Гэта толькі здаецца, што да пасяўной кампаніі-2023 яшчэ далёка. Нават пры самым няўстойлівым і непрадказальным надвор‘і думаць пра будучы ўраджай патрэбна ўжо сёння.
Гаворку вядзём пра падкормку зямельных плошчаў пад яравую сяўбу. У першую чаргу — арганічнымі ўгнаеннямі. Яна часткова выканана восенню, але і на працягу зімовага перыяду вывазка арганікі не спыняецца ні на дзень.
Пад яравую сяўбу ў нашым раёне запланавана вывезці 825 тыс. тон арганічных угнаенняў. На панядзелак бягучага тыдня сельгаспрадпрыемствамі было дастаўлена на палеткі 754 тыс. тоны (92% да плана). Некаторыя гаспадаркі нашага раёна — ААТ «Ліноўскае», «Роўбіцкае», філіял «Аграэнерга Зеляневічы» РУП «Брэстэнерга» і філіял «Айчына» ААТ «Белавежскі» — даведзены план ужо нават перавыканалі. Але ў дадзеным выпадку можна сказаць: гною многа не бывае. Тым больш, што і ў грашовым эквіваленце гэтае ўгнаенне танней за мінеральнае.
На стадыі завяршэння гэты від сельскагаспадарчых работ знаходзіцца і ў ААТ «Жураўлінае». Вялікія зямельныя плошчы — вялікі і план, 144 тыс. тон (больш толькі ў ААТ «Ружаны-Агра» — 155 тыс. тон). Восенню ў гаспадарцы ў шапку не спалі, а паспелі ўнесці 66 тыс. тон арганічных угнаенняў пад яравую сяўбу, што складала 55% да вывезенага. Зараз паказчык складае ўжо 83%. І можна быць упэўненымі, што да асноўных вясенніх работ вывазка арганікі будзе завершана поўнасцю.
На сучасных малочнатаварных комплексах адведзены спецыяльныя месцы для збірання гною, адкуль ён паступова вывозіцца на палеткі, на ўзвышаныя месцы, дзе складваецца ў штабелі па 100-200 тон. Недапушчальна захоўванне гною зімой на палетках у дробных кучах, таму што з яго выпарваецца аміячны азот.
А яшчэ важна пры складзіраванні арганічных угнаенняў захоўваць вызначаную адлегласць да жылых пабудоў — не менш за 200 метраў.
Па словах брыгадзіра вытворчага ўчастка ААТ «Жураўлінае» Мікіты Гразных, усе аспекты захоўвання гною ў гаспадарцы ўлічваюцца ў поўным аб’ёме. Разумеюць аграрыі, што трэба браць у разлік усе магчымасці для дасягнення высокіх ураджаяў. Напрыклад, з МТК «Ляжайка» за дзень адвозіцца 700-800 тон гною, што дазваляе назапасіць яго на прылеглых палетках нават з лішкам.
А калі падумаць, то размова ідзе пра вытворчасць без адходаў. У добрага гаспадара як? Усё спатрэбіцца! А з разважлівасці і рацыянальнасці і складаецца прыбытак.
Вадзім Раўнейка. Фота Кацярыны Масік