Роля педагога важная не толькі ў школе, але і ў дзіцячым садку: менавіта ён з’яўляецца яшчэ адным «бацькам», які дае новыя веды, выхоўвае, як неабходна паводзіць сябе ў грамадстве, вучыць павазе ў адносінах да іншых людзей.
Такой «фігурай» з’яўляецца і выхавальнік дашкольнай адукацыі дзіцячага сада № 5 г. Пружаны Юлія Лявоненка.
— Працую ў гэтым дзіцячым садку больш за 30 гадоў. Прыйшла сюды яшчэ ў далёкім 1987 годзе, пасля заканчэння педагагічнага вучылішча. Неўзабаве здзейсніла сваю мару аб вышэйшай адукацыі: у 1993 годзе скончыла Брэсцкі дзяржаўны педагагічны інстытут (цяпер універсітэт) імя А.С. Пушкіна. У далейшым не раз павышала сваю кваліфікацыю, а ў 2018 годзе мне была прысвоена вышэйшая катэгорыя. Таксама з’яўляюся маці і бабуляй. Таму ўсё маё жыццё — гэта дзеці! — расказвае Юлія Аляксандраўна.
Не заўсёды ёсць магчымасць паразмаўляць з чалавекам, які ўсё сваё жыццё працуе ў адной сферы і настолькі адданы сваёй працы. Мая суразмоўца якраз яскравы прыклад таго, як неабходна любіць сваю работу. Па гэтай прычыне Юлія Аляксандраўна падчас гутаркі была ў выдатным настроі, ад яе можна было «зарадзіцца» толькі пазітыўнымі эмоцыямі. Гутарыць з ёй было адно задавальненне.
— На працу іду заўсёды з радасным настроем, бо вельмі яе люблю. Кожную раніцу я сустракаюся з дзецьмі, а яны з’яўляюцца галоўным шчасцем у нашым жыцці. Таму ў мяне ёсць уласны дэвіз, якому стараюся заўсёды адпавядаць: «Усё дрэннае пакідай за варотамі ўстановы, сюды заходзь толькі з дабром». З дзецьмі заўсёды трэба быць сапраўднай, творчай і аддаваць ім часцінку сябе. Наогул выхавальнікам я стала выпадкова: рана страціла маму, давялося быць прыкладам для сваёй малодшай сястры. Таму, напэўна, выбар прафесіі быў відавочны: спачатку стала выхавальніцай для сваёй малодшай сястры, а затым і для іншых дзяцей. Самае цікавае, што мая сястра таксама працуе выхавальніцай у гэтым садку, — адзначыла Юлія Лявоненка.
Апроч работы, Юлія Аляксандраўна любіць чытаць кнігі і працаваць на агародзе. А выхавальнік — гэта яе прызванне.
Руслан Басак. Фота аўтара