Суббота, 18 января 2025

Выстава работ мастака і паэта Мошэ Бернштэйна «Дзіцячы погляд з вечнасці» акрылася ў музеі-сядзібе «Пружанскі палацык»

1 302

У музеі-сядзібе «Пружанскі палацык» дзейнічае выстава графічных работ з цыкла «Яўрэйскія дзеці» мастака і паэта Мошэ Бернштэйна. Яе назва — «Дзіцячы погляд з вечнасці» — выдатна адлюстроўвае сэнс малюнкаў. Першае, што заўважаеш, гледзячы на іх, — гэта вочы дзяцей: цёмныя, глыбокія, жывыя… Выстава прымеркавана адразу да некалькіх падзей: Года гістарычнай памяці і памяці ахвяр Халакоста. Азнаёміцца з работамі мастака можна будзе на працягу ўсяго года.

Мошэ Бернштэйн нарадзіўся ў 1920 годзе ў Бярозе ў сям’і артадаксальных яўрэяў. Ужо з ранняга дзяцінства праявіўся яго талент жывапісца і паэта. Асноўны ўплыў на трагедыйную тэматыку яго твораў аказала вайна, ганенні на яўрэяў, — усё тое чалавечае гора, сведкам якога ён быў. І Мошэ стаў веснікам Халакоста. За ўсё сваё творчае жыццё ён не раз удастойваўся імянных прэмій, званняў і медалёў. Яго работы экспанаваліся ў Расіі, ЗША, Францыі, Галандыі, Італіі. У 1999 годзе за «дакументацыю зніклага яўрэйскага свету» мастак атрымаў узнагароду Інстытута вывучэння Халакоста. Памёр Мошэ Бернштэйн у 2006 годзе ў Ізраілі, куды выехаў яшчэ пасля вайны.

Мошэ заўсёды быў самадастатковы ў абранай тэматыцы. Ён адлюстроўваў бытнасць яўрэйскага мястэчка, яго жыхароў. Увекавечыў памяць пра тых, хто загінуў у тыя страшныя гады. У яго палотнах і паэтычных радках чуецца няўцешны боль па блізкіх, ніклых з пакутамі ў агні Халакоста. Любімым матэрыялам мастака была туш. І яго асаблівая манера жывапісу «чорным па белым» асабліва востра прымушае адчуць настальгію і трагедыю твораў. Можна сказаць, што лейтматывам усяго жыцця Мошэ Бернштэйна сталі радкі з яго ўласнага верша: «Я – памінальная свечка яму, спаленаму народу свайму».

У Рэспубліцы Беларусь і сёння даследуюцца факты генацыду. Не абмінула гэтая тэма і Пружанскі раён. На сустрэчы прысутнічалі спецыялісты, якія займаюцца тэмай генацыду беларускага і яўрэйскага насельніцтва Пружаншчыны ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Аляксандр Вярбіцкі, саветнік юстыцыі, пракурор Пружанскага раёна, расказаў пра расследаванне новых фактаў дзейнасці нацыстаў у нашым раёне, адкрытых на працягу 2021 года. Размову працягнула Наталля Пракаповіч, галоўны спецыяліст аддзела культуры Пружанскага райвыканкама, якая вядзе работу па вывучэнні гісторыі Вялікай Айчыннай вайны ў Пружанскім раёне.

Прэзентацыю наведалі вучні прававога класа сярэдняй школы № 5. Дзеці, якія нарадзіліся праз столькі гадоў пасля тых страшных падзей і жывуць у мірнай краіне, глядзелі ў вочы дзяцей з палотнаў, якія з вечнасці нібы малілі і крычалі: «Не дазвольце паўтарыцца таму жаху!»…

Вольга Вадзяновіч. Фота Кацярыны Масік

Больш фотаздымкаў: https://ok.ru/budni/album/935542633096