
22 мая споўнілася 92 гады з дня нараджэння Мікалая Васільевіча Тарасюка — народнага майстра Рэспублікі Беларусь, лаўрэата спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва. З гэтай нагоды ў Пружанскім палацыку адкрылася выстава «Сялянскае жыццё ў творах Мікалая Тарасюка».
На ёй прадстаўлена 30 кампазіцый майстра, выкананых у тэхніцы разьбы па дрэве. Гэтыя творы — сапраўдная сялянская энцыклапедыя, мастацкі аповед аб чалавеку-гаспадары, які спрадвеку працуе на роднай зямлі, каб працягвалася жыццё.
Цэнтральнае месца на выставе займае некалькі кампазіцый на тэму «Вяселле». Менавіта з вяселля пачынаецца сям‘я, гэта падзея, якая вы-значае стварэнне сваёй гаспадаркі. Побач — «Будоўля хаты». Для гаспадара станавілася найважнейшым клопатам будаўніцтва ўласнага жылля.
Шмат на выставе кампазіцый, у якіх прадстаўлены штодзённыя сялянскія заняткі, — «Ворыва», «Сяўба», «Стог сена»… Селянін апрацоўвае зямлю, каб атрымаць хлеб, які з’яўляецца сэнсам і вынікам яго працы. Таму кампазіцыя «Млынарскі двор» нібы замыкае сабой у адзінае кола ўсе папярэднія кампазіцыі на тэму земляробства.
Асобна на выставе стаяць кампазіцыі, на якіх паказаны віды жаночай працы. Жаночая доля сялянкі — апрацоўка лёну, прадзенне і ткацтва. Усё паказана вельмі дакладна: прылады працы, прыстасаванні, рухі рук. А вось іншыя жаночыя абавязкі: драўляныя жанчыны таўкуць крупы ў ступе, мыюць бялізну, люляюць калыску з немаўлятам, паспяваючы пры гэтым прасці кудзелю.
Не бывае працы без свята, а свята без працы. Выстава не была б завершанай, калі б на ёй не знайшлося месца творам на тэму вясковых святаў і вячорак.
Запрашаем усіх жадаючых пагрузіцца ў незвычайны свет сялянскага жыцця, наведаўшы выставу майстра.
Марына Каўтунюк, галоўны захавальнік музея-сядзібы «Пружанскі палацык»