Выступленне Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі на III саміце «Голас Глабальнага Поўдня»
Паважаны спадар Модзі!
Паважаныя сябры!
Дзякуй за запрашэнне выступіць на трэцім саміце «Голас Глабальнага Поўдня», які ператвараецца ў адзін з буйнейшых форумаў па абмеркаванні пытанняў сучаснага светаўладкавання і будучыні чалавецтва.
Мы аб’яднаны агульнымі мэтамі і падыходамі да вырашэння сусветных праблем. Гэта пабудова шматпалярнага свету, стварэнне сістэмы непадзельнай бяспекі, забеспячэнне ўстойлівага развіцця, умацаванне раўнапраўнага супрацоўніцтва. І самае галоўнае — павышэнне ўзроўню жыцця нашых народаў.
Эпоха заходняга панавання адыходзіць у мінулае. Цэнтр глабальнага прагрэсу, эканамічнай гравітацыі, ды і прыняцця палітычных рашэнняў перамяшчаецца на Поўдзень і Усход. Гэта патрабуе ад нас больш актыўна праяўляць лідарства ў міжнародных справах. Голас Глабальнага Поўдня павінен гучаць на поўную моц і адпавядаць свайму гіганцкаму патэнцыялу.
Апаненты адчуваюць такую ўзрастаючую магутнасць і спрабуюць ёй процідзейнічаць.
Абсалютна мае рацыю Прэм’ер-міністр Індыі, гаворачы, што «большасць глабальных праблем не былі створаны Глабальным Поўднем, але на нас яны ўплываюць больш».
Беларусь гэта добра ведае па сваім уласным вопыце. На працягу шэрага гадоў мы жывём пад незаконнымі, несправядлівымі, варварскімі санкцыямі, якія не толькі аказваюць уздзеянне на нашу краіну, але і згубна ўплываюць на вашы народы.
Так, абмежаванні адносна экспарту беларускіх мінеральных угнаенняў абвастрылі праблемы недахопу прадуктаў харчавання і голаду ў самых бедных краінах.
Захад па-ранейшаму правакуе канфлікты, якія спараджаюць шматмільённыя патокі бежанцаў, а потым цынічна абвінавачвае Глабальны Поўдзень і нас у міграцыйным крызісе. Аднак сапраўдная прычына — у выцягванні рэсурсаў і навязванні краінам, якія сталі на шлях развіцця, сістэмы неэквівалентнага абмену.
Сёння многія рэгіёны скаланаюць войны і канфлікты, каб дагадзіць транснацыянальным карпарацыям небывалыя тэмпы набірае гонка ўзбраенняў. Але без устойлівага міру і вырашэння глабальных супярэчнасцей ніякае развіццё немагчыма.
Менавіта таму Беларусь неаднаразова выступала з мірнымі ініцыятывамі і брала на сябе ролю перагаворнай пляцоўкі па ўрэгуляванні канфліктаў. Мы будзем і ў далейшым няўхільна прадаўжаць гэту работу.
Беларусь нацэлена ўносіць уклад ва ўмацаванне Глабальнай Большасці, актыўна ўдзельнічаючы ў міжнародных структурах, якія нас аб’ядноўваюць: у Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, Руху недалучэння, Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва, а таксама БРІКС, партнёрамі якой мы разлічваем стаць у бліжэйшай перспектыве.
Дарагія сябры!
Больш як паўстагоддзя таму пала сусветная сістэма каланіялізму, але гэта не прывяло да рэальнага вызвалення краін так званага трэцяга свету. Каланіяльных краін. Дэ-факта ў многім захоўваецца эканамічная і тэхналагічная залежнасць ад былых метраполій.
Таму галоўны фронт нашай сённяшняй работы — эканоміка як аснова любога суверэнітэту. І менавіта ў эканамічнай сферы нам ёсць што прапанаваць краінам Глабальнага Поўдня.
Мы даўно і актыўна, яшчэ з часоў СССР, супрацоўнічаем з дзяржавамі Азіі, Афрыкі, Лацінскай Амерыкі. Пастаянна аказваем гуманітарную дапамогу краінам, якія маюць у гэтым патрэбу. Аднак нашы магчымасці значна шырэйшыя.
Беларусь — адзін з сусветных лідараў у дасягненні Мэт устойлівага развіцця. Нягледзячы на знешні націск, наша краіна дэманструе высокую ступень стабільнасці і прадаўжае паступальна развівацца.
Як рэспубліка з добра развітымі прамысловасцю, сельскай гаспадаркай, навукай, сістэмай адукацыі мы гатовы прапанаваць Глабальнаму Поўдню прадукты харчавання, прамысловую прадукцыю, тэхналогіі, у тым ліку лічбавыя, перадавыя практыкі ў ахове здароўя, уключаючы тэлемедыцыну, паслугі па падрыхтоўцы кадраў і ў іншых сферах.
У нас ужо ёсць вопыт эфектыўнага садзейнічання прагрэсу шэрага краін Глабальнага Поўдня, іх індустрыялізацыі, павышэнню якасці і ўзроўню жыцця насельніцтва.
У якасці прыкладу можна прывесці Рэспубліку Зімбабвэ, якая з нашай дапамогай паспяхова забяспечвае харчовую бяспеку, развівае сістэму аказання медыцынскай дапамогі і аховы мацярынства і дзяцінства.
Можа, мы далёка ад вас геаграфічна, але заўсёды гатовы быць побач у вырашэнні самых надзённых задач.
Упэўнены, разам мы здольны даць дастойны адказ любым выклікам сучаснасці.
Як сказаў вялікі Махатма Гандзі: «Калі жадаеш, каб свет змяніўся, — сам стань гэтым змяненнем». Упэўнены, што разам мы можам змяніць гэты свет, а голас Глабальнай Большасці — гэта голас нашай агульнай будучыні.
Дзякуй вам за ўвагу.