Пятница, 17 января 2025

Выставы да 80-годдзя вызвалення Пружаншчыны працуюць у цэнтральнай раённай бібліятэцы імя М. Засіма (+фота)

319

У цэнтральнай раённай бібліятэцы імя Міколы Засіма прайшла прэзентацыя экспазіцыі «Гарачы ліпень 1944 года. Вызваленне Пружан», а таксама адкрыццё выставы «Шлях да Перамогі», якую перадала ў часовае карыстанне прадстаўніцтва «Рассупрацоўніцтва».

Як адзначыў намеснік старшыні райвыканкама Руслан Супрыновіч, адкрыццё выстаў супала з юбілейнай 80-й гадавінай вызвалення Пружанскага раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

— І праз такі працяглы час мы па-ранейшаму памятаем пра тыя страшныя падзеі і шануем памяць пра людзей, якія загінулі за наша мірнае неба. Імкнёмся не проста расказаць, але візуалізаваць памяць. Беларускімі і расійскімі кінематаграфістамі толькі за апошні час створана мноства ўнікальных фільмаў, у якіх паказаны сапраўдныя гісторыі, што адбываліся з нашымі продкамі ў ваенныя гады. Дапамагаюць у гэтай справе і выставы, падобныя гэтай, — сказаў Руслан Васільевіч. І выказаў спадзяванне, што сумесныя праекты з «Рускім Домам» будуць і надалей працягвацца, а супрацоўніцтва паспяхова развівацца.

Выконваючая абавязкі кіраўніка «Рускага Дома» ў г. Брэсце Сафія Пякшава таксама выказала падзяку за супрацоўніцтва.

— Асноўная мэта такіх выстаў — гэта перадача ведаў пра мінулае маладому пакаленню. Наша першачарговая задача — данесці ісціну. Хочацца, каб дзеці, маладыя людзі, якія паглядзяць гэтыя экспазіцыі, змаглі прасякнуцца тымі страшнымі старонкамі гісторыі нашых краін і зрабіць правільныя высновы, — расказала Сафія Юсэфаўна.

А з самімі экспазіцыямі прысутных пазнаёміла дырэктар цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Міколы Засіма Таццяна Гуторкіна. Што тычыцца выставы «Гарачы ліпень 1944 года. Вызваленне Пружан», то тут прадстаўлены кнігі на тэматыку ваенных гадоў і, у прыватнасці, пра падзеі вызвалення нашай краіны. А выстава «Шлях да Перамогі» складаецца з серыі плакатаў ваеннага часу, апрацаваных з дапамогай сучасных тэхналогій. Героі некаторых з іх ажываюць пры навядзенні камеры тэлефона на QR-код. Дзякуючы гэтаму, наведвальнікі могуць візуалізаваць выявы персанажаў.

Саюз трывалага супрацоўніцтва паміж нашай бібліятэкай і прадстаўніцтвам «Рассупрацоўніцтва» быў замацаваны абменам падарункамі. Захавальнікі кніжнага скарбу атрымалі ў падарунак мноства новых друкаваных выданняў, а гасцей парадавалі ў тым ліку і карцінай, выкананай у тэхніцы роспісу па шкле народным майстрам Рэспублікі Беларусь Марыяй Кулецкай.

Руслан Басак.

Фота аўтара

Больш фота тут: https://vk.com/album-23306785_303427093 і https://ok.ru/budni/album/981163746440