Вельмі няпростым было ў міжваенны перыяд становішча сялян, якія складалі значную большасць працоўнага насельніцтва Пружаншчыны. Значна паўплывалі на збядненне людзей першая сусветная і расійска-польскія войны, якія цягнуліся без малога дзесяцігоддзе. А калі заходнія тэрыторыі адышлі да Польшчы, з‘явілася яшчэ адна праблема: зямля. Польскі ўрад пачаў аддаваць значныя плошчы, пакінутыя расійскімі памешчыкамі, асаднікам — былым вайскоўцам, якія прымалі ўдзел у вайне з Саветамі. Але ж беларускія сяляне ўжо лічылі сябе гаспадарамі гэтых участкаў. Гэтая крыўда плюс вялікія падаткі таксама паспрыялі антыпольскім настроям значнай часткі сялянства.
Адным з тых, хто актыўна ўключыўся ў рэвалюцыйную барацьбу, быў Мікалай Аляксеевіч Стручысты. Ён нарадзіўся ў 1909 г. у в. Харава ў сям’і селяніна. З 1932 г. далучыўся да КПЗБ. Двойчы быў арыштаваны, змешчаны ў турму.

Вось урыўкі з яго ўспамінаў.
«У лютым 1932 г. мяне выклікалі ў цэнтр. Так умоўна называлася тады месца, дзе знаходзіўся падпольны райком КПЗБ, на той момант гэта была в. Сілічы. Там я даведаўся, што кіраўніцтва падпольнай партыйнай арганізацыі вырашыла даручыць мне дастаўку нелегальнай літаратуры з г. Брэста. Мне паведамілі яўкі, паролі і прапанавалі падабраць яшчэ трох чалавек — агентаў па дастаўцы. Імі сталі камсамольцы Сцяпан Новік, Міхаіл Несцяровіч і Аляксандр Дзенісевіч. Праз некалькі дзён я атрымаў з Брэста пісьмо. Яно не выклікала ніякіх падазрэнняў у паліцыі: адзін з маіх «сваякоў» запрашаў чацвёртага сакавіка на вяселле сваёй дачкі. Але нам было зразумела, што ў гэты дзень у Брэсце будуць чакаць нашых таварышаў…
Першы паехаў Міхаіл Несцяровіч і атрымаў сакваяж з нелегальнай літаратурай. Яе неадкладна размеркавалі па пярвічных ячэйках і распаўсюдзілі сярод сялян.
Пасля чарговага выкліку ў сярэдзіне красавіка таго ж года паехаў Аляксандр Дзенісевіч. Спачатку ўсё ішло добра. Ён атрымаў 36 кілаграмаў розных брашур і лістовак і прыбыў з гэтай ношай на аўтобусную станцыю, каб паехаць дадому. Але тут яго затрымала паліцыя. Літаратуру забралі, а Дзенісевіча арыштавалі.
Што толькі ні рабілі работнікі следчага аддзялення з камсамольцам, выпытваючы, хто яго пасылаў па літаратуру і ў каго ён атрымаў яе. 48 гадзін яго катавалі ў спецыяльнай камеры, напоўненай па калена вадой. Звязанага і падвешанага, яго білі да таго часу, пакуль не губляў прытомнасць. Але ўсе намаганні катаў былі дарэмныя. Аляксандр Дзенісевіч не выдаў сваіх таварышаў.
Збіты, у цяжкім стане ён быў кінуты ў турму. Неўзабаве яму быў назначаны суд, на якім камсамолец Дзенісевіч вёў сябе як сапраўдны змагар за справядлівую справу народа.
Польскі суд прыгаварыў патрыёта да шасці гадоў турэмнага зняволення. Але барацьба не сціхала, камсамольцы з яшчэ большай энергіяй і ўпартасцю працягвалі рэвалюцыйную барацьбу, вялі за сабой сельскую моладзь».
Мікалай Стручысты быў сярод тых камсамольцаў, якія ўноч на 1 Мая таго ж 1932 года вывесілі чырвоныя сцягі на бачных месцах Харавы, у тым ліку і на купале царквы.
У 1940-41 гг. Мікалай Стручысты стаў першым старшынёй выканкама Хараўскага сельскага Савета.
Падчас Вялікай Айчыннай вайны быў партызанам-разведчыкам атрада імя С. М. Кірава брыгады імя П. К. Панамарэнкі Брэсцкай вобласці.
Адразу пасля вайны кароткі час працаваў дырэктарам Пружанскага масласырзавода, потым быў старшынёй гарвыканкама, інструктарам Пружанскага райкама КПБ. Пайшоў з жыцця ў 1982 г.