
Сёння ў музеі-сядзібе «Пружанскі палацык» пачала сваю работу выстава члена Саюза мастакоў Расіі, аднаго з заснавальнікаў аб’яднання мастакоў-беларусаў Балтыі «Маю гонар» Івана Міхайлавіча Чарнякевіча.
Выстава прымеркавана да юбілею мастака, які нарадзіўся 9 красавіка 1955 г. у в. Плябанцы, дзіцячыя гады правёў у г. Пружаны. Скончыў рэспубліканскую школу-інтэрнат па музыцы і выяўленчым мастацтве ў Мінску, затым — Ленінградскае вышэйшае мастацка-прамысловае вучылішча імя В.Мухінай. Там, у Піцеры, і пусціў свае карані.
Іван Чарнякевіч працуе з рознымі матэрыяламі і ў розных тэхніках: алейны жывапіс, габелен, батык і роспіс па шоўку. Мастак актыўна ўдзельнічае ў шматлікіх выставах у Расіі, Італіі, Нідэрландах, Швейцарыі, Эстоніі, Латвіі і Беларусі.
Яго работы знаходзяцца ў беларускім культурным цэнтры г. Сідней (Аўстралія), рускім культурным цэнтры г. Сеул (Паўднёвая Карэя), Ваенна-касмічнай акадэміі імя Мажайскага (г. Санкт-Пецярбург), у прыватных зборах у Расіі, Нідэрландах, Францыі, Італіі, ЗША, калекцыях Дзяржаўнага мастацкага музея Беларусі, музея кнігадрукавання Францыска Скарыны ў Полацку, краязнаўчым музеі Навагрудка, а таксама ў Пружанскім палацыку.
Палотны, якія экспануюцца на выставе, розныя па настроі і эмацыянальным насычэнні. Непаўторны стыль і высокі прафесіяналізм мастака прасочваюцца ў кожнай рабоце.
Усіх, хто хоча бліжэй пазнаёміцца з творчасцю Івана Чарнякевіча, запрашаем наведаць «Выставу трох карцін», якая будзе дзейнічаць да 24 красавіка.
Марына Каўтунюк, галоўны захавальнік фондаў музея-сядзібы «Пружанскі палацык»