Четверг, 13 февраля 2025

«Хай працуюць тыя, каму гэта трэба»

690

Штомесяц праводзіцца пасяджэнне камісіі райвыканкама па садзейнічанні занятасці асобам, якія вярнуліся з месцаў пазбаўлення волі. Як зазначыў намеснік старшыні райвыканкама Руслан Супрыновіч, які курыруе гэту работу, не сакрэт, што такая сацыялізацыя грамадзян, якія аднойчы пайшлі насуперак грамадству, вельмі неабходна.

— Незанятасць у наш час немагчыма апрыёры,— сцвярджае Руслан Васільевіч.— У любым выпадку нечым гэтыя людзі будуць займацца: ці працаваць, ці красці. Зразумела, што ў апошнім выпадку яны прычыняць шкоду навакольным, а самі зноў вернуцца «за краты».

Вось толькі вынікі работы вышэйзгаданай камісіі пакуль нельга назваць станоўчымі. А адбываецца гэта па аб’ектыўных прычынах, пра якія пагаворым падрабязней.

Заключнае ў 2024 годзе пасяджэнне камісіі прайшло на базе райаддзела міліцыі. На сустрэчу былі выкліканы грамадзяне, якія вярнуліся з месцаў адбыцця пакарання за розныя крымінальныя правапарушэнні, але на волі ўсё роўна застаюцца беспрацоўнымі. Дакладней кажучы, яны не атрымалі такі афіцыйны статус, а па ўласнай волі не працаўладкоўваюцца. Што ім перашкаджае? Менавіта такое пытанне справядліва задавалі ўсім. Паводле інфармацыі аддзела занятасці ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне, працяглы перыяд існуе сітуацыя з недахопам кадраў на раённым рынку працы. Работнікі патрэбны не толькі ў сельскай гаспадарцы, але і прамысловым прадпрыемствам, бюджэтным арганізацыям. Калі падыходзіць юрыдычна, то кожнаму саіскальніку служба занятасці зможа прапанаваць да дзясятка вакансій. А вось фактычна…

У кожнага беспрацоўнага вельмі высокія патрабаванні, часта нічым неабгрунтаваныя. У чым можна пераканацца па тых анкетах, што яны запаўняюць для садзейнічання ў пошуку работы:

— Адукацыя — няма.
— Вопыт работы — няма.
— Апошняе працоўнае месца — не памятаю.
— Прыцягальныя віды дзейнасці — няма.
— Узровень зарплаты — самы высокі.

А яшчэ гэта заўважна па іх рэакцыі на прапановы падчас сустрэч з членамі камісіі па садзейнічанні занятасці. Толькі адзінкі цікавяцца вакансіямі: як працаўладкавацца і што для гэтага трэба. Але і яны амаль што ўсе проста не даходзяць у службу па накіраванні. Або не з’яўляюцца на прадпрыемствах. Дарэчы, нежаданне наймальнікаў звязвацца з падобнымі асобамі таксама аб’ектыўнае: з такімі «кадрамі» больш праблем, чым рэзультатаў. Прагулы, парушэнні працоўнай дысцыпліны, нават крадзяжы маёмасці.

Хаця пераважная большасць выкліканых на пасяджэнні прамым тэкстам гавораць, што работа ім непатрэбна. У іх і так усё добра, вось толькі, як сцвярджае начальнік крымінальна-папраўчай інспекцыі Дзмітрый Фамянюк, у выніку расце колькасць крадзяжоў, прычым нямала рэцыдыўных. Сапраўды, а як зараз жыць без грошай? Абагравацца яшчэ можна, таму што добрасумленныя бацькі пакінулі сваім «дзеткам» у спадчыну трывалыя гаспадаркі з хлявамі, агароджамі. Усё гэта паціху разбіраецца і спальваецца ў печы. А вось прадукты, а больш спіртное, не назапасіш. Застаецца толькі ў каго-небудзь «пазычаць».

Ланцужок «украў-выпіў-турма» і ў наш час застаецца нязменным, аднак ёсць адно важкае адрозненне. Рызыка трапіць «за краты» даўно не палохае нядобрасумленных грамадзян. І сапраўды, што там страшэннага ў турме? Давялося неяк паразмаўляць «па душах» з адным знаёмым, які толькі-толькі вярнуўся з месцаў адбыцця пакарання. У турме ў яго з’явілася звычка смаліць цыгарэты, ды самыя дарагія, якія не дазваляюць сабе і законапаслухмяныя грамадзяне. «На нарах» ён змог паглядзець новыя кінапрэм’еры, на што «на волі» не ва ўсіх хапае часу. У дадатак і мой знаёмы добра харчаваўся, паправіў здароўе, дакладней, палячыў зубы. Адзінае, што яму там не спадабалася, гэта… нудота, таму што час «нічым незаняты» ідзе марудна.

Трэба прызнаць, што наша пенітэнцыярная сістэма патрабуе рэфармавання. Чаму асоба, якая прычыніла шкоду грамадству, адпраўляецца ў «санаторый», па праўдзе кажучы, за кошт пацярпелага? Чаму «за кратамі» больш няма прафілактычнага ўздзеяння? Хаця раней у турме нават можна было прафесію атрымаць. Месцы пазбаўлення волі сталі проста своеасаблівым ізалятарам, даючы суседзям, родным і ўсяму грамадству нейкі час на адпачынак ад асуджанага. Аднак апошні абавязкова вяртаецца без якіх-небудзь змен у поглядах на свой лад жыцця. І гэта аксіёма, якая становіцца аб’ектыўнай прычынай для перашкоды рабоце той жа камісіі па садзейнічанні занятасці. Дадатковым доказам можа быць «паслужны спіс» такіх грамадзян, дзе адна судзімасць ідзе літаральна за наступнай, з разрывам у 1-2 месяцы. А яшчэ статыстыка рэцыдыўнай злачыннасці, якая ў цэлым па рэспубліцы толькі расце.

Беларускае грамадства ганарыцца сваёй гуманнасцю, талерантнасцю. Але гэтыя якасці некаторыя грамадзяне ўспрымаюць як… слабасць. З улікам апісанай сітуацыі, а таксама трывожных перспектыў на будучае аспрэчыць такое стаўленне становіцца вельмі складана.

Алег СІДАРЭНКА