Вторник, 29 апреля 2025

Хацела — у дальнабольйшчыкі, а стала вадзіцелем таксі! Пружанка Ірына расказала пра цікавую і ў той жа час складаную работу

886

Больш за 100 гадоў людзі розных краін карыстаюцца такім сэрвісам, як таксі. Звыклыя «шашачкі» зараз можна ўбачыць не толькі на аўтамабілях, але нават і на самалётах. З’явілася і нямала крылатых выказванняў, накшталт «Нашы людзі ў булачную на таксі не ездзяць». Хаця апошняе ўжо і не адпавядае рэчаіснасці, бо цяпер многія карыстаюцца гэтым сэрвісам не толькі для аператыўнай, але і зручнай дастаўкі. У тым ліку і ў магазін.

Сапраўды, за апошнія некалькі гадоў колькасць аўтамабіляў з «шашачкамі» на вуліцах нашага горада істотна павялічылася. Яшчэ пяць гадоў таму таксі ў Пружанах прыцягвала ўвагу прахожых, а цяпер яму не дзівуюцца і жыхары аддаленых вёсак. Зразумела, сэрвіс прыцягвае ўсё больш работнікаў, ужо нямала пружанцаў такім чынам працаўладкаваліся. Якія ўмовы работы таксіста? Як ім стаць? Ці ёсць перавагі і якія перашкоды чакаюць? На гэтыя пытанні «Аўтабудняў» пагадзілася адказаць жыхарка раёна Ірына, якая ўжо год водзіць таксі.

— Адразу папраўлю і вас, і чытачоў «раёнкі», якія называюць нас таксістамі. У рэчаіснасці такой прафесіі няма, ёсць вадзіцель таксі, — зазначае жанчына.

Ірына — вадзіцель з вялікім стажам, таму, калі вырашыла змяніць прафесію, задумалася над выбарам спецыяльнасці, якая была б звязана менавіта з ваджэннем аўто. Спачатку меркавала пайсці ў дальнабойшчыкі, але там патрэбна прайсці даволі сур’ёзныя папярэднія іспыты. А вось вадзіцелем таксі стаць значна прасцей. І, як потым высветлілася, адначасова складана.

— Не ўсе кандыдаты вытрымліваюць нават першы месяц. Тут жа трэба не толькі вадзіць аўтамабіль на ўзроўні майстра, але і ўмець кантактаваць з людзьмі. А кожны кліент, відавочна, мае свае патрабаванні. Адзін жадае пагаварыць, другі — маўчыць увесь маршрут, трэці не супраць музыкі, чацвёртага менавіта гэта мелодыя раздражняе. Не так пахне ў салоне, не з той хуткасцю едзе машына… Трэба мець вялікае цярпенне.

Як расказвае Ірына, ёсць два спосабы стаць вадзіцелем таксі. Калі ёсць свой транспарт, то пытанне аб найме вырашаецца хутка. Некаторым выдаецца аўтамабіль, але пасля правядзення адпаведных анкетаванняў і выпрабаванняў. Арыентавацца на маршруце цяпер проста, мабільных дадаткаў з навігацыяй хапае. Безумоўна, таксама трэба ўмець і самастойна арыентавацца, бо электронныя карты не заўсёды дакладныя, але такое бывае зрэдку.

Гэта толькі тэхнічны бок дадзенай прафесіі. А вось спажывецкі патрабуе ад вадзіцеля таксі літаральна жалезнай вытрымкі і ўмення хутка рэагаваць на розныя сітуацыі. Дзень на дзень не падобныя.

— Часцей за ўсё сустракаюцца ветлівыя кліенты, найбольш падабаецца вазіць школьнікаў і студэнтаў. Напрыклад, у горадзе ёсць шматдзетная сям’я, бацькі якой часта карыстаюцца нашымі паслугамі для падвозу дзяцей. І яны мяне адразу пазнаюць: «Як добра, што цётка Іра прыехала на выклік».

Зрэдку бывае і наадварот, калі пасажыр нападпітку або яго настрой дагэтуль нешта сапсавала. Можна натрапіць на грубасць, хамскія паводзіны. Некаторыя адмаўляюцца разлічвацца. У апошніх выпадках выклікаюцца супрацоўнікі міліцыі. І трэба сказаць, што праваахоўнікі ніколі не адмаўлялі ў дапамозе. Здараюцца і небяспечныя моманты, асабліва ў паездцы з нецвярозымі кліентамі. Як успамінае Ірына, аднойчы ў тры гадзіны ночы падвозіла двух пасажыраў з Гараднян у Пружаны. Абодва былі нецвярозыя, літаральна праз некалькі кіламетраў яны давялі жанчыну да істэрыкі.

— Я спынілася на палявой дарозе і патрабавала пакінуць аўто. Яны сталі пагражаць мне…

У вадзіцеляў таксі ёсць свая суполка, куды можна кінуць просьбу аб дапамозе. Што Ірына і зрабіла: хутка прыехала падтрымка, якая «пераканала» грубіянаў у няправільнасці паводзін. Дарэчы, не ўсіх кліентаў вадзіцелі таксі абавязаны прымаць. Калі пасажыр не выклікае даверу, моцна п’яны, неахайна выглядае, то можа атрымаць адмову.

Карыстаючыся момантам, задаю субяседніцы некалькі пытанняў нашых чытачоў.

— Чаму настолькі адчувальная розніца паміж тарыфамі розных аператараў таксі?
— Па логіцы разлікі складаюцца, зыходзячы з выдаткаў, амартызацыі транспартных сродкаў, сацыяльных гарантый работнікам і заробкаў. Ну і зразумела, прыбыткаў. А вось мабільны дадатак вядзе іншую цанавую палітыку. Здараецца, што ён даплачвае вадзіцелям, якія пагаджаюцца выконваць «танныя» заказы.

— З-за нізкіх цэн і вялікага попыту здараецца, што таксі не даступна для выкліку?
— Прычын для такіх сітуацый маса, пачынаючы ад вялікага ажыятажу ў асобныя «гадзіны пік» і заканчваючы раптоўнай паломкай тэхнікі, дрэнным самаадчуваннем, аварыйным здарэннем і іншымі. Таму заклікаю заказчыкаў таксама мець разуменне і памяркоўнасць.

— Пасля заказанай праз мабільны дадатак паездкі прыходзяць паведамленні з просьбай паставіць адзнаку вадзіцелю таксі. Для чаго вядзецца такі «дзённік»?
— На першы погляд, гэта звычайны рэйтынг, з дапамогай якога пасажыр па колькасці «зорачак» можа выбраць найбольш шануемага вадзіцеля. Але ёсць і больш спецыялізаваная асаблівасць. Напрыклад, сістэма пры выбары кандыдата на атрыманне чарговага заказу будзе выбіраць таго, хто мае больш станоўчых водгукаў. Таму, калі вам спадабалася паездка, то не палянуйцеся паставіць лішнюю «зорачку» вадзіцелю таксі.

Алег Сідарэнка. Фота Кацярыны Масік