Вторник, 18 февраля 2025

Выставка открыта! В музее-усадьбе «Пружанский палацык» можно полюбоваться картинами Анатолия Морозюка

1 037

У мінулую пятніцу  ў  музеі-сядзібе “Пружанскі палацык” адбылося  ўрачыстае  адкрыццё  персанальнай  выставы  мастака Анатоля Маразюка.  Выстава “Шлях да сябе” – гэта невялікі экскурс у творчую дзейнасць бярозаўскага жывапісца.

Анатоль Маразюк – асоба вельмі цікавая. Нарадзіўся ў Іванаўскім раёне ў  1951 годзе. Скончыў Брэсцкі інжынерна-будаўнічы інстытут па спецыяльнасці “Архітэктура” і прыехаў жыць у Бярозу, дзе амаль 15 гадоў узначальваў архітэктурную службу раёна. Але талент узяў сваё: сёння жывапіс – сэнс яго жыцця.

На выставе прадстаўлены 24 работы мастака,  кожная з якіх мае вельмі глыбокі сэнс, унутраную глыбіню, што не можа нікога пакінуць абыякавым. З дапамогай  рознакаляровых  фарбаў  мастак нібы  раскрывае  ўсю палітру чалавечых пачуццяў, вядзе  адкрыты дыялог з самім сабою і з гледачом.

Радасць ад адчування прыгажосці роднай прыроды, складаны ўнутраны свет чалавека, успаміны  і роздумы,  вечныя філасофскія тэмы – усё гэта на  палотнах мастака.  Вось, напрыклад, трыпціх “Рэквіем”, для напісання  якога  выкарыстаны  розныя  адценні  чырвонага. Гэта своеасаблівая “размова”  памерлых   з жывымі. У цэнтры  намаляваны музычныя  інструменты, як увасабленне чалавечага таленту.  У самым   версе  – людзі, якія адышлі ў вечнасць, але заўсёды з намі,  і мы, захоўваючы памяць аб іх, павінны вучыцца жыць далей.

Прыемная асалода,  глыбокія ўражанні  і пачуцці застаюцца пасля  сустрэчы з карцінамі Анатоля Маразюка. Упэўнена ў тым, што гэтыя работы  не  згінуць у коле часу, яны будуць заўжды запатрабаваны ў той катэгорыі людзей, якія ў жыцці і мастацтве шукаюць і знаходзяць спрадвечныя каштоўнасці.

Валянціна Нідзелька, навуковы супрацоўнік  музея-сядзібы “Пружанскі палацык”.                                          

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *