Суббота, 23 сентября 2023

Выязная рэдакцыйная «лятучка» прайшла ў Ружанах, на чарзе — іншыя сельсаветы раёна

478

Выязная рэдакцыйная «лятучка» адбылася ў сераду ў Ружанскім сельвыканкаме.

На сустрэчу з галоўным рэдактарам «Раённых будняў» Віктарам Ільюшчанкам і загадчыкамі аддзелаў Ірынай Сядовай, Алегам Сідарэнкам, Вадзімам Раўнейкам і Уладзіславам Шпарлам сабраліся чытачы і няштатныя карэспандэнты, людзі, нераўнадушныя да праблем сваёй малой радзімы, старасты населеных пунктаў Ружанскага сельсавета. Скажам адразу, што размова была шчырай і зацікаўленай. Журналісты атрымалі нямала падказак па напрамках работы, тэм для публікацый, якія будуць цікавымі жыхарам не толькі Ружаншчыны, але і іншых куткоў раёна.

Старшыня Ружанскага сельвыканкама Аксана Юркоўская прапанавала пачаць гутарку з пытанняў сацыяльна-бытавой сферы. Менавіта такіх, як аказалася, у ружанцаў назбіралася найбольш. І першае месца тут заняло медыцынскае абслугоўванне, дакладней, «кадравы голад» у мясцовай бальніцы. Каб атрымаць больш кампетэнтныя адказы на ўзнятыя пытанні, дамовіліся ў бліжэйшы час апублікаваць у «раёнцы» інтэрв‘ю з галоўным урачом Пружанскай ЦРБ Юрыем Юзько.

Цікавілі ружанскіх актывістаў таксама пытанні добраўпарадкавання пасялковых і вясковых вуліц, падтрымання ў парадку могілак. Адказ на шэраг іх адразу давала Аксана Уладзіміраўна. Меркаванні часам падзяляліся: паралельна з крытыкай пэўных момантаў работы камунальнай і іншых службаў гучалі словы ўдзячнасці людзям, якія шчыра працуюць, каб пасёлак быў чыстым і прыгожым, зручным для яго жыхароў.

Больш падрабязна на пытаннях, зададзеных падчас сустрэчы, мы акцэнтуем увагу ў наступных нумарах газеты. А падобную форму работы з чытачамі працягнем: выязныя «лятучкі» на працягу года будзем праводзіць і ў іншых сельсаветах раёна.

Ірына Сядова. Фота Уладзіслава Шпарлы

Фотаальбом з «лятучкі» ў Ружанах: https://ok.ru/budni/album/955555160200