Четверг, 10 октября 2024

Выступленне Лукашэнкі на патрыятычным форуме «Мы — беларусы!», прысвечаным Дню народнага адзінства

90

Дарагія суайчыннікі!

Сёння 17 верасня – Дзень народнага адзінства. Нашага адзінства, адзінства беларускага народа, сімвалам якога стаў 1939 год – год уз’яднання беларускіх зямель у межах адзінай дзяржавы.

Сам час, час глабальнага перадзелу свету, вярнуў гэту дату ў наш каляндар дзяржаўных свят.

Чым больш мы бачым, як разбураюцца сучасныя дзяржавы, як народы страчваюць радзіму, дом, традыцыі, – тым больш пільна ўглядаемся ў гісторыю роднай зямлі. Зямлі, якая тысячы гадоў таму сустрэла нашых старажытных продкаў суровым кліматам, навучыла трымацца разам, каб выжыць і стаць гаспадаром у сваім доме.

І мы разумеем, што па сутнасці няма новых выклікаў. Няма нечаканых паваротаў у гісторыі. Ёсць забытыя старыя ўрокі і пагрозы. І ёсць абарона — шматвяковы вопыт, які навучыў нас быць разам і ў шчаслівыя, і ў цяжкія часы.

На працягу многіх стагоддзяў беларусы былі адзіным цэлым: калі прымалі хрысціянства; калі трымалі ўдар германскага Тэўтонскага ордэна; калі змагаліся з французскай арміяй Напалеона; калі абаранялі свае веру, мову і культуру; калі ў адзіным парыве з братэрскімі савецкімі народамі стваралі аснову сваёй нацыянальнай дзяржаўнасці, паўставалі на барацьбу з фашысцкай агрэсіяй і адраджалі савецкую краіну з попелу Вялікай Айчыннай вайны.

І калі на абломках Савецкага Саюза пачалі будаваць суверэнную Беларусь.

Нам, беларусам, не трэба расказваць, як важна жыць у міры і згодзе, быць адзінай нацыяй. Жыццё навучыла нас.

І многае могуць расказаць нашы суайчыннікі, народжаныя пад польскай акупацыяй. Тыя, хто ведаюць пра небяспеку страціць Радзіму і адарвацца ад сям’і. Ведаюць, што значыць жыць на роднай зямлі, але быць ізгоем у вачах прывілеяваных суграмадзян на доўгія дзесяцігоддзі.

Яны разумеюць, чаму 17 верасня рэспубліка адзначала Дзень вызвалення працоўных Заходняй Беларусі ад польскіх паноў, ад акупацыі, ад прыгнёту. Як бы ні мянялася назва, яна аб’ектыўна адлюстроўвала сутнасць гэтага свята.

Яшчэ нядаўна мы амаль не ўспаміналі пра той драматычны час — перыяд расчлянення нашай Беларусі папалам! Усё адышло ў цень глабальнай трагедыі Вялікай Айчыннай вайны, Другой сусветнай вайны. Гэта страшная чалавечая бойня перакрыла ўсё.

Гэты час не прынята было ўспамінаць у імя савецка-польскай дружбы, якая, як тады думалі, будзе вечнай.

Мы, беларусы, не кідалі суседзям абвінавачанні, але заўсёды памяталі: як у беларусаў забіралі школы, нашу веру, зямлю, прыродныя рэсурсы; як паміралі нашы продкі без медыцынскай дапамогі; як зневажалі і знішчалі маральна і фізічна ўсіх, хто быў адданы роднай культуры, веры, мове і традыцыям.

Хіба можна забыць, як з гармат палілі па беларускіх вёсках, як білі розгамі беларускіх дзяцей у чужых школах, здзекаваліся з беларусаў, рускіх, украінцаў у польскім канцлагеры ў Бярозе-Картузскай? Гэта ўсё – факты.

Але дзеля дружбы з польскім народам мы пераступілі праз гэты боль.

За Бугам гэта палічылі за слабасць.

Але ўрок вывучаны.

Час паказаў, што наша высакароднае імкненне жыць у міры суседзі не ацанілі. Я не гавару пра польскі народ. Гавару пра эліты – палітыкаў, якія ўсе гэтыя гады прагнуць рэваншу.

Карыстаючыся выпадкам, хачу сказаць літаральна некалькі слоў сваім суседзям, а дакладней — народам суседніх краін: палякам, літоўцам, латышам. Ведайце! Мы не малюем планы ўмяшання ў ваша жыццё. Мы жадаем вам толькі дабра, шчасця і міру!

Але гэты мір сёння настолькі няўстойлівы, што любы неасцярожны рух можа прывесці да вельмі цяжкіх і непапраўных наступстваў. Вельмі не хацелася б, каб нашы землі чарговы раз сталі тэатрам ваенных дзеянняў і зноў былі б знішчаны мільёны нашых грамадзян, як гэта было заўсёды ў гісторыі.

Беларусам чужога не трэба. Пры гэтым памятайце (я звяртаюся да народаў суседніх дзяржаў): у выпадку агрэсіі супраць Беларусі мы не будзем маляваць ніякіх чырвоных, жоўтых, чорных або блакітных, на злобу, ліній! Яна ёсць, гэта лінія – дзяржаўная граніца! І вы ведаеце, што ў нас ёсць чым адказаць. Таму давайце жыць дружна, па-суседску, як гэта было ў лепшыя часы нашай гісторыі.

Але сёння над намі, як і напярэдадні Вялікай Айчыннай, кружаць сцярвятнікі. Кружаць вакол беларускіх, расійскіх і ўкраінскіх зямель. Гатовы хоць з д’яблам заключыць саюз, толькі б заняць больш месца на палітычнай карце свету… «Ад можа да можа».

І хацелі б назаўсёды сцерці з сусветнай гісторыі факты палітычнай ганьбы і маральнага падзення сваіх папярэднікаў. Самі хацелі б забыць, як афіцыйная суседка наша — Польшча — адна з першых прызнала нацысцкі рэйх (гэта факт), падпісала з ім дагавор аб ненападзенні і сакрэтнае пагадненне аб падзеле Чэхаславакіі, як, атрымаўшы частку чужой тэрыторыі, сама была раздаўлена на працягу кароткага часу сваім жа былым саюзнікам. Гэту старонку ў гісторыі ні ў якім разе нельга забываць нашым суседзям.

Засталася б наша суседка на карце свету ў прынцыпе, калі б не савецкія воіны? І калі так, то ў якіх межах?

Такім пытаннем улады нашых суседзяў сёння не задаюцца. І прадаўжаюць знішчаць сляды памяці аб сваіх вызваліцелях.

Але навошта? Іх няма, яны загінулі. Ну, няхай вы не цэніце іх за вызваленне сваіх зямель. Але навошта варушыць старое? Няхай гэта, як ёсць, застанецца. Не. Трэба мячом і каўшом усё перакапаць, узарваць і знішчыць, сцерці з памяці тое лепшае, што было ў гісторыі суседніх дзяржаў.

А мы зноў робім вывады.

Таму сёння, 17 верасня, у дзень пачатку лёсавызначальнага вызваленчага паходу Чырвонай Арміі мы адзначаем адно з самых галоўных дзяржаўных свят – Дзень народнага адзінства. Адзінства, загартаванага ў самаадданай барацьбе за сваю нацыянальную годнасць.

Мы ганарымся непахіснай воляй тых, хто не скарыўся антычалавечаму рэжыму. Тых, хто пайшоў у падполле, вёў вызваленчую партызанскую вайну, супраціўляўся палітыцы насільнай асіміляцыі.

Не было б такога маштабнага ўсенароднага супраціўлення — не было б уз’яднання беларускага народа ў 1939 годзе ў адзінай дзяржаве.

І не было б сучаснай суверэннай Беларусі, калі б не створаныя ўмовы для развіцця нашай нацыі ў сям’і савецкіх народаў.

Мы гэта ведаем. Мы гэта памятаем.

Як тады, так і сёння адзінства для нас… Адзінства для нас – галоўная ўмова захавання і жыцця нашай дзяржавы. А значыць, пытанне выжывання нас як нацыі.

Дзень 17 верасня — гэта адна з трох гістарычных дат разам з 9 Мая (Дзень Перамогі) і 3 ліпеня (Дзень Незалежнасці), якія даюць нам магчымасць азірнуцца ў мінулае, каб моцна трымаць у руках сваю сучаснасць і абараняць будучыню.

Гэтыя даты аб’ядноўваюць нас, сучасных беларусаў, у імкненні абараніць сваю гістарычную памяць у імя міру на роднай зямлі.

Яшчэ раз падкрэсліваю: мы не агрэсары. Наш народ па сутнасці не можа быць агрэсарам. Мы нікому не пагражаем і ніколі не будзем пагражаць. Гэта не наша палітыка. Ды і аб’ектыўна мы нікому не можам пагражаць.

Але сябе абараняць (моцныя мы, слабыя) мы абавязаны. Гэта наша гістарычная роля, нашых пакаленняў, якія жывуць сёння ў Беларусі.

Таму, якія б унутрыпалітычныя падзеі ў нашых суседзяў ні адбываліся, народы (яшчэ раз паўтараю: палякі, літоўцы, латышы, украінцы) павінны разумець: мы самая міралюбная нацыя на зямлі. Ні атамнай зброяй, ні нейкімі падраздзяленнямі, Вагнера і гэтак далей, мы не размахваем і нікому не пагражаем.

Але вы ж памятаеце гісторыю. Мы і тады нікому не пагражалі. Але нас сцерлі фактычна з зямлі. У апошняй вайне мы страцілі кожнага трэцяга. І тады бестурботнасць і самазаспакоенасць адыгралі не апошнюю ролю ў тым, што мы ледзь не страцілі Беларусь. Таму мы гэта памятаем.

Мы вучылі і вучым гісторыю. І мы заўсёды будзем гатовы абараніць нашу айчыну і нашу зямлю!

(Апладысменты)

Звяртаюся сёння да беларусаў. Як Прэзідэнт і Галоўнакамандуючы хачу вас запэўніць: мы не хочам ваяваць і не будзем ваяваць. Ніякай вайны ў сучасных умовах на тэрыторыі Беларусі не будзе, таму што гэта немагчыма!

(Апладысменты)

І калі не дай бог нешта здарыцца, мы ўсе станем Брэсцкай крэпасцю. Мы будзем да апошняга салдата і чалавека-беларуса абараняць сваю зямлю, якая належыць нашым дзецям!

(Апладысменты)

Мы гэта будзем рабіць, як я сказаў, у імя міру на роднай зямлі, у імя Беларусі, якую мы ствараем на фундаменце перамог, дасягненняў, вопыту і памяці нашых гераічных продкаў.

Дарагія беларусы! Жывіце спакойна, не перажывайце, гадуйце дзяцей.

Будзьце заўсёды шчаслівыя, беражыце родную зямлю і сваіх блізкіх!

Са святам, беларусы! З Днём народнага адзінства!

(Апладысменты).

БЕЛТА