Пятница, 14 февраля 2025

Выстава па матэрыялах расследавання фактаў генацыду на Пружаншчыне адкрылася ў палацыку

1 374

У музеі-сядзібе «Пружанскі палацык» адкрылася фотадакументальная выстава «Генацыд на Пружаншчыне: па матэрыялах расследавання». На ёй прадстаўлены фатаграфіі з месцаў аглядаў, копіі архіўных дакументаў, успаміны сведкаў, кнігі, артыкулы з друкаваных выданняў і навуковай літаратуры, прадметы з фондаў музея-сядзібы «Пружанскі палацык».

Аднымі з галоўных у нашым мінулым з’яўляюцца падзеі Другой сусветнай вайны. Памятаць пра іх неабходна, гэта найважнейшая частка нашай гісторыі.

У 2021 годзе Генеральная пракуратура Рэспублікі Беларусь узбудзіла крымінальную справу па факце генацыду насельніцтва Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны і ў пасляваенны перыяд. З пачатку расследавання была выяўлена новая інфармацыя аб злачынствах фашысцкіх захопнікаў, у тым ліку і на Пружаншчыне.

Пра вынікі сумеснай работы, якая праводзілася пракуратурай Пружанскага раёна, Пружанскім міжраённым аддзелам Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз і аддзелам культуры райвыканкама, падчас адкрыцця выставы расказалі спецыялісты, якія былі задзейнічаны ў працэсе. Гасцямі мерапрыемства сталі навучэнцы Пружанскага каледжа.

«Праведзена вялікая работа, якая яшчэ не скончана. Падчас расследавання адбыліся выезды на месцы злачынстваў і іх фотафіксацыя, дапрошаны сведкі. З іх дапамогай ўстаноўлены геаграфічныя каардынаты аб’ектаў і складзены карты. Знойдзены дакументы і прааналізаваны публікацыі ў друкаваных выданнях і сродках масавай інфармацыі. На сённяшні дзень удалося ўстанавіць новыя месцы прымусовага ўтрымання ваеннапалонных і іх пахаванняў. Вызначаны 134 спаленыя населеныя пункты, 43 з якіх нанава не адноўлены, раней невядомыя факты знішчэння бандамі мірнага насельніцтва ў пасляваенны перыяд», — адзначыў пракурор Пружанскага раёна Аляксандр Вярбіцкі.

«Ніводнае грамадства не застрахавана ад праяў нецярпімасці і розных перагібаў: рэлігійных, культурных, палітычных. Таму неабходна адстойваць права на павагу годнасці кожнага чалавека, ведаць і памятаць падзеі мінулага, — упэўнена Наталля Пракаповіч, галоўны спецыяліст аддзела культуры райвыканкама. — Як бачыце, мы даведаліся шмат новай інфармацыі пра генацыд беларускага народа на Пружаншчыне. Вядома, работа ў гэтым напрамку не спынена. А выстава дазволіць жыхарам горада і раёна не заставацца ўбаку ад гэтай тэмы».

Пранізлівым і кранальным было выступленне былога малалетняга вязня канцлагера «Азарычы» Соф’і Карпей. Бо мы з вамі можам даведвацца аб тых падзеях з дакументаў, публікацый, кніг, а Соф’я Сяргееўна — жывая сведка тых жахаў, якія адчула на сабе.

Выстава будзе працаваць да чэрвеня і, па магчымасці, папаўняцца новымі фактамі і запісамі.

Вольга Вадзяновіч. Фота Кацярыны Масік

Больш фотаздымкаў: https://ok.ru/budni/album/936929308296