Чатыры гады таму Нацыянальны алімпійскі камітэт запусціў свой новы праект пад назвай «Вытокі». Старт фестывалю быў дадзены ў 2021 годзе ў г. Барысаў, які за гэты час стаў самай папулярнай падзеяй у жыцці рэгіёнаў. За тры гады свайго існавання аб гісторыка-культурнай спадчыне райцэнтраў, мясцовых традыцыях, гастранамічных перавагах, таленавітай моладзі і рэгіянальных брэндах даведаліся тысячы гасцей свята з усёй Беларусі. Ён настолькі спадабаўся ўдзельнікам і гледачам, што арганізатарам прыйшлося перагледзець канцэпцыю мерапрыемства і зрабіць яго ў больш пашыраным фармаце.
Разам са спецыялістамі ў галіне турызму і прадстаўнікамі іншых СМІ раніцай 6 чэрвеня мы адправіліся ў г.п. Ружаны. Каб адчуць усю прыгажосць Пружанскага краю, яго гісторыю і культуру, арганізатары падрыхтавалі для нас прэзентацыю маршруту «Жамчужына Пружанскага краю», як гісторыка-культурная спадчына ў развіцці турызму».
У першую чаргу гаворка ідзе аб палацавым комплексе роду Сапегаў — адным з найбуйнейшых магнацкіх рэзідэнцый XVII стагоддзя, закладзеным дзяржаўным, палітычным і ваенным дзеячам ВКЛ Львом Сапегам.
Да гэтага часу абарончы замак уражвае сваёй манументальнасцю. Знаходзячыся на яго тэрыторыі, быццам прасякаешся духам часу і пераносішся ў далёкае мінулае, перажываеш разам з Сапегамі трыумфальныя ўзлёты і падзенні. Комплекс часта называюць беларускім Версалем, таму што ён быў пабудаваны на манер гэтага знакамітага на ўвесь свет французскага палаца. На сённяшні дзень гэта ўнікальны помнік архітэктуры, які трэба ўбачыць на свае вочы, каб самому ўсё адчуць і зразумець.
Далей па маршруце мы адправіліся ў санаторый «Ружанскі», што знаходзіцца ў 52 км ад нашага горада, — вядомую здраўніцу не толькі ў Беларусі, але і далёка за яе межамі. Размешчаная на беразе возера Паперня, яна ўражвае сваёй веліччу не менш за старажытны палац, але ўжо сучасным выглядам.
Новыя карпусы, суперсучасная лячэбная база, трэнажорная зала, басейны, бурштынавы пакой адпачынку, уласны аквапарк… Усяго нават не пералічыць.
Дваровая тэрыторыя санаторыя нагадвае батанічны сад. Разнастайнасць кветак, дэкаратыўных дрэў і хмызнякоў здзіўляе і радуе вока.
Акунуўшыся ў гэтую дзіўную прыгажосць, удыхнуўшы найчысцейшае паветра ружанскай зямлі, хочацца вярнуцца сюды зноў і зноў, напоўніць сябе станоўчымі эмоцыямі і аздаравіцца.
У рамках прэс-тура наша падарожжа працягнулася ў Бярозаўскім лясніцтве Пружанскага лясгаса. Па старым звычаі гасцей сустракалі, як і належыць, з хлебам-соллю. Прайсціся па экалагічнай сцежцы, створанай тут у рамках турмаршруту, перашкодзіў дождж, аднак галоўны ляснічы Дзмітрый Козел расказаў нам аб ідэі яе стварэння. Адпраўным пунктам з’яўляецца музей, створаны работнікамі і жыхарамі Бярозаўкі. У звычайнай вясковай хатцы знаходзіцца ўнікальная экспазіцыя флоры і фаўны рэгіёна, эксклюзіўныя экспанаты з часоў СССР, прадметы побыту мясцовых жыхароў, а таксама дыпломы і граматы знакавых асоб краю.
Экасцежка працягласцю ў 1687 м уключае ў сябе 10 прыпыначных пунктаў. Адзін з іх — гэта паляўнічы комплекс, дзе наведвальнікам паказваюць асновы палявання без прычынення шкоды навакольнаму асяроддзю.
Завяршылася праграма выступленнем фальклорнага калектыву, а таксама пачастункам з традыцыйных страў гэтай мясцовасці.
З прэс-тура мы вярнуліся ў самае сэрца фестывальнага дня — гарадскі парк, адразу трапілі ў свет культуры, навукі, мастацтва, фантазіі… Буйства фарбаў, разнастайнасць выставачных пляцовак, фуд-корты, а галоўнае — радасныя твары гасцей і ўдзельнікаў свята. Непаўторная аўра дабрыні, цяпла і ўтульнасці панавала вечарам у гарадскім парку.
Маштабную выставу-продаж прэзентавала Нацыянальная акадэмія навук Беларусі. На шасці зонах прадстаўлены найноўшыя распрацоўкі ў галіне раслінаводства, харчовай галіне, розных сферах народнай гаспадаркі.
Усю ядомую выставачную прадукцыю можна было пакаштаваць і асабіста пераканацца ў якасці і карысных уласцівасцях прадуктаў.
Гэта была зноў-такі сучаснасць. Але мелася магчымасць пазнаёміцца і з традыцыямі нацыянальнай кухні, пакаштаваць смак страў са спрадвечна-беларускім каларытам. На тэрыторыі музея-сядзібы «Пружанскі палацык» адбылася прэзентацыя ўнікальнай па сваім складзе і паходжанні кнігі «Пружанская кулінарыя: ад вытокаў да сучаснасці». У ёй паўдзельнічалі Прэзідэнт НАК Беларусі Віктар Лукашэнка, старшыня Брэсцкага аблвыканкама Юрый Шулейка, старшыня Пружанскага райвыканкама Міхаіл Грышкевіч, іншыя кіраўнікі вобласці і раёна.
У выданні прадстаўлена 76 рэцэптаў традыцыйных страў нашага раёна, сабраных работнікамі культуры падчас этнаграфічных экспедыцый і запісаных ад непасрэдных носьбітаў кулінарных ведаў, што дайшлі да нашых часоў. Разнастайнасць страў здзівіла нават самых вытанчаных гурманаў.
Паспытаць іх на смак, а таксама набыць кулінарную кнігу можна было адразу пасля афіцыйнай часткі мерапрыемства.
Асабліва папулярным у мінулыя сезоны стаў мастацкі інтэрактыў «стАРТ», арганізаваны галерэяй «АртХаос». Бацькі і педагогі адзначаюць павышаны попыт на падобную лакацыю сярод хлопчыкаў і дзяўчынак. Вось і ў першы дзень фестывалю ўсе жадаючыя сумесна з камандай беларускіх мастакоў завяршылі афармленне пляцоўкі і горак для катання ў новым шматпрофільным скейт-парку.
Як падкрэсліла дырэктар галерэі Лілія Лукашэнка, сёлета колькасць жадаючых паўдзельнічаць у мерапрыемстве перавысіла ўсе чаканні.
— Узяць у рукі пэндзлі і фарбы, стаць часткай маштабнага дзейства і ўбачыць сябе на вялізным мультымедыйным экране ўдалося абсалютна кожнаму. Кожны год мы стараемся прыдумваць усё новыя формы работы і працягваць здзіўляць удзельнікаў праекта, — зазначыла Лілія Валер‘еўна.
Завяршыўся першы дзень кінапаказам фільма «Паддубны», біяграфічнай драмы рэжысёра Глеба Арлова, якая апавядае пра жыццё легендарнага барца, шасціразовага чэмпіёна свету па барацьбе Івана Паддубнага. Гэта аповед пра дзіўны лёс яркага і моцнага чалавека і пра тое, як насуперак усім абставінам ён вяртаецца дадому. Не ў вялікую Расію, а ў сваю маленькую вёску, у свой асабісты домік, без якога ўсё астатняе не мае сэнсу. Фільм уражвае сваёй глыбінёй і маштабам асобы галоўнага героя, у якога несумненна ёсць чаму павучыцца…
Стартавы дзень фестывалю выдаўся больш чым насычаным. Культурна-спартыўныя мерапрыемствы, прэзентацыі, творчыя конкурсы, гульні і забавы далі магчымасць прадэманстраваць свае таленты ўсім без выключэння, атрымаць порцыю выдатнага настрою і пазітыву.
«Вытокі» – усёаб’яднальны фестываль розных пакаленняў. Тут прысутнічае вялікая колькасць моладзі, падлеткаў і дзяцей. Мы бачылі, з якой цікавасцю яны бяруць удзел ва ўсіх мерапрыемствах. Атрымаць зарад бадзёрасці сюды прыходзяць цэлымі сем’ямі. Можна з упэўненасцю казаць: паглядзеўшы на сённяшніх прафесіяналаў, юныя таленты, магчыма, сур’ёзна зацікавяцца спортам і мастацтвам, паставяць сабе новыя мэты і будуць імкліва ісці да іх увасаблення.
Ірына Велясевіч.
Фота Кацярыны Масік
Больш фота глядзіце тут: https://vk.com/album-23306785_302969448 і https://ok.ru/budni/album/979734712200