Понедельник, 2 декабря 2024

Выхаванцы студыі «Ружовая пантэра» занялі першае месца на фестывалі «Калядныя зоркі» ў Брэсце

319

Танец — гэта не толькі прыгожыя рухі пад мілагучную музыку, гэта яшчэ і грунтоўная праца, якую для дасягнення поспехаў трэба праводзіць сістэмна і рэгулярна. Пра гэта дакладна ведаюць выхаванцы студыі сучаснага танца «Ружовая пантэра».

Пружанскія вучні «Ружовай пантэры» прынялі ўдзел у фестывалі «Калядныя зоркі». Як паведаміла кіраўнік танцавальнай студыі Маргарыта Грынёва, фестываль праходзіў у музычным каледжы горада Брэста, шыкоўная сцэна якога пакарылася пружан-скаму дуэту Веры Крачко і Стэфаніі Тарасевіч.

Запальны і яскравы танец дзяўчынак у стылі хіп-хоп выклікаў буру ўражанняў і сапраўдныя авацыі гледачоў. Намаганні юных пружанак не аказаліся дарэмнымі, і старанна падрыхтаваны нумар заняў заслужанае першае месца.

Усяго ж ад пружанскай студыі былі прадстаўлены на конкурс два хіп-хоп дуэты і адно сола. Усе тры нумары занялі першае месца, што сведчыць пра майстэрства педагога і стапрацэнтную зацікаўленасць дзяцей.

Выхаванцы «Ружовай пантэры» захапілі глядацкую залу сваёй харызмай, выразным стылем і нестандартнай харэаграфіяй і атрымалі шмат заслужаных кампліментаў.

— Пераможцы былі ўзнагароджаны медалямі і дыпломамі, якіх, дарэчы, у агульнай скарбонцы студыі ўжо больш за шэсцьдзясят, — адзначыла харэограф.

Юлія Янушка