіўся каляндар гульняў першынства Рэспублікі Беларусь па хакеі з шайбай сярод юнакоў на сёлетні сезон, у якім знайшлося месца і нашай камандзе! Так, cвае першыя матчы ў сезоне ХК «Пружаны-2009» правядзе на выездзе 7 і 8 верасня супраць «Дынама Джуніверс-1-2011». Першыя хатнія гульні ў Лядовым палацы Пружан запланаваны на 14 і 15 верасня з камандай «Юнацтва-1-2011».
Усё неабходнае для ўдзелу ў спаборніцтвах зроблена — зараз справа за вамі, нашы хакейныя надзеі. Спадзяёмся, што ўсе гэтыя непаразуменні вакол дадзенай сітуацыі не адаб’юцца негатыўным чынам на настроі гульцоў каманды, а наадварот — толькі нададуць спартыўнай злосці, якая дапаможа паказаць яркі хакей і добры вынік. А ўсіх аматараў спорту запрашаем на матчы ХК «Пружаны-2009». Хлопцы маюць патрэбу ў вашай падтрымцы!
Руслан Басак