Воскресенье, 18 января 2026

Выязное пасяджэнне прэзідыума раённага Савета дэпутатаў з удзелам Юрыя Наркевіча адбылося на тэрыторыі Мокраўскага сельсавета

649

Сэнс у выраз «здаровая нацыя» закладзены вялікі. І тут не толькі пра здаровае цела, але і здаровыя намеры, душу, погляды на жыццё. Такі лейтматыў быў закладзены ў правядзенне выязнога пасяджэння прэзідыума раённага Савета дэпутатаў, якое ўзначальваў старшыня райсавета дэпутатаў Мікалай Кудравец. Удзел у рабоце пасяджэння прэзідыума прыняў дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Юрый Наркевіч.

Тэма пасяджэння: «Аб выкананні ў Пружанскім раёне мерапрыемстваў па рэалізацыі Дзяржаўнай праграмы «Здароўе народа і дэмаграфічная бяспека» на прыкладзе работы ўстаноў адукацыі, культуры, медыцыны Мокраўскага сельсавета». Чаму выбралі аб’екты сацыяльнай галіны менавіта гэтага сельсавета? Тлумачэнне падчас адкрыцця і ўступнага слова даў Мікалай Кудравец. Было адзначана, што работа, якая наладжана тут па ўзаемадзеянні аб’ектаў сацкультбыту, аховы здароўя, можа служыць добрым прыкладам для іншых. У гэтым мы пераканаліся, калі пабывалі на месцах.

Што пачулі і пабачылі


Першым аб’ектам нашага наведвання стала Мокраўская сярэдняя школа. З яе работай знаёмілі начальнік аддзела па адукацыі райвыканкама Ірына Казарэз і дырэктар вучэбнай установы Алег Бзот. Мы прайшліся па ўтульных, прасторных калідорах школы, наведалі класы. Асабліва зацікавіла работа спартыўных аб’ектаў і школьнай сталовай. Было адзначана, што для развіцця фізкультуры і спорту тут ёсць усе магчымасці — сучасная спартыўная зала, басейн, стадыён з тэнісным кортам, баскетбольнай пляцоўкай. Але каму тут займацца? Усіх вучняў у школе менш за 70 чалавек. Так, у вячэрні час прыходзяць пагуляць і паплаваць у басейне дарослыя, але і тых не так многа. Можна было б прадастаўляць платныя паслугі для дзяцей з суседніх раёнаў. Але, як аказалася, і тут не ўсё так проста. Не буду ўдавацца ў фінансавую кухню, яна не такая і простая, заблытацца можна на раз. Але выйсце трэба шукаць.

У школьнай сталоўцы цікавіліся меню, якім блюдам дзеці аддаюць перавагу. Тут усё не так адназначна. Некаторыя любяць пюрэ з катлетай, салатай, некаторыя з сасіскай. Чамусці неахвотна ядуць рыбу. Можа, трэба памяняць тэхналогію прыгатавання? Аб гэтым жа ішла размова і пазней — у сталовай Кляпацкай школы.

Наступным пунктам было наведванне Мокраўскага фельчарска-акушэрскага пункта. Дарэчы, мясцовы ФАП заняў першае месца па рэспубліцы, а гэта шмат пра што гаворыць. Вольга Пракаповіч — загадчыца Мокраўскім ФАПам — расказала аб тым, як удалося дасягнуць такіх поспехаў. А сакрэт тут просты, трэба самааддана адносіцца да сваёй справы, да кожнага пацыента ставіцца з вялікай павагай, увагай і дабрынёй, быць прафесіяналам сваёй справы. Гэта не так і проста, калі акрамя аказання медыцынскай дапамогі трэба яшчэ запаўняць і немалую колькасць дакументаў, а кампъютара тут няма. Праўда, абяцаюць яго набыць у наступным годзе.

Затым мы пераехалі ў аграгарадок Клепачы — цэнтральную сядзібу ААТ «Жураўлінае». Заўсёды захапляўся гэтым населеным пунктам, які сваёй утульнасцю, парадкам цягне як мінімум на гарадскі пасёлак. Першым аб’ектам нашага наведвання стала Кляпацкая амбулаторыя агульнай практыкі. Аб яе рабоце расказвала памочнік урача амбулаторыі Ала Жукоўская, дапаўняла яе расказ намеснік галоўнага ўрача установы аховы здароўя «Пружанская ЦРБ» Вольга Барысюк. Адзначу, што, нягледзячы на малую колькасць персаналу — а гэта сам урач, яго памочнік і стаматолаг, — установа падобна на паўнавартасную бальніцу, нават ёсць некалькі ложкаў для дзённага стацыянара. Пад час нашага візіту пацыентаў было даволі шмат. Кожнаму тут аказваюць дзейсную дапамогу.

У Кляпацкай сярэдняй школе гідам і добрым расказчыкам была дырэктар установы адукацыі Ірына Рыбакова. Мы даведаліся пра спартыўныя дасягненні вучняў, у большасці пераможцаў у розных відах спартыўных спаборніцтваў — ад лёгкай атлетыкі да плавання. Паглядзелі заняткі па фізкультуры, таксама пабывалі ў вельмі ўтульнай, як міні-кафэ, сталовай. У такім месцы вельмі прыемна харчавацца.

У Кляпацкім сельскім Доме культуры азнаёміліся, як на практыцы праводзіцца работа культустановы ў суполцы з агульнаадукацыйнай школай па фарміраванні здаровага ладу жыцця ў насельніцтва аграгарадка. Пра гэта нам расказвалі начальнік аддзела культуры райвыканкама Канстанцін Панімаш і загадчыца СДК Рыта Святленка. Канстанцін Іванавіч заўважыў, што нават тут не хапае спецыялістаў. Сюды гатовы прыехаць прафесіяналы ў галіне культуры, але ёсць вялікая праблема з жыллём. Гэта і становіцца перашкодай у запаўненні вакантных пасад.

Вынікі выязнога прэзідыума


Пасля прагляду невялікага роліка на тэму здаровага ладу жыцця, акцёрамі якога былі работнікі мясцовага Дома культуры і вучні вясковай школы, удзельнікі выязнога пасяджэння прыступілі да пленарнай работы і заслухалі справаздачы запрошаных спецыялістаў.

Пра работу сельсавета па зніжэнні ўзроўню негатыўных сацыяльных наступстваў ад п‘янства і алкагалізму насельніцтва расказала старшыня Мокраўскага сельвыканкама Вольга Грышкевіч.

Пра выкананне ў Пружанскім раёне мерапрыемстваў па рэалізацыі Дзяржаўнай праграмы «Здароўе народа і дэмаграфічная бяспека» на прыкладзе работы ўстаноў адукацыі Мокраўскага сельсавета дакладвала начальнік аддзела па адукацыі райвыканкама Ірына Казарэз.

Начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Віталій Матвіенка паведаміў пра аднаразовую выплату матэрыяльнай дапамогі сем‘ям да новага навучальнага года. Дарэчы, інтэрвью з Віталіем Іванавічам па выплатах дзяржаўных дапамог насельніцтву, якія праводзіліся і будуць праводзіцца, мы апублікуем у адным з наступных нумароў газеты. Аб гэтым ёсць і пэўнае даручэнне прэзідыума райсавета дэпутатаў.

Начальнік аддзела культуры райвыканкама Канстанцін Панімаш расказаў пра работу ўстаноў культуры, якія працуюць на тэрыторыі Мокраўскага сельсавета па прапагандзе здаровага ладу жыцця.

Аб рабоце медыцынскіх устаноў на тэрыторыі сельсавета азнаёміла намеснік галоўнага ўрача ўстановы аховы здароўя «Пружанская ЦРБ» Вольга Барысюк.

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Юрый Наркевіч падзякаваў за запрашэнне прыняць удзел у рабоце выязнога прэзідыума раённага Савета дэпутатаў.

— Для мяне гэта вельмі важна, — сказаў Юрый Іосіфавіч. — Я хачу ведаць пра тое, як развіваюцца тэрыторыі маёй выбарчай акругі, з якімі праблемамі сутыкаюцца мае выбаршчыкі.

Юрый Наркевіч адзначыў, што тэма, якую разгледзелі, а гэта — здаровы лад жыцця, важная для ўсіх. Таксама ён адзначыў, што база, якую агледзелі, адна з лепшых не толькі ў вобласці, але і ў рэспубліцы.

Галоўны санітарны ўрач раёна Кацярына Папко ўручыла эмблему «Клепачы — здаровы аграгарадок» Вользе Грышкевіч.

Члены прэзідыума раённага Савета дэпутатаў па ўсіх разгледжаных пытаннях прынялі адпаведнае рашэнне.

Віктар Ільюшчанка.

Фота аўтара