Бібліятэкары Ружанскай гарпасялковай бібліятэкі да Міжнароднага жаночага дня наладзілі выставу творчых работ чытачкі бібліятэкі Таццяны Церкасевіч «Вясновы настрой».
На выставе прадстаўлены аплікацыі з саломкі, сурвэткі, звязаныя кручком, карціны «па нумарах» і шмат розных кветак з атласных стужак.
Таццяна Львоўна нарадзілася ў Пружанах. Атрымала адукацыю агранома. Па спецыяльнасці адпрацавала 40 гадоў. Аднак любімая справа яе — гэта рукадзелле.
З юнацкіх гадоў жанчына займалася вышыўкай, вязаннем і саломапляценнем. Некаторы час працавала ў Доме творчасці ў Пружанах. Цяпер Таццяна Львоўна захапілася вырабам кветак і кветкавых кампазіцый.
Жыве рукадзельніца ў Ружанах. Яна з’яўляецца актыўным чытачом нашай бібліятэкі, удзельнікам хору ветэранаў пры цэнтры культуры і вольнага часу.
Віншуем усіх жанчын і запрашаем жыхароў Ружан і гасцей пасёлка ў чытальную залу Ружанскай гарпасялковай бібліятэкі. Там да 20 сакавіка будзе дзейнічаць выстава творчых работ Таццяны Церкасевіч.
Ніна Севасцьянчык, бібліятэкар Ружанскай гарпасялковай бібліятэкі