Четверг, 25 июля 2024

Выстава жывапісу Лідзіі Малашанка «Нарысы наваколля» адкрылася ў «Пружанскім палацыку»

423

У музеі-сядзібе «Пружанскі палацык» працуе выстава жывапісу Лідзіі Малашанка «Нарысы наваколля».

Лідзія Малашанка — надзвычай таленавітая асоба: мастак, сцэнограф, мастак па касцюмах, пластычны грымёр, выкладчык. Займаецца яна і саломапляценнем, кераміка-скульптурай, папяровай пластыкай, батыкам, праходзіла навучанне ў Міжнароднай школе фларыстыкі «Роза Азора».

Нарадзілася Лідзія ў 1992 годзе ў Мінску. Скончыла Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў, з’яўляецца аспірантам пры акадэміі і працуе там выкладчыкам.

У творчым багажы Лідзіі Малашанка — удзел у пастаноўках Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя М. Горкага, тэатры-студыі кінаакцёра, Карагандзінскім акадэмічным тэатры музычнай камедыі. У Лідзіі мноства задумак, эскізаў і планаў, але, у першую чаргу дзяўчына — тэатральны мастак. У дадзены момант яна працуе над спектаклем «Аліса ў краіне цудаў» у тэатры-студыі кінаакцёра (Мінск) «Нарысы наваколля», прэзентаваныя ў Пружанскім палацыку, — другая персанальная выстава Лідзіі Малашанка. Папярэднічала ёй прэзентацыя тэатральных работ у музеі гісторыі музычнай і тэатральнай культуры ў Мінску.

У музеі-сядзібе «Пружанскі палацык» на выставе «Нарысы наваколля» прапанавана 47 работ у тэхніцы алейнага жывапісу. У сваіх карцінах мастачка дзеліцца ўражаннямі ад падарожжаў па Ісландыі, Іспаніі, Чэхіі, Латвіі, Балгарыі, Турцыі, Нідэрландах, Грэцыі… Работы Лідзіі вучаць любіць прыроду, бачыць яе прыгажосць. Натхненне, імкненні, надзеі і фарбы ярка праяўляюцца, раскрываючы жывы і складаны, часам супярэчлівы свет. Мастачка, якая чэрпае радасць жыцця ў творчасці, марыць пра стварэнне ўласнай серыі скульптур і аксесуараў, пра пастаноўкі на тэатральных сцэнах. Пажадаем Лідзіі натхнення, поспеху, рэалізацыі творчых планаў!

А аматараў мастацтва запрашаем наведаць музей-сядзібу «Пружанскі палацык». Выстава «Нарысы наваколля» будзе працаваць да канца 2022 г.

Арына Сысаляціна, навуковы супрацоўнік музея-сядзібы «Пружанскі палацык»