Прэзентацыя выставы «Святло ікон» адбылася 16 лютага ў музеі-сядзібе «Пружанскі палацык». На ёй прадстаўлена каля 40 спісаў вядомых у хрысціянскім свеце ікон, аўтар якіх — мастачка з Маладзечна Ядвіга Сянько. Выставачнай дзейнасцю Ядвіга Іванаўна займаецца з 2003 года, не ўпершыню дае магчымасць далучыцца да сваёй творчасці і жыхарам нашага раёна. Але на гэты раз наведвальнікаў музея чакаў прыемны сюрпрыз: мастачка сама завітала ў Пружаны.
Ядвіга Сянько — аўтар больш за 2000 твораў хрысціянскай тэматыкі. Гэта не толькі спісы ікон, але і вядомыя біблейскія сюжэты, выявы храмаў.
Выпускніца факультэта выяўленчага мастацтва Маскоўскага інстытута мастацтваў патлумачыла, што асэнсавана далучылася да іканаграфіі чвэрць стагоддзя таму, калі на Беларусі пачалі адраджацца і мацавацца хрысціянскія традыцыі. Пачала са спісаў праваслаўных ікон, на напісанне якіх атрымала блаславенне Філарэта, мітрапаліта Мінскага і Слуцкага, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі, пазней перайшла да каталіцкіх абразоў. У той жа час размежавання паміж імі не робіць: шматлікія выявы Божай Маці, такія як Жыровіцкая, Будслаўская, Чанстахоўская, Вастрабрамская і інш. шануюцца вернікамі абедзвюх канфесіяй.
«Мае выставы вандруюць гадамі»
Ядвіга Іванаўна расказала пра шэраг выставачных праектаў, якія ладзяцца з яе ўдзелам у Беларусі. Адзін з іх, напрыклад, прысвечаны 550-годдзю цудоўнага з‘яўлення Жыровіцкай іконы Божай Маці і 500-годдзю Жыровіцкага манастыра. Работы вандруюць па музеях і храмах гадамі. Выстава «Святло ікон», на думку мастачкі, ужо павінна была завершыць свае падарожжа, але аказалася, што цікавасць да яе пакуль вялікая. Так «спантанна» аказалася ў яна Пружанах, а адсюль паедзе ў Бярозу, Івацэвічы…
Напэўна, адзінае, пра што шкадуе мастачка, гэта немагчымасць на цяперашні час паказаць шырокай публіцы абразы вялікага фармату: перасоўная выстава павінна быць дастаткова мабільнай, зручнай у перавозцы і размяшчэнні.
—Прыемна, што ў нашай краіне многае робіцца па адраджэнні духоўнасці, і добра, што ёсць магчымасць для зносін з гледачамі, аматарамі творчасці, — прызнаецца Ядвіга Сянько. – Я вельмі рада, што трапіла і ў Пружаны, утульныя, непаўторныя.
«Узвесці храм у сваёй душы»
Мастачка з задавальненнем адказала на пытанні прысутных (а наведвальнікамі музея ў гэты дзень сталі людзі розных узростаў: і пажылыя, і зусім юныя), расказала пра крыніцы свайго натхнення.
— Накіраванасць маёй творчасці — падарыць чалавеку надзею на тое, што не толькі прыгажосць, але і дабрыня, міласэрнасць, вера ў Бога выратуюць свет. Святло і дабро, якія ідуць ад ікон, дапамагаюць нам стаць чысцей, навесці парадак у думках. Яны становяцца цаглінкамі пры ўзвядзенні храма ў сваёй душы. А натхненне не заўсёды прыходзіць само па сабе, у першую чаргу, гэта — настрой на працу. Натхненне мастак стварае для сябе сам, калі раніцай усміхаецца сонцу, навакольнаму свету, прапускае праз сябе пачуцце замілавання, улюблёнасці ў будучы твор…
Няхай іконы прыязджаюць да нас!
Святлом і дабром была прасякнута ўся атмасфера прэзентацыі. Ва ўнісон аповядам мастачкі гучалі выступленні дырэктара музея-сядзібы «Пружанскі палацык» Ангеліны Маруфенка, галоўнага захавальніка фондаў Марыны Каўтунюк, протаіерэя Ігара Мрыхіна. Іх дапаўнялі літаральна незямныя спевы вакальнага калектыву настаўнікаў Пружанскай школы мастацтваў імя Р.Р.Шырмы.
На жаль, цудоўная выстава прабудзе ў «Пружанскім палацыку» толькі да 28 лютага. Паспяшайцеся яе паглядзець!
У той жа час Ядвіга Сянько лічыць магчымым у будучым пазнаёміць пружанцаў з іншымі сваімі творамі. Так што, спадзяёмся, да новых сустрэч!
Ірына Сядова. Фота Кацярыны Масік